Чытач — Газета — Міністэрства

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Прашу вас растлумачыць некаторыя пытанні, датычныя атэстацыі работнікаў дзіцячых музычных школ. Ці магчыма атрымаць вышэйшую катэгорыю без здачы кваліфікацыйнага экзамену, калі маеш першую катэгорыю больш за дзесяць гадоў? Ці неабходна праходзіць пераатэстацыю, калі другая катэгорыя была атрымана чатыры гады таму? Ці ўплывае на гэта леташняе аб’яднанне адміністрацыйных адзінак? Ці будзе ўлічвацца наяўнасць другой катэгорыі выкладчыка па класе фартэпіяна пры выкладанні, напрыклад, тэарэтычных дысцыплін?

 

 На пытанне адказвае вядучы спецыяліст аддзела навучальных устаноў і працы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль ГАЛАВАН:

 - Згодна з Палажэннем аб атэстацыі педагагічных работнікаў, а таксама Атэстацыі педагагічных работнікаў ва ўстановах культуры, да атэстацыі дапускаюцца педагагічныя работнікі, што маюць адукацыю ў адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі і стаж працы на пасадзе, па якой яны атэстуюцца, два гады, а для першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорый - тры гады з дня надання папярэдняй кваліфікацыйнай катэгорыі.

 Асобам, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, не можа быць нададзена кваліфікацыйная катэгорыя. Наданне кваліфікацыйных катэгорый (другой, першай, вышэйшай) ажыццяўляецца паслядоўна. Форма правядзення кваліфікацыйнага экзамену для педагагічных кадраў сферы культуры залежыць ад спецыфікі той або іншай спецыяльнасці. Ад абавязковай здачы кваліфікацыйнага экзамену на вышэйшую катэгорыю могуць быць вызвалены педагагічныя работнікі, якія маюць стаж працы па першай катэгорыі на адпаведнай пасадзе дзесяць і больш гадоў з дня яе надання.

 Варта адзначыць, што да атэстацыі можа быць дапушчаны толькі той работнік адукацыйнай установы, з якім аформлены і пацверджаны загадам працоўныя адносіны і які ўключаны ў графік праходжання атэстацыі.