Гульнятэка ад “Скарбонкі”

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Яшчэ ў 1993 годзе аматарскае аб’яднанне “Кашалёўская скарбонка” Кашалёўскага дома фальклору, што на Зэльвеншчыне, распачало сваю работу па пошуку, адраджэнні, захаванні і папулярызацыі народных традыцый, звычаяў, святаў, абрадаў.

 

 Аб’яднанне ладзіць народныя святы, абрадавыя гульні, вячоркі і сустрэчы з народнымі майстрамі, носьбітамі песеннага фальклору і вуснай народнай творчасці.

Удзельнікі “Кашалёўскай скарбонкі” праводзяць фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі на тэрыторыі свайго рэгіёна. Плёнам гэтай працы — альбомы “Загадкі ад бабулі Сабіны”, “Кашалёўскія выслоўі”, а таксама гульнятэка беларускіх абрадавых гульняў.

Адроджаны абрады “Каляда-калядзіца”, “Вялікдзень”, “Купалле”, “Троіца”, “Уваходзіны”, “Саракі”, “Ляльнік”, “Піліпаўскія попрадкі”, “Багач”, “Сёмуха”, “Яблычны Спас”, “Мікола вясновы”, “Гуканне вясны”. А з “Суконнай талакой” удзельнікі аб’яднання выязджалі ў аграгарадок “Вялікія Эйсманты” Бераставіцкага раёна — для ўдзелу ў Абласным занальным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямонне”.

Адметнасцю калектыву з’яўляецца тое, што артысты апранаюцца ў святочныя строі, пашытыя з улікам мясцовых традыцый і аздобленыя рукамі саміх удзельнікаў. У 2004 годзе Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці выдаў зборнік “Шляхамі адраджэння” (з вопыту работы Кашалёўскага СДК), у які ўвайшлі абрады “Вадохрышча”, “Грамніцы”, “Суконная талака”.

“Кашалёўская скарбонка” прымае ўдзел у раённых і абласных аглядах аматарскіх аб’яднанняў, конкурсах “Галасы гісторыі”, раённых і абласных семінарах, днях інфармавання ідэалагічных работнікаў.

А ў 2007-м аб’яднанню было прысвоена ганаровае найменне “ўзорны аматарскі калектыў”: за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную і выставачную дзейнасць.

 Лідзія КІСЛАЯ, дырэктар Кашалёўскага дома фальклору Зэльвенскі раён

На здымку: удзельнікі аматарскага аб'яднання “Кашалёўская скарбонка”.