Юбілейны звон цымбалаў

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Сёлетні Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” — дваццаты па ліку. Па словах начальніка аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Наталлі Булавінцавай, форум у гэтым годзе пройдзе 2 — 4 ліпеня і абяцае быць арыгінальным па форме і змесце.

Апрача беларускіх фальклорных гуртоў, у Паставах збяруцца калектывы і выканаўцы з Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Венесуэлы. Але не толькі шматколернай нацыянальнай палітрай збіраюцца здзіўляць гледача арганізатары фэсту.

Упершыню рэжысурай свята зоймуцца не запрошаныя, а мясцовыя спецыялісты. "Мы імкнёмся, - тлумачыць "К" Наталля Булавінцава, - каб кожны фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік" не быў падобны на папярэдні. Сёлета вырашылі напоўніцу задзейнічаць уласны крэатыўны патэнцыял: рэжысурай трохдзённых фестывальных мерапрыемстваў займаюцца цяпер супрацоўнікі нашага РДК. Думаю, гледачы расчараванымі не застануцца".