Алег ЧЭЧАНЕЎ, акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра (Маладзечна), дыплом па спецыяльнасці "рэжысура (драма)" 2008 года.
- Алег, што змянілася ў тваім прафесійным жыцці з атрыманнем рэжысёрскага дыплома? Якія новыя творчыя перспектывы адкрыліся?
- Ды, па сутнасці, нічога не змянілася, усё засталося па-ранейшаму. Мой дыпломны спектакль "Старая зайчыха" М.Каляды даводзіцца літаральна з баямі адстойваць, каб ён усё-такі ішоў у рэпертуары.
- Што новага ставіш у тэатры?
- Як што? Навагоднія "ранішнікі"! А яшчэ, для таго, каб тэатр мог зарабляць грошы, стварыў своеасаблівае тэатральнае шоу для дзяцей - "сінтэз" казкі і мюзікла: маленькі хлопчык з мамай трапляе ў віртуальны свет, маму выкрадаюць... Але ў выніку ўсё заканчваецца добра. Я так і назваў яго: "Всё будет хороshow".
- А да больш сур'ёзнага рэпертуару звяртаешся?
- Зрэдку іграю монаспектакль "Сіні аўтамабіль". Зладзіў свой юбілейны вечар, куды ўвайшлі "Маналог Фірса", некаторыя іншыя самастойныя работы, створаныя пад час вучобы ў Акадэміі...
- Нягуста... Спрабую зразумець: навошта тады табе, акцёру, спатрэбілася рэжысёрская адукацыя?
- Мне проста неабходна было выехаць з правінцыі, трапіць у іншае тэатральнае асяроддзе, адчуць новыя, сучасныя творчыя тэндэнцыі, падсілкавацца жывой інфармацыяй пра тое, што робіцца ў нашай прафесіі. Нельга ж увесь час стаяць на месцы і варыцца ва ўласным соку!
Кацярына АВЕРКАВА, рэжысёр Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, дыплом "рэжысура (драма)" 2007 года:
- Вы - адна з нямногіх маладых рэжысёраў, каму за кароткі час удалося трывала заявіць пра сябе ў прафесіі. Ці можаце падзяліцца тым сакрэтам, дзякуючы якому вы не збочылі са свайго прафесійнага шляху?
- Тут няма ніякіх сакрэтаў: я, проста, займалася тым, што мне падабаецца. Галоўны сакрэт - ва ўласным жаданні. Безумоўна, было складана, але ўсе свае прафесійныя крокі я рабіла свядома: і калі працавала выкладчыкам у Акадэміі мастацтваў, і калі бралася за пастаноўку ў тэатры, разумеючы, што яна можа і не акупіцца. Я ўсведамляла: нельга навучыцца прафесіі, не спрабуючы сябе ў ёй. І - што з завяршэннем навучання ў Акадэміі мая асабістая вучоба не скончылася. Скажу так: кожны мой крок у прафесіі - гэта чарговы ўрок: толькі так я бачу ўласнае рэжысёрскае развіццё.
- Чаго, на вашу думку, не хапае іншым маладым калегам, якія, у адрозненне ад вас, аказаліся менш паспяховымі ў рэжысуры?
- Самаадукацыі. І гэтым патрэбна пачынаць займацца яшчэ ў Акадэміі. Ёсць абсалютна слушнае выслоўе: "Ніхто і нічому цябе не навучыць, калі ты сам не хочаш вучыцца". Так, у Акадэміі ёсць цудоўныя педагогі, ад якіх варта старацца браць як мага больш, але ж увесь час неабходна займацца і ўласным развіццём. У часе працы ў якасці педагога я неаднойчы заўважала, што сярод студэнтаў існуе пэўная пасіўнасць, адсутнасць мэтанакіраванасці. Часам яны ўвогуле не разумеюць, чаго жадаюць, бо слаба ўяўляюць, што ж гэта за прафесія такая - рэжысура. Хтосьці не паступіў на акцёрскі факультэт, таму "вырашыў" абраць рэжысуру, хтосьці проста "праходзіў міма"... Але ў рэжысуры вельмі дакладна спрацоўвае формула: "Калі ты можаш гэтага не рабіць - не рабі". Я, прызнаюся, спрабавала знайсці сабе іншы занятак, акрамя рэжысуры, але зразумела: гэта - не маё...
Не магу не згадаць адну важную, як мне падаецца, акалічнасць. Сёння ў нас увогуле вельмі мала прапагандуецца тэатральнае мастацтва. Адсюль - і пэўныя скажэнні ў яго ўспрыняцці: многія людзі проста не ведаюць, што адбываецца ў нашых тэатрах. А, між іншым, я зусім нядаўна адзначыла для сябе, што ў тым жа Купалаўскім ёсць спектакль - "Івона - прынцэса Бургундская", на які збіраецца выключна маладзёжная аўдыторыя! Значыць, калі тэатральнае мастацтва будзе больш папулярызавацца і, кажучы шырэй, існаваць у сучаснай інфармацыйнай прасторы - многія людзі таксама пачнуць ставіцца да яго па-іншаму. У тым ліку - і самі маладыя рэжысёры.