Аншлагі будуць!

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Да пачатку ХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” засталося менш за месяц.

/i/content/pi/cult/269/4155/2-2.jpgПершымі адчулі гэта віцябчане, накіраваўшыся ў білетныя касы. Як паведаміла кіраўнік каардынацыйнай аперацыйнай службы фестывалю Вера Часціхіна, білеты раскупляюцца вельмі актыўна. Ужо сёння на некаторыя канцэрты месцы ў вялізнай зале таго ж Амфітэатра распрададзены амаль цалкам. Гэта дазваляе прагназаваць, у прыватнасці, што аншлагавымі будуць сольнікі Юрыя Антонава, Стаса Міхайлава, канцэрт радыё "Шансон", праграма "Дзве сястры - Беларусь і Расія". Дый на канцэрт адкрыцця фестывалю засталіся літаральна адзінкавыя білеты. Дарэчы, практычна за адзін дзень былі "размецены" і білеты на спектаклі ў межах "Тэатральных сустрэч-2010".

Плённа ідзе падрыхтоўка беларускіх выканаўцаў, якія возьмуць удзел у міжнародных конкурсах "Славянскага базару ў Віцебску". Саліст прадзюсерскага цэнтра Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вяршэнка канчаткова вызначыўся з рэпертуарам. Разам з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга ён праспявае "Молитву" Максіма Дунаеўскага на словы Іллі Рэзніка. Другой кампазіцыяй стане песня Юрыя Багаткевіча на словы Леаніда Пранчака "Дзякуй, што ты была".