“Погляд насустрач”

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Выстаўка-конкурс твораў, што адлюстроўваюць культуру і мастацтва народаў Лацінскай Амерыкі, адкрылася днямі ў галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

 Для студэнтаў кафедры дэкаратыўнапрыкладной творчасці Акадэміі такі своеасаблівы эксперымент даў магчымасць асэнсаваць старажытную творчасць Венесуэлы і іншых краін рэгіёна.

Адкрыў экспазіцыю пад назвай "Погляд насустрач" Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес. "Сёння нашы народы, паміж якімі склаліся вельмі цёплыя сяброўскія стасункі, робяць яшчэ крок насустрач адзін аднаму", - адзначыў спадар Пасол.

На адкрыцці выстаўкі працавала імправізаваная майстэрня, створаная супрацоўнікамі Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара. Тут можна было набыць сувеніры ў выглядзе фігурак з гіпсу і тэракоты і на месцы іх размаляваць. Гэтая дабрачынная акцыя пад назвай "Місія Туканчык: стварай сам і дапамажы дзецям" мае на мэце аказанне дапамогі дзецям з Дапаможнай школы-інтэрната № 7 Мінска.