Сыграць самога сябе

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Высакародны тон Шапэна Канец навучальнага года быў традыцыйна адзначаны шэрагам канцэртаў, выступленняў і новых перамог таленавітай дзятвы — на самым высокім міжнародным узроўні.

/i/content/pi/cult/269/4175/12-1.jpgУ люстэрку класіка

200-годдзе з дня нараджэння Ф.Шапэна святкавалі літаральна ў кожнай дзіцячай музычнай школе. А сталічная ДМШ №1 правяла канцэрт у Доме дружбы. Хтосьці з маленькіх музыкантаў старанна выйграваў усе фіярытуры, ставячыся далікатна да кожнай ноткі. У кагосьці з-пад пальцаў літаральна выпраменьвалася здзіўленне незямной прыгажосцю гэтай музыкі. А хтосьці папросту іграў самога сябе, знаходзячы ў музыцы Шапэна адлюстраванне сваіх рамантычных пачуццяў. І кожны пачуваўся хаця б крыху дарослым, спрычыніўшыся да таямніц генія. Садзейнічала гэтаму і цудоўнае вядзенне вечарыны- захоплены аповед пра творцу і яго музыку, з цытаваннем мноства дакументальных крыніц... Такія нязмушаныя "ўрокі", спалучаючы канцэртны імпэт і асветніцтва, яднаючы настаўнікаў, вучняў ды іхніх бацькоў, выхоўваюць сапраўднае пачуццё прыгажосці і добры густ.

Вечар памяці Ф.Шапэна прайшоў і ў ДМШ № 16 Мінска- у атачэнні жывых кветак і запаленых свечак. Творчая атмасфера адчувалася ўжо ў тым, з якой любоўю навучэнцы пад кіраўніцтвам выкладчыкаў упрыгожылі залу, аформілі стэнд, прысвечаны жыццю і творчасці генія. Гэтак жа поруч настаўнікі і іх выхаванцы выступілі ў канцэрце. Тэмбравую "манахромнасць" фартэпіяна расквецілі пералажэнні шапэнаўскай музыкі для кларнета, а таксама струннага квартэта, партыю віяланчэлі ў якім выканаў сам дырэктар школы Павел Андрончык.

 Па конкурсным гасцінцы

 Асобным "выпрабаваннем" для юных музыкантаў сталіся міжнародныя к/i/content/pi/cult/269/4175/12-2.jpgонкурсы і нават... сольныя вечары, якія і для дарослых выканаўцаў з'яўляюцца вельмі высокай прыступкай, што скараецца толькі прафесіяналам экстракласа.

Пяцікласніца Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Марыя-Ганна Цудзіла выступіла з сольным канцэртам у Мінску, прапанаваўшы вельмі цікавую, разнастайную, але найскладаную праграму беларускай і замежнай класікі розных эпох, уключаючы авангардныя творы (канцэртмайстар - дыпламант міжнародных конкурсаў Ніна Кавецкая). Лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя С.Сандэцкіса, дзяўчынка неаднаразова ўдзельнічала ў майстар-класах лепшых прафесараў не толькі Беларусі, але і Расіі, Францыі. Па выніках ХХХV Міжнародных музычных курсаў у Польшчы дырэктар Заслаўскай ДШМ Валерый Шкурскі атрымаў ліст з падзякай ад прафесара Парыжскай кансерваторыі Л.Калос, дзе вылучаюцца такія якасці юнай скрыпачкі, як "вялізная шчырасць і энергія ў перадачы кампазітарскай задумы, высакародны тон і імправізацыйнасць ігры".

Навучэнец жа Віцебскай ДМШ №1 Кірыла Ячмянёў стаў пераможцам ІV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на балалайцы імя М.Ражкова ў Ніжнім Ноўгарадзе, атрымаўшы І прэмію ў сярэдняй узроставай катэгорыі. Акрамя ўсяго, ён выканаў уласны твор - дуэтам са сваёй выкладчыцай Алесяй Пунчанка. Сёння цяжка загадваць, кампазітарскі або выканальніцкі шлях абярэ хлопчык надалей, але ён марыць паступіць у кансерваторыю.

Н.Б.