Трыо-фэст у Ноч музыкі

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Да Ночы музеяў мы, здаецца, ужо прызвычаіліся. Цяпер пачнём прывыкаць і да Ночы музыкі. І не адно на “Славянскім базары ў Віцебску”, дзе начныя сольнікі ды гала-канцэрты даўно ўжо сталі завядзёнкай. Першы трыо-фэст сучаснага мастацтва “Ноч музыкі” чакае нас 23 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі.

 

 Размах і сур'ёзнасць свята, падрыхтаванага гэтай канцэртнай установай пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны, можа было ацаніць ужо на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. І хаця арганізатары наўмысна пакінулі штосьці ў якасці сюрпрызаў, "Ноч..." абяцае быць незабыўнай. Яна паяднае музыку, жывапіс і харэаграфію (адсюль і назва: трыо-фэст). А ўдзел у ёй возьмуць творцы не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Польшчы, Італіі, ЗША. Разам сыдуцца розныя эпохі, бо аднымі з галоўных герояў вечарыны стануць Фрыдэрык Шапэн і яго музыка. Вялікага класіка ўвасобіць галоўны дырыжор нашага Дзяржаўнага камернага аркестра Яўген Бушкоў. Побач з ім будуць і Жорж Санд, і нават Мазурка, "у ролі" якой на сцэну выйдзе ініцыятар праекта, кампазітар Ларыса Сімаковіч. Яшчэ адну ролю- Кансуэлы - сыграе ў гэтым музычным спектаклі "Жорж Санд, Мазурка і Шапэн" зорка тэатра і кіно Святлана Зелянкоўская. Яна ж выступіць і вядучай усяго вечара- разам з таямнічым Містэрам Ікс.

Прыхільнікі балета ацэняць нядаўнюю харэаграфічную пастаноўку народнага артыста Расіі, знакамітага танцоўшчыка Вялікага тэатра ў Маскве Уладзіміра Васільева, аматары выяўленчых мастацтваў - ягоныя акварэлі. Сваё майстэрства прадэманструюць амерыканскія музыканты Крысціна Фонг (скрыпка, альт) і Міхаэль Карнацкі (кларнет), выступіць варшаўскі гурт "Zespol Polski", адметнасцю якога з'яўляюцца аўтэнтычныя народныя інструменты.

Ды ўсё ж галоўнай "разыначкай" свята стане "Калыханка да Шапэна" - сумесны твор некалькіх беларускіх кампазітараў, кожны з якіх падрыхтуе сваю частку гэтага музычнага паднашэння генію. Плануецца, што "Калыханка..." пачнецца акурат апоўначы, канчаткова "закалыхваючы" слухачоў.