Саракавыя Зарніцы над Браславамі

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

… Усё-ткі нездарма кажуць: лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Ужо колькі раз даводзілася чуць дый чытаць у розных крыніцах пра запаветны край — Браслаўшчыну, а ўсё роўна мясціна гэтая літаральна ашаламіла прыгажосцю і нібы разлітым у тутэйшым паветры блаславёным спакоем.

 /i/content/pi/cult/119/415/Braslav.jpg
Гатэль “Заезны двор”, месца ў якім мне забраніраваў аддзел культуры, уяўляе сабой прыбудову да старадаўняга млына амаль на самым беразе маляўнічага возера Дрывяты. Пасля шумнай сталіцы і чатырох з паловай гадзін імклівага бегу мікрааўтобуса ад яе да Браслава я трапіла ў цэнтр чароўных краявідаў з кіламетрамі воднай сіні, затокамі жоўтых ірысаў, крыкамі чаек і размахам іх крылаў у небе.
Ды яшчэ з буяннем кветак у кожным гародчыку. Нават акацыя з яе белымі духмянымі гронкамі не навіна для Браслаўшчыны.
Гарадок, з аднаго боку, уражвае адметнай архітэктурай, у чымсьці падобнай на прыбалтыйскую, а з другога — адпавядае і вызначэнню, якое іншым разам можна пачуць ад мясцовых жыхароў: Браслаў — вялікая вёска. Прайшоўшы якую-небудзь доўгую вуліцу, не дзіва сустрэць на ёй усяго 1— 2 чалавек.
У памяшканні былога млына размяшчаецца адзін з філіялаў Браслаўскага музейнага аб’яднання — Музей традыцыйнай культуры. Далёка не кожная музейная ўстанова мае сваю гасцініцу. А вось у Браславе гатэль “Заезны двор” належыць аб’яднанню музеяў. І гэта цалкам лагічна — музейная справа і турызм заўсёды ішлі побач.
З часткай таго, што бачаць у Браслаўскім раёне турысты, пазнаёмілася і я: чысцюткая крыніца “Зімнік” з мінеральнай вадой на тэрыторыі Нацыянальнага парку, подых векапомнага бору, дарога на гару Маяк, дзе з кожным крокам адкрываюцца ўсё новыя далягляды — адзін прыгажэйшы за другі… І, нарэшце, шырокі разлог з вяршыні гары, незабыўны кругагляд з відамі казачных пакатых узгоркаў у атачэнні азёраў з дзіўнымі абрысамі берагоў і лясных масіваў.
У тым, што Браслаўшчына мае і вельмі адметныя помнікі архітэктуры, я ўпэўнілася, пабачыўшы на свае вочы два з іх — унікальны ў сваім родзе Траецкі касцёл у мястэчку Відзы і касцёл Сэрца Ісуса ў Слабодцы, 100-годдзе якога адзначалася не так даўно. Нават не верыцца, што гэты вельмі прыгожы і ўнушальны па памерах храм быў пабудаваны ўсяго за 2 гады…А горад жыў сваім жыццём. У райвыканкаме горача абмяркоўвалі адну з праблем апошняга часу — пагалоўе дзікіх кабаноў у тутэйшых лясах і запаведніку вырасла настолькі, што яны ўжо пагражаюць гародам вяскоўцаў. І трэба было вызначыцца,якім чынам рэгуляваць колькасць папуляцыі. У аддзеле ж культуры літаральна ўсё працавала на падрыхтоўку да маючага адбыцца фестывалю “Браслаўскія зарніцы”.У гістарычным цэнтры — на Замкавай гары мы з экскурсаводам музея Таццянай Міхайлавай сустрэлі брыгаду касцоў і намесніцу старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ніну Пучынскую, якая напярэдадні заўтрашняга свята правярала падрыхтоўку да яго фестывальных пляцовак.
Калісьці на гэтым месцы ўзвышаўся драўляны Браслаўскі замак. А сёння пра гарадскую гісторыю нагадваюць памятны знак у гонар заснавання Браслава, разьбяныя скульптуры герояў адной з легенд сівой даўніны, помнік вядомаму ўрачу, стваральніку ў горадзе пажарнай каманды і чалавеку, вакол якога згуртоўвалася мясцовая інтэлігенцыя, — Станіславу Нарбуту. У свой час вяршыня гэтага помніка служыла і маяком — кожны вечар хтосьці з удзельнікаў створанай Нарбутам пажарнай каманды па спецыяльных прыступках падымаўся да вяршыні і запальваў ліхтар…Увогуле ж, пра гісторыю рэгіёна, як і пра яго прыроду, можна расказваць шмат. Але ў дадзеным кантэксце яны — толькі акаймаванне падзеі, назва якой — “Браслаўскія зарніцы”. Упершыню фестываль адбыўся ў 1967-ым годзе. Пачынаўся ён як свята песні і працы, на якім асаблівае значэнне надавалася развіццю харавога мастацтва. Пазней гэта ўжо былі досыць рознапланавыя па тэматыцы святы, аб’яднаныя адзінай назвай і часам правядзення, — у канцы вясны — пачатку лета. “Зарніцы” прысвячаліся і працаўнікам сяла, і працаўнікам прамысловасці, і работнікам культуры, і дзецям, і ролі сям’і ў грамадстве.
Яшчэ — казачным сюжэтам, здароваму ладу жыцця, народным рамёствам, сяброўству Беларусі, Літвы і Латвіі, братэрству трох усходне-славянскіх народаў… “Браслаўскія зарніцы” ладзіліся найперш для мясцовых жыхароў. І вось — глядзі ты! — прыцягнулі да сябе ўвагу ўсёй краіны. Бо аказаліся, бадай, самым даўнім фестывалем з існуючых на Беларусі.
3 чэрвеня — у дзень фестывалю — горад літаральна змяніўся: ужо зранку яго запоўнілі гукі музыкі, людскі гоман, аўтобусы і аўтамабілі, што з’язджаліся сюды з розных канцоў раёна і Віцебшчыны.
 /i/content/pi/cult/119/415/Braslav2.jpg
Журы падводзіць вынікі конкурсу вышыўкі. 
На гэты раз “Зарніцы” праводзіліся як абласное свята і былі прысвечаны гісторыі самога гэтага фестывалю. Распачаліся яны паветрана-водна-спартыўным прадстаўленнем на беразе Дрывятаў.
Водную феерыю — своеасаблівы танец катэраў — дэманстравалі работнікі Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. На пляжы тым часам ішлі выступленні калектываў БДУ фізічнай культуры і спорту. Яшчэ адным яркім, запамінальным відовішчам сталі паказальныя выступленні парашутыстаў Віцебскага аэраклуба.
На галоўнай фестывальнай пляцоўцы ў лесапарку Леснічоўка сабралася каля 5 тысяч чалавек. Адкрыў 40-ыя Зарніцы над Браславамі старшыня Браслаўскага райвыканкама Уладзімір Лакомы. У якасці гасцей прысутнічалі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Лявонцій Харужык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ванда Януковіч, старшыня суседняга Пастаўскага райвыканкама Эдуард Казура, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення культуры Мікалай Пашынскі. На фестывальнай сцэне ўшаноўвалі тых, хто стаяў ля вытокаў “Браслаўскіх зарніц”: былога першага сакратара райкама Барыса Лысага — ён аўтар ідэі фестывалю, былую загадчыцу аддзела культуры Валянціну Вашчанка, заслужанага работніка культуры Беларусі Алу Клімовіч — у свой час яна дырыжыравала на гэтым фэсце зводным тысячным хорам...У святочным канцэрце выступілі самадзейныя артысты не толькі з Браслаўшчыны, а і з Віцебска, Полаччыны, Лепельшчыны, Докшыцкага раёна, творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
 /i/content/pi/cult/119/415/Braslav3.jpg

 Удзельнікі ансамбля народнай песні "Нявіда"
з Полацкага раёна
.


А потым мы сталі сведкамі зліцця двух фестываляў. У Браслаў завіталі ўдзельнікі рэспубліканскага фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла” на чале з начальнікам упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Васілём Чэрнікам. Як сказаў у прывітальным слове Васіль Мечыслававіч, сёлета майстры мастацтваў даюць свае канцэрты на Віцебшчыне ў Браслаўскім і Ліёзненскім раёнах. У гэты свой прыезд фестывальная брыгада, апроч Браслава, працуе ў Слабодцы і Відзах. І дай Бог любому іншаму фестывалю праіснаваць столькі часу, як “Браслаўскія зарніцы”. Завяршыўсягала-канцэрт у лесапарку Леснічоўка яскравым выступленнем Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”.У гэты дзень у Браславе яшчэ можна было ўбачыць паказальныя выступленні турыстаў, Музей традыцыйнай культуры праводзіў выстаўку-конкурс вышыўкі, працавала дзіцячая пляцоўка “Планета забаў”, у “гандлёвых радах” народ частаваўся рознымі прысмакамі, адной з самых запатрабаваных сярод якіх была рыбацкая юшка… А як сцямнела, горад асвяціў феерверк на Замкавай гары — падарунак ад абласнога ўпраўлення культуры.

Наталля РУСАК,
наш спецкар.
Мінск — Браслаўскі раён —Мінск
Фота аўтара