Саундчэк для акцёра

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

“Перавага персанажа” ў хадзе... ад прыватнага Ён — далікатны Манус у “Translations” і Франц у спектаклі “Не мой” на Купалаўскай сцэне, дзівакаваты Ваня ў кінафільме “Дасціш фантасціш”… Аляксандр КАЗЕЛА ўсяго за тры гады працы ў якасці акцёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы стаў на тэатральным полі фігурай заўважнай і цікавай. Ён не абмяжоўвае свае праяўленні адно толькі акадэмічнымі формамі: прымае ўдзел у клубнай пастаноўцы “Cafе “Паглынанне” рэжысёра Яўгена Карняга, не пакідае ён убаку яшчэ адну сваю жарсць — музыку — і часта выступае ў праекце “Сярэбранае вяселле”. Адным словам, перад намі — малады творца, які імкнецца рэалізаваць сябе напоўніцу. Ён — далікатны Манус у “Translations” і Франц у спектаклі “Не мой” на Купалаўскай сцэне, дзівакаваты Ваня ў кінафільме “Дасціш фантасціш”… Аляксандр КАЗЕЛА ўсяго за тры гады працы ў якасці акцёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы стаў на тэатральным полі фігурай заўважнай і цікавай. Ён не абмяжоўвае свае праяўленні адно толькі акадэмічнымі формамі: прымае ўдзел у клубнай пастаноўцы “Cafе “Паглынанне” рэжысёра Яўгена Карняга, не пакідае ён убаку яшчэ адну сваю жарсць — музыку — і часта выступае ў праекце “Сярэбранае вяселле”. Адным словам, перад намі — малады творца, які імкнецца рэалізаваць сябе напоўніцу.

/i/content/pi/cult/269/4180/13-1.jpg"Бачыць планету праз аднаго чалавека"

- Аляксандр, за тры гады ў Купалаўскім тэатры, якія былі насычаны творчай працай, вы паспелі сыграць некалькі роляў, што не аказаліся незаўважанымі. Ды ўсё ж які вобраз вам найбліжэй?

- Безумоўна, роля Мануса ў спектаклі Мікалая Пінігіна "Translations". Гэта маё "любімае дзіця". Прызнаюся шчыра, калі першы раз прачытаў п'есу Брайана Фрыла, драматургічны твор мне не надта спадабаўся: усё ў ім, на маю думку, вельмі выверана, "правільна". Такім чынам, напачатку п'еса не пакінула пэўнага ўражання. Але ў працэсе працы над ёй усё змянілася.

 - Трэба адзначыць, "Translations" сёння стаў адной з тых пастановак Мікалая Пінігіна, якая дазволіла маладому пакаленню акцёраў яскрава выявіць сябе. І ваш Манус, нягледзячы на тое, што ён не галоўны персанаж, - вельмі выразны і запамінальны...

- Ведаеце, усе героі, якіх мне пашчасціла ўвасабляць, лепшыя за мяне. Я лічу, што для акцёра вельмі важна адчуваць гэтую "перавагу персанажаў". У прыватнасці, Манус - гэта цытадэль далікатнасці, што да мяне не вельмі падобна. Яго сацыяльны аскетызм, ягоныя комплексы і, адначасова, годнасць, адданасць бацьку, Мэйры - усё гэта зачароўвае. У той жа час, нягледзячы на масу комплексаў, ён - чалавек, мне здаецца, вельмі цэласны. Магу сказаць нават, што ён - своеасаблівы змагар...

- Увогуле, "Translations" - гэта спектакль, які, акрамя іншага, дае падставы казаць пра асаблівасці светапогляду...

- Ведаеце, мой творчы метад такі: я люблю ісці ад прыватнага да агульнага, люблю дэталі. І для сябе перш за ўсё стаўлю задачу стварыць свет асобна ўзятага чалавека, а потым - усё астатняе.

Гэтае правіла датычыцца ўсіх маіх роляў. Узяць, да прыкладу, таго ж Франца ў спектаклі Аляксандра Гарцуева "Не мой". Я зыходжу з таго, што ў нас ёсць гісторыя кахання Франца і Паліны, мяне цікавяць збольшага іх пачуцці. Але, у той жа час, мы разумеем, што гэта адна - з мільёнаў гісторый, праз якую можна ўбачыць трагедыю вайны. Гэтаксама і ў "Translations". Так, перад намі - пэўны аповед, роздум, але мяне ён вабіць менавіта тым, што складваецца з учынкаў, эмоцый пэўных людзей. Пра кожнага з герояў п'есы можна распавесці асобную гісторыю! Кульгавы Манус, дзівак Джымі, нямая Сара... У гэтым кантэксце адразу згадваю драматурга Тэнесі Уільямса: гэта той майстар, які стварае не тэксты, а літаральна спірытычныя сеансы. Ён валодае неверагодным уменнем з паўсядзённых рэчаў ствараць Гісторыю. Мне гэта, паўтаруся, вельмі імпануе: нашмат цікавей, чым разважаць агульным чынам, бачыць нашу планету праз аднаго чалавека.

"Тэатра мне замала"

- Ці праўда, што ў дзяцінстве вы марылі стаць святаром або дырыжорам?

- Так, у чатыры гады. Маці мне пра гэта расказвала. Але дырыжорам амаль што атрымалася.

- Так, ведаю, вы скончылі гімназію-каледж пры Акадэміі музыкі па спецыяльнасці "харавое дырыжыраванне". Цікава, калі ж вы звярнуліся да тэатра?

- Гэты зварот адбываўся паступова... Але, напэўна, усё пачалося з кнігі Аляксея Шчаглова пра Фаіну Ранеўскую. Яна трапіла да мяне ў этапны, як кажуць, момант і сталася той "ракавой сустрэчай". З яе вельмі шмат чаго ў выніку вырасла. Ды і ў ліцэі існавала цудоўная традыцыя капуснікаў. Там было дзе "разгарнуцца". Памятаю, хтосьці з маіх сяброў нават не сумняваўся, што ў рэшце рэшт я выберу тэатр.

- І вы, адзначу, да гэтай пары не забываецеся на свой музычны досвед. Гэта пацвярджае нават той жа ўдзел у праекце "Сярэбранае вяселле": гледачы маглі бачыць ваша феерычнае выступленне на "Тэатральным саундзе" ў рамках леташняй "Панарамы"... Відавочна, што аднаго тэатра вам замала.

 - Так, сапраўды. Але, падкрэслю, тэатр у гэтым "не вінаваты" (усміхаецца). Я лічу, што тэатр і музыка вельмі моцна звязаны: вельмі складана ў музыцы абыходзіцца без артыстызму, і наадварот, у тэатры - без музычнага слыху.

 "Ваня атрымаўся такім, як патрэбна"

- Пашыраючы свае творчыя гарызонты, вы звярнуліся і да кіно, дзе ў апошняй прэм'еры "Беларусьфільма" - стужцы "Дасціш фантасціш" сыгралі галоўную ролю - вясковага хлопца Ваню. Цікава, якое ўражанне ў вас засталося ад гэтай работы?

 - Праца ў "Дасціш фантасціш" пакінула станоўчае ўражанне. Упершыню я сутыкнуўся з такім аб'ёмам працы ў кіно - і многае спасціг на практыцы. Я ўжо казаў аб гэтым неаднойчы: нягледзячы на тое, што ў нашым дыпломе пазначана "акцёр тэатра і кіно", ведаў па акцёрскай працы менавіта ў кіно ў Акадэміі мастацтваў мы не атрымалі. Пры гэтым усім зразумела, што гэта розныя рэчы: праца ў тэатры і праца ў кіно. Мне спачатку было вельмі складана: дзейнічаў, абапіраючыся на тэатральныя прынцыпы, - а як аж інакш? Але потым, паступова, інтуітыўна, пачаў выбудоўваць ролю іншым чынам. Таму, магу зазначыць, што ў першую чаргу праца ў "Дасціш фантасціш" для мяне карысная менавіта гэтым - сталеннем у прафесіі. А ў цэлым, здымкі стужкі - гэта быў цудоўны час. На пляцоўцы панавала камфортная і нязмушаная атмасфера: Аляксандр Канановіч - рэжысёр, з якім лёгка і цікава працаваць.

- Ваш персанаж, адзначу, вылучаецца на фоне іншых эксцэнтрычных герояў, якімі багатая карціна. Гэта быў наўмысны ход - адмовіцца ад спакусы гратэскных фарбаў у будаванні ролі?

- Ваню я бачу так: гэта просты вясковы хлопец, які першапачаткова пазбаўлены пэўнай эксцэнтрыкі, але фантастычныя абставіны прымушаюць яго выявіць, раскрыць сябе з нечаканага боку. У выніку ж ён усё роўна застаецца чалавекам. Па сутнасці, яго нічога не збівае са шляху - нават тое шаленства, што адбываецца навокал. У гэтым і заключалася, мне здаецца, галоўная рэжысёрская ідэя. Ваня, на маю думку, атрымаўся такім, як патрэбна. Але, паўтаруся, гэта маё асабістае меркаванне.

- Атрыманы досвед не прымусіў вас паглядзець у бок кіно больш уважліва?

- Да кіно я заўжды ставіўся з вялікай павагай. Нават пад час вучобы на акцёрскім факультэце ў пэўны час хацеў перавесціся на "кіназнаўцу". Але, нягледзячы на апошнія станоўчыя ўражанні ад працы ў кіно, мне не хочацца спяшацца. Я не буду здымацца дзеля таго, каб проста здымацца. "Пустыя" праекты мне не цікавыя.

- Аляксандр, ды ўсё ж калі вярнуцца да тэатра, мне хацелася б вас спытаць наконт суадносін "высокай сцэны" і "шоу-складніка" ў ім...

- Самае надзённае тут вось што: сёння людзі чамусьці пачынаюць забывацца на выхаваўчую функцыю тэатра. Гэта вельмі сімптаматычна, калі большасць публікі прыходзіць у тэатр з мэтай пазабавіцца. Так, відовішчы таксама мусяць быць, але, на маю думку, не тэатры павінны ўскладаць на сябе гэтую задачу.

Гледача ж можна выхоўваць толькі праз годны матэрыял. І мы маем патрэбу ў гэтым: тэатр мусіць быць прытулкам, прыстанкам, каб ты прыйшоў туды і адчуў: усё, тут я выратаваны.

На здымку: А.Казела ў ролі Мануса. Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"