АРХІЎНЫ ДЭТЭКТЫЎ

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Фонды з “творчай кухняй” Як выглядаў фотаальбом Янкі Лучыны? Ці былі аматарамі шахмат Максім Гарэцкі і Адам Багдановіч? На якім піяніна ў свой час граў заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў?.. На гэтыя пытанні можна знайсці адказ і паглядзець на рарытэтныя экспанаты ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, якому 9 чэрвеня споўнілася 50 гадоў. Скарыстаўся такой магчымасцю і наш карэспандэнт, пабываўшы ва ўстанове з самым дасведчаным гідам па ёй — дырэктарам Ганнай ЗАПАРТЫКА. Што было сабрана за паўстагоддзя? Якія перыяды гісторыі культуры Беларусі ахопліваюць фонды архіва-музея? Менавіта з гэтых пытанняў распачалася размова.

/i/content/pi/cult/269/4168/6-1.jpg- Самы ранні рукапісны дакумент, які захоўваецца ў нас, гэта малітоўнік другой паловы XVIII ст. У фондах жа адлюстравана культурнае жыццё нашага краю пераважна пачынаючы з 1800 года і заканчваючы нашымі днямі. Зразумела, не кожны гістарычны адрэзак часу прадстаўлены ў аднолькавай ступені - ёсць так званыя "стратныя" перыяды. У прыватнасці, мы не можам сказаць, што маем дакументы па гісторыі беларускай культуры за ўсё ХІХ ст. Прыкра пра гэта казаць, але многае страчана ўжо назаўсёды. З тых фрагментаў, якія праліваюць святло на культурнае жыццё ў пазамінулым стагоддзі, можна прыгадаць фонды пісьменніка Каруся Каганца, дзе прадстаўлены яго сямейны архіў, мастацкія творы, перапіска і рэдкія фотаздымкі, а таксама гісторыка і мовазнаўцы Івана Грыгаровіча. Дзякуючы яму можна і сёння пазнаёміцца з рукапіснымі копіямі помнікаў культуры ХІІІ ст.

Не менш важна, што Архіў-музей стварае калекцыю копій каштоўных матэрыялаў, якія сёння месцяцца ў сховішчах розных краін. Асабліва цікавыя нам месцяцца ў Расіі, Літве і Польшчы, дзе нам удалося выявіць дакументы, рукапісы, аўтографы дзеячаў беларускай літаратуры, у тым ліку - атрымаць капійныя дакументы Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Лучыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

- Відаць, пісьменніцкія архівы складаюць пераважную большасць фондаў?

- Усе матэрыялы нашага архіва можна падзяліць на дзве групы: фонды асабістага паходжання і фонды ўстаноў культуры рэспублікі. Палову фондаў першай групы якраз і складаюць архівы пісьменнікаў.

- Якім жа чынам пачалі фарміравацца фонды? Як да вас трапляюць сёння архівы?

 - Фонды ўстаноў культуры, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб нацыянальным архіўным фондзе" цягам 50 гадоў рэгулярна трапляюць у наш архіў-музей. Гэта, найперш, афіцыйныя дакументы, справаздачы, пратаколы, іншыя матэрыялы.

Скажам, толькі фонд кінастудыі "Беларусьфільм" налічвае некалькі тысяч адзінак захоўвання і з'яўляецца сапраўдным летапісам гісторыі айчыннага кінематографа. Сярод матэрыялаў пераважаюць рэжысёрскія сцэнарыі і распрацоўкі, альбомы фотаспроб на ролі, агульнае справаводства і ўсё, што звязана з арганізацыяй дзейнасці кінастудыі. З асабістых фондаў вялікую цікавасць уяўляюць архівы Уладзіміра Корш-Сабліна, Віктара Турава, Віталя Чацверыкова.

Але не менш цікавыя ды каштоўныя для вучоных і нашы архіўныя матэрыялы, прысвечаныя гісторыі музыкі. Да прыкладу, фонд Беларускай дзяржаўнай філармоніі прадстаўляе ці не ўсё канцэртнае жыццё краіны ў мінулым стагоддзі, у тым ліку - гісторыю фестываляў, музычных калектываў. А вось збор, прысвечаны Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, адлюстроўвае ўвесь працэс падрыхтоўкі кадраў, арганізацыю педагагічнай дзейнасці, апавядае пра жыццё і лёс выдатных педагогаў.

 - Летась пры падрыхтоўцы матэрыялу пра дзейнасць БДТ-1 у эвакуацыі і на фронце пад час Вялікай Айчыннай мне давялося папрацаваць з вашымі архівамі, сярод якіх былі не толькі афіцыйныя справаздачы, але і рукапісныя афішы, водгукі гледачоў. Чым яшчэ прадстаўлена гісторыя тэатральнага жыцця Беларусі?

- Чаго варты фонд Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы! Ён жа па крупінках узнаўляе гісторыю гэтай установы пачынаючы з 20-х гг. ХХ ст. Тое ж можна сказаць пра іншыя тэатры са статусам "нацыянальны". Дарэчы, я пераканана, што сёння, дзякуючы сабраным у нас матэрыялам, кожны з нацыянальных і рэспубліканскіх тэатраў мог бы, пры жаданні, стварыць свой уласны цікавы музей.

 - Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае шэраг твораў жывапісу, графікі айчынных мастакоў...

- Гэта сапраўды так. У свой час Нацыянальны мастацкі музей набываў для калекцый выключна завершаныя творы. У адрозненне ад яго, наша ўстанова не магла прымаць вялікія алейныя работы, для якіх неабходны адпаведныя экспазіцыйныя плошчы і аб'ёмныя запаснікі. Але ў нас вельмі актыўна камплектаваліся "творчыя майстэрні мастакоў". Напрыклад, усім вядомая карціна Валянціна Волкава "Мінск. 3 ліпеня 1944 года" захоўваецца ў НММ - у нас жа ёсць своеасаблівая "творчая кухня", звязаная са стварэннем гэтага твора, яго першыя накіды, а таксама, канешне ж, асабісты архіў мастака. І для поўнага ўспрыняцця мастацкага твора надзвычай важна бачыць не толькі яго, але і звязаныя з ім рэчы.

Зрэшты, якраз дзеля гэтага наша ўстанова і збірае асабістыя архівы. Каб прасачыць працэс стварэння таго ж фільма "Людзі на балоце", не дастаткова паглядзець стужку і пазнаёміцца з афіцыйнай дакументацыяй кінастудыі, бо шмат таямніц захоўваецца менавіта ў асабістых запісах, дзённіках Віктара Турава: там адлюстраваны задумы, "творчыя пакуты" творцы...

- Ганна Вячаславаўна, якім жа чынам асабістыя дакументы трапляюць у архіў-музей? Ці вядзецца пошук раней невядомых архіваў?

- Цікава, што першы наш збор быў аформлены яшчэ да адкрыцця самой установы. Мы доўгі час імкнуліся разгадаць гэтую гістарычную загадку і адказаць на пытанне, чаму на першым пасяджэнні ўстановы разглядалася паступленне фонду № 2? Аказваецца, стваральнікі архіва былі вельмі ўпэўнены ў адкрыцці ўстановы, і, каб не марнаваць час, яшчэ ў красавіку 1960-га супрацоўнікамі архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР быў прыняты першы фонд - асабісты архіў пісьменніка Міхася Машары.

У першыя гады працы пачала складацца і спецыяльная картатэка ўліку архіваў асабістага паходжання, матэрыялаў, што знаходзіліся на той час у прыватнай уласнасці. Зразумела, ахапіць адразу ўсіх дзеячаў культуры было немагчыма: гэты працэс патрабуе вялікіх высілкаў і часу. Найперш жа наладзілася сувязь з даследчыкамі беларускай культуры за мяжой, перакладчыкамі. Захаваліся фотаздымкі з паездак першага дырэктара Клары Жоравай у Ленінград і Маскву.

 - А ці змаглі б вы прыгадаць нейкую дэтэктыўную гісторыю пошуку пэўнага архіўнага дакумента?

- Не так ужо і рэдка вялікія адкрыцці робяцца зусім выпадкова. Магу прыгадаць пра фонд Ванды Дзяржынскай і Антона Неканда-Трэпкі. У свой час пры пошуку партрэта пісьменніка ХІХ ст. Альгерда Абуховіча ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь нечакана была знойдзена раней невядомая выява Янкі Лучыны. Дзякуючы гэтаму партрэт увайшоў у кантэкст нашай літаратурнай іканаграфіі. Але, што самае цікавае, праз колькі гадоў аналагічная выява была змешчана і ў адным з польскіх часопісаў, ва ўспамінах Ванды Дзяржынскай - пляменніцы пісьменніка. У артыкуле змяшчаліся і звесткі пра сям'ю Неслухоўскіх у Мінску, пра якія айчынныя літаратуразнаўцы маглі на той час толькі здагадвацца. Польская даследчыца беларускай літаратуры Гелена Глагоўска, аўтар прадмовы да згаданай публікацыі, падказала кантактную інфармацыю нашчадкаў Ванды Дзяржынскай, у прыватнасці, Марыі Неканда-Трэпкі. Апошняя ўсё гэтае багацце і захавала, нягледзячы на шматлікія пераезды, дзве сусветныя вайны. У сямейным архіве знайшоўся і альбом Неслухоўскіх, дзе на першай старонцы якраз і было тое самае фота Янкі Лучыны.

 Сустрэўшы ўжо больш за 10 гадоў таму здымак Янкі Лучыны, нават і не магла падумаць, што дзесьці яшчэ захоўваецца арыгінал, які я змагу пабачыць. Цяпер гэтае фота мае наша ўстанова, ды не проста сам здымак, а - цэлы сямейны альбом, што з'яўляецца неверагодным набыткам.

 - У архіве-музеі літаратуры і мастацтва Беларусі змяшчаюцца унікальныя рукапісныя матэрыялы, што адлюстроўваюць сакральны працэс нараджэння мастацкага твора, асабістыя рэчы пісьменнікаў, іншых дзеячаў культуры. Відавочна, яны паспрыялі б справе папулярызацыі айчыннай культуры. Але, улічваючы вострае пытанне з экспазіцыйнымі плошчамі, наколькі часта ў вас праводзяцца выстаўкі?

- Бясспрэчна, сваю перспектыву мы ўяўляем у будынку сучасным, высокатэхналагічным, абсталяваным неабходнай апаратурай. Але, тым не менш, не скардзімся і на сённяшнія нашы ўмовы. А выстаўкі ў нас праходзяць пастаянна. У сваіх працоўных пакоях, калідорах, на лесвічных пляцоўках мы стварылі своеасаблівыя залы. Цяпер экспануюцца выстаўка твораў Леаніда Шчамялёва, выстаўкі "Каму дудка паслушна" (прысвечаная 170-годдзю Францішка Багушэвіча), "Спеў акопнай ліры", што асвятляе творчасць пісьменнікаўфрантавікоў, "Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва"... Акрамя гэтага, адбываецца і супрацоўніцтва з іншымі музеямі ды бібліятэкамі, з якімі рэгулярна арганізоўваем разнастайныя сумесныя праекты.

 Фота Пятра ОВАДА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"