Паглыбленне ў постфальклор

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Шматлікія аспекты існавання фальклору ў сучасных умовах разглядалі навукоўцы, студэнты, выкладчыкі рэспубліканскіх і замежных ВНУ, работнікі ўстаноў культуры на IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

 

Асяроддзе бытавання аўтэнтыкі змяняецца, і для таго, каб максімальна захаваць яе, неабходна выпрацаваць новыя падыходы для працы. Прафесар кафедры зместу і метадаў выхавання Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Галіна Барташэвіч на пленарным пасяджэнні адзначыла, што неабходна выяўляць этнакультурную некампетэнтнасць педагогаў. Ды і ўвогуле, апантаных аматараў, якія рухаюць справу, вельмі няшмат.

 “Дзецям вельмі складана засвойваць песні, чытаючы іх па падручніку, таму варта, як і раней, перадаваць тэксты вербальна, — заўважае даследчыца. — Змяніліся таксама функцыі абрадаў: раней дамінавала рэгулятыўная, выхаваўчая, а сёння на першае месца выходзіць мастацкая, эстэтычная, і на гэта трэба звяртаць увагу”.

 Доктар філасофскіх навук Энгельс Дарашэвіч прапанаваў ужываць для сённяшняга фальклору тэрмін “постфальклор”: “Гэтая культура дыстанцыянавана ад мастацкай самадзейнасці, прафесійнай культуры і ўласна фальклору, які перадавалі бабулі дзецям, але ўжывае клішэ апошняга, цытуе яго. Для яе характэрны карнавальнасць, імправізацыя, спантаннасць творчасці. Постфальклорам можна назваць, скажам, творчасць удзельнікаў руху, якія адрадзілі беларускую дуду”.

На двухдзённай канферэнцыі даследчыкі з суседніх краін, многіх куткоў Беларусі расказвалі пра мясцовыя асаблівасці інтанацый, тэкстаў, музычнага акампанавання фальклору, уплыў яго на іншыя віды мастацтва. Шматлікія секцыі закранулі праблемы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, трансфармацыі відаў і жанраў аўтэнтычнага фальклору, арганалогіі і спеўнай этнафоніі, існаванне традыцыйнай культуры ў сучаснай адукацыйнай прасторы, перадачу яе дзецям. Другі дзень быў “практычным”: вядомыя спецыялісты, якія вывучаюць музычныя інструменты Беларусі і Расіі, а таксама побытавы танец, правялі для ўдзельнікаў майстар-класы.

Выдатна падсумаваў сказанае на канферэнцыі дынамічны, насычаны адкрыццямі канцэрт сапраўднага постфальклору пад назвай “Традыцыі і пераемнікі”. Выступалі на ім маладзёжныя гурты, створаныя выкладчыкамі і студэнтамі БДУКіМ: “Талака”, “Кроса”, “Раме”, “Гуды” ды іншыя. Не толькі своеасаблівасць традыцый, але і шчырая зацікаўленасць у справе, прага да бездакорнага выканання, моцны мастацкі ўзровень захапілі нават “непадрыхтаваных” гледачоў. Незвычайныя інструменты і спеўныя эксперыменты паказалі госці — калектыў “Улица” з Масквы і “Горина” з Роўна.