Аляксандр Лукашэнка: “Фільм сапраўды трымае ў напружанні, ігра бездакорная”

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

17 чэрвеня ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” адбыўся перадпрэм’ерны паказ поўнаметражнага мастацкага фільма “Брэсцкая крэпасць”, у якім прыняў удзел Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Як вядома, фільм гэты зняты па заказе Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” і расійскай кампаніяй “Цэнтрал Партнершып”. “Брэсцкая крэпасць” — першы буйнамаштабны кінапраект, ажыццёўлены ў рамках Саюзнай дзяржавы і прафінансаваны з яе бюджэту ў памеры 225 213,1 тыс. расійскіх рублёў (прыкладна 8 млн. долараў). Практычна ўсе прысутныя на паказе адзначылі высокі мастацкі ўзровень карціны, дасканалую ігру акцёраў і праўдзівасць экраннага аповеду. Прэм’ерны паказ фільма адбудзецца 22 чэрвеня а 2-й гадзіне ночы ў горадзе над Бугам, ля галоўных варот Брэсцкай крэпасці. А ўжо вечарам гэтага дня стужка будзе дэманстравацца ў рамках Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. “Агульнасаюзная” ж прэм’ера запланавана на лістапад, і адбудзецца яна адначасова ў Мінску, Маскве і Санкт-Пецярбургу.

/i/content/pi/cult/271/4186/2-1.jpg

 

 Які ж грамадскі прагляд абыходзіцца без абмеркавання? Жывая гутарка з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, якая разгарнулася ў сценах кінатэатра "Цэнтральны", засведчыла, што фільм не пакінуў абыякавым ніводнага з прысутных у зале.

"Дзяржавы і народы не павінны забываць сваю агульную гісторыю", - такую думку выказаў пасля прагляду фільма Кіраўнік нашай дзяржавы. Ад імя беларускага народа ён падзякаваў аўтарам карціны за тую важную, шчырую і, галоўнае, якасную працу, вынікам якой сталася "Брэсцкая крэпасць". І падкрэсліў, што нельга вымяраць і ацэньваць жыццё толькі з пазіцый прагматызму: "Трэба памятаць пра адно: стасункі паміж дзяржавамі, народамі вымяраюцца не кубаметрамі газу і тонамі нафты, пошліннай або бяспошліннай. Трэба памятаць, што мы разам абаранялі".

"Фільм зроблены вельмі моцна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. І хаця вытворчасць стужкі каштавала немалых грошай, "гэта нішто, - падкрэсліў ён, - у параўнанні з той тэмай, якую ўдалося ўзняць пасля многіх гадоў". Нават нягледзячы на тое, што стваральнікам "Брэсцкай крэпасці" давялося няпроста - сёння, праз няпоўных 70 гадоў, ужо амаль не засталося жывых сведкаў тых жахлівых і гераічных падзей, - ім усё ж удалося шчыра і ярка стварыць вобразы тых людзей - абаронцаў Цытадэлі.

"Сёння, калі некаторыя намагаюцца перагледзець вынікі той Вялікай вайны, - сказаў Ігар Угольнікаў, генеральны дырэктар ТРА Саюза і адзін з прадзюсераў стужкі, - мы павінны вельмі дакладна, з дакументальнай падрабязнасцю перадаць тыя падзеі такімі, якімі яны былі на самой справе. І гэта патрэбна, у першую чаргу, нашым дзецям".

Менавіта падрабязнасць ды праўдзівасць адзначыў і Пётр Кацельнікаў, былы юны абаронца Брэсцкай крэпасці і, па сутнасці, правобраз галоўнага героя Сашы Акімава. Падкрэсліваючы высокі ўзровень мастацкай праўды, Пётр Паўлавіч асабліва вылучыў тое, наколькі падрабязна і праўдзіва зроблена сцэна, у якой жанчын і дзяцей угаворваюць здацца ў палон. Асобныя цёплыя словы прагучалі на адрас гукавой "партытуры" фільма: і выканання вальса "Амурскія хвалі", калі праслухоўвалася кожная нотка, і неверагоднай дакладнасці батальных сцэн з выбухамі, стрэламі, кулямётнымі чэргамі. "Гэта вельмі ярка зафіксавала мая памяць, калі я быў яшчэ юнаком. Але так здарылася, што па службе ў канцы 70-х гадоў я таксама прымаў удзел у баявых дзеяннях, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак у Эфіопіі. І ўсё тое, што я бачыў сёння на экране, прапусціў праз сябе яшчэ раз: у фільме сапраўды сказана ўсё, што можна сказаць пра вайну".

"На самым пачатку работы я нават не ўсведамляў да канца, што за праца мяне чакае, - зазначыў рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Котт. - Але пасля таго, як глыбей пазнаёміўся з тэмай, з гэтай зямлёй і Брэсцкай крэпасцю, зразумеў, што такое кіно трэба здымаць альбо па-сапраўднаму, альбо не брацца за яго ўвогуле. Вельмі вялікую працу давялося правесці для таго, каб заглыбіцца ў саму тэму: мы так да канца і не ведаем, што ж адбывалася ў Цытадэлі ў тыя дні. У фільме - усяго некалькі галоўных персанажаў, што, натуральна, дыктуецца кінафарматам. У жыцці гэтых герояў было значна больш...

" А адзін з аўтараў кінасцэнарыя фільма - Аляксей Дудараў падкрэсліў, што, па вялікім рахунку, у мастацтве недапушчальна толькі адно: абыякавасць. У стужцы ж былі суперажыванне, боль, які нават праз сем дзесяцігоддзяў адгукаецца не толькі ў тых, хто прайшоў вайну, але і ў пакаленняў, што нарадзіліся і выраслі пасля яе. "Гэты матэрыял - цяжкі, - сказаў ён, - але глядзіцца на адным дыханні. Так што я не мог адарваць ад экрана... вочы? Не: душу не мог адарваць! Мы ўсе пабывалі ТАМ! І мы цвёрда ведаем, што там былі Мужнасць, Стойкасць, неймавернае напружанне. І там была Вера ў 9 мая 1945 года..."

Міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, падзякаваўшы ўсім дзяржаўным структурам Беларусі, Расіі і Саюзнай дзяржавы, якія дапамагалі ў справе стварэння стужкі, адзначыў, што цяпер галоўнай задачай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у дачыненні да "Брэсцкай крэпасці" яму бачыцца арганізацыя максімальна шырокага пракату - для таго, каб масавы глядач любога ўзросту змог спрычыніцца і да гісторыі гераічнай абароны Цытадэлі, і да такога высокага ўзору кінамастацтва, які прадэманстравалі аўтары фільма.

Натуральна, у аўдыторыі, якая сабрала шмат прадстаўнікоў культурнай інтэлігенцыі краіны, не магла не зайсці гаворка і пра нацыянальнае кіно. Прэзідэнт, зазначыўшы, што неўзабаве на самым высокім узроўні адбудзецца прынцыповая размова аб стане і перспектывах нацыянальнай кінагаліны, звярнуўся да прысутнай у зале кінаграмадскасці: "Я хацеў бы, каб сёння гэты фільм даў нагоду для разважанняў пра тое, як мы будзем жыць далей? Дзе наш кінематограф, дзе тыя фільмы, якія былі паабяцаныя?"

Гаворачы аб перспектывах нацыянальнага кінематографа, Аляксандр Лукашэнка прынцыпова выказаўся наконт таго, што творцы, якія жадаюць прад'яўляць прэтэнзіі да дзяржавы, у першую чаргу мусяць адрасаваць гэткія ж прэтэнзіі да саміх сябе, узроўню ўласнай творчай думкі і ініцыятыўнасці. У якасці прыкладу ён прывёў размову са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў - будучымі акцёрамі і рэжысёрамі кіно, якія скардзіліся, што старэйшае пакаленне ім не дае "разгарнуцца". Тады Прэзідэнт агучыў канкрэтную прапанову: звяртацца са сваімі ідэямі, аформленымі належным чынам, непасрэдна да яго - проста, перадаць на разгляд сцэнарый ды іншыя спадарожныя дакументы. Аднак ніводнага сцэнарыя на стале Кіраўніка дзяржавы так і не з'явілася. І зусім іншая гісторыя - стварэнне "Брэсцкай крэпасці", да прапановы аб патранаце якой, па словах Аляксандра Рыгоравіча, ён паставіўся спачатку даволі насцярожана. Але аўтары фільма адказна падышлі да сваёй творчай работы, і вынік - відавочны. "Фільм сапраўды трымае ў напружанні, ігра бездакорная", - сказаў Прэзідэнт.

У адказ з боку Ігара Угольнікава прагучала прапанова: у якасці наступнага кінапраекта звярнуцца да спадчыны класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча - ягонага рамана "Чорны замак Альшанскі".

На здымку: пасля прагляду фільма "Брэсцкая крэпасць". Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА