Днепр збірае сяброў

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

ХVIII Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” пройдзе 25 — 27 чэрвеня. Сёлета мерапрыемства прысвечана 65-годдзю Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

 

У гэтым годзе ўдзельнікамі фестывалю стануць каля 25 калектываў з Польшчы, Славакіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Украіны, Расіі, Беларусі. Дуброўна чакае больш за 600 гасцей - удзельнікаў мастацкай самадзейнасці.

У пятніцу, 25 чэрвеня, адбудзецца свята "Горад старажытны, вечна малады". У РДК пройдзе канцэрт "Салют салдатам Перамогі" з удзелам лепшых выканаўцаў Віцебшчыны. А каля ДШМ гледачоў чакае дзея "І баль быў дадзены ў Дуброўне...".

Суботнім днём адкрыецца кірмаш рамёстваў. Запланаваны канцэрт пераможцаў конкурсу дзіцячай творчасці "Дняпроўскі салавейка". Увечары распачнецца фестывальны канцэрт-прэзентацыя. Святочныя праграмы прадставяць таксама народны ансамбль народнай песні і музыкі "Крыніца", народная студыя эстраднай песні "Ліра".

27 чэрвеня асноўныя фестывальныя падзеі пройдуць на гарадскім стадыёне. Чакаецца парашутнае шоу, запланаваны аглядавыя палёты на верталёце. На гала-канцэрце выступяць калектывы з васьмі краін свету. Адбудзецца канцэрт зорак беларускай эстрады. Завершыцца фестываль феерверкам.

Кола фестывальных сяброў, як распавядае "К" начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, няўхільна павялічваецца. Вырасла і якасць фестывальных мерапрыемстваў. Калі першыя святы ў Дуброўне ладзіліся з абавязковай метадычна-арганізацыйнай падтрымкай абласных структур, дык сёння з усім фестывальным клопатам паспяхова спраўляецца мясцовы аддзел культуры.