На сенажаць “з Радзівіламі” без рэкламы не трапіш

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Зусім нездарма асноўная тэма, якая цікавіла журналіста “К” у гэтай камандзіроўцы, — развіццё турызму ў такім прывабным для вандроўніка рэгіёне, як Нясвіжшчына, і, натуральна, унёсак мясцовага аддзела культуры ў агульнатурыстычную “скарбонку” краю. Шмат у гэтым накірунку зроблена, шмат плануецца зрабіць. Цікава і тое, што, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў, на турыстычных паслугах збіраюцца зарабляць — і ўжо зарабляюць — не толькі мясцовыя клубнікі, а і бібліятэкары. Зрэшты, Нясвіжшчына — край старадаўні і багаты на гістарычныя цікавосткі, якія заўсёды вабяць да сябе айчынных ды замежных турыстаў. Чаго варты толькі адзін Радзівілаўскі палац з паркам! А калі вандроўнік пабачыць старажытны касцёл, над чыёй вытанчанасцю дбаў Джавані Марыя Бернардоні, а таксама выйдзе ў гарадскі цэнтр, да ўзноўленай ратушы, дык зразумее, што Нясвіж — сапраўдны еўрапейскі горад са своеасаблівым каларытам, у які немагчыма не ўлюбіцца пасля першага ж наведання.

Аддзел у сістэме турызму: сацыякультурны зрэз

Як вырашыць "гасцінічнае пытанне" з дапамогай аддзела культуры?

/i/content/pi/cult/268/4139/10-2.jpg Народ пытаецца і прапануе

Баль? А чаму б і не?

 І ў горадзе, і пад час паездкі па раёне пытаўся пра развіццё турызму ў мясцовых жыхароў. Як пераканаўся, нясвіжцы вельмі зацікаўлены ў тым, каб іхні горад і сельскія паселішчы былі больш прывабныя для заезджых турыстаў.

Святлана, маладая маці з Нясвіжа:

- Горад наш, асабліва ўлетку, выглядае вельмі прыгожым і прывабным для гасцей. Адно засмучае: гасцініца ў горадзе - старая. Няма дзе пераначаваць прыезджым, асабліва калі праводзіцца, скажам, вялікі фестываль.

Андрэй, студэнт, жыхар Нясвіжа:

- Хацелася б кожны год бачыць у культурным жыцці горада нешта новае, адметнае: рабіць, да прыкладу, касцюміраваныя балі або прапаноўваць пакатацца на конях. Карацей, хочацца, каб і старажытнасць была прадстаўлена, і праводзіліся нейкія своеасаблівыя акцыі, і, магчыма, фестываль рок-музыкі, рыцарскія турніры...

Сяргей, вадзіцель з вёскі Завітая:

- Дрэнныя дарогі ў нас. А ў вёсцы ж ёсць аграсядзіба, што прыналежыць райвыканкаму. Чаму ж нельга пакласці асфальт? Трэба клапаціцца пра таго ж турыста, а то ён сюды не праедзе.

  У райвыканкамаўскай "лятучцы", зыніцыяванай "К", прынялі ўдзел намеснік старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр МАЙСЕНЯ, начальнік аддзела культуры Леаніда ВІХРОВА і выконваючая абавязкі дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена ШКРАБА.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Якая галоўная задача стаіць перад аддзелам культуры на бягучы і бліжэйшыя гады?

Аляксандр МАЙСЕНЯ: /i/content/pi/cult/268/4139/10-1.jpg

- Працуе аддзел культуры няблага. Але хацелася б, каб культура займела большы ўплыў на развіццё турызму. Глядзіце, афіцыйна Нясвіж летась наведала каля 140 тысяч гасцей, неафіцыйна - у два-тры разы болей. Трэба, каб гэтая перспектыўная турыстычная ніша была занята нашай культурай. Патрэбна рэклама, новыя напрацоўкі, барацьба за кожнага прыезджага. Тут адна праблема, канешне, нас стрымлівае: не вельмі развітая турыстычная інфраструктура.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Гэтая праблема існуе ў многіх патэнцыйна-турыстычных рэгіёнах, згадайма тую ж Гродзеншчыну. Дарэчы, людзі, з якімі даводзілася размаўляць на вуліцах Нясвіжа, пыталіся, калі ж у іхнім горадзе з'явіцца дастатковая колькасць гасцініц. Што можаце адказаць на гэта?

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

- Балючае пытанне, прызнаюся. Але да 1-га ліпеня будзе завершана рэканструкцыя пад гасцініцу будынка былой вайсковай часткі. Тады наш стары гатэль зачыніцца на рамонт: плануем пашырыць яго плошчы і рэканструяваць. Ужо выдаткаваны грошы на праектна-каштарысную дакументацыю.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Адразу ўнясу прапанову: а чаму б аддзелу культуры не займець сваю гасцініцу? Можна пад гэтыя мэты прыстасаваць, напрыклад, будынак сельскага Дома культуры або сельскага клуба, што знаходзяцца непадалёк ад горада. Так, дарэчы, зрабілі ў Браслаўскім раёне. Мікалай Пашынскі, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, калі прыязджаў у рэдакцыю "К" на "круглы стол", распавёў: гасцініца тая вельмі запатрабавана і ніколі не пустуе. Тое самае, упэўнены, будзе і на Нясвіжшчыне.

/i/content/pi/cult/268/4139/10-3.jpgАляксандр МАЙСЕНЯ:

- У аддзела культуры ёсць свой інтэрнат, які можна лічыць і гасцініцай. Ды я лічу, што аддзелу мець гасцініцу немэтазгодна. Чаму? Таму што трэці ў горадзе гатэль на 48 месцаў да канца года будзе здадзены ў самім палацы Радзівілаў. Гаворка - пра будынак колішняй стайні, які цяпер адрэстаўраваны. Асноўныя рамонтныя работы там завершаны. Будуецца прыватная гасцініца на 62 месцы насупраць касцёла. Лічу, што мы мэтанакіравана развіваем турыстычную інфраструктуру ў горадзе.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Добра, тады яшчэ адна прапанова. У Акцябрскім раёне аддзел культуры выкупіў былы піянерскі летнік. Цяпер там праводзяць семінары, канферэнцыі, карпаратывы, ладзяць індывідуальны адпачынак, аказваюць шэраг платных паслуг: пражыванне, харчаванне, разнастайная культурная праграма - кузня, коні...

Леаніда ВІХРОВА:

- У нас ёсць музейны аб'ект "Кузня" каля Нясвіжскага краязнаўчага музея, які карыстаецца вялікім попытам у турыстаў. І на карэце мы катаем таксама.

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

 - Увогуле, гэта цікавая ідэя, і можна было б над ёй падумаць - пры наяўнасці дастатковых фінансавых сродкаў. Але ў нас хапае і сваіх задум. Так, напрыклад, плануем стварыць прывабны турыстычны аб'ект у вёсцы Макашы. Там быў млын, мы яго адрамантавалі, наладзілі ўсю тэхнічную лінію: ад засыпкі зерня да вырабу гатовага хлеба. Тым больш, гэты турыстычны аб'ект знаходзіцца на брэсцкай трасе і, упэўнены, будзе карыстацца попытам у турыстаў. Да канца года млын увядзём у строй. Цяпер там будуецца некалькі дамкоў - для тых, хто захоча адпачыць, - а таксама лазня. Будзем прапаноўваць і паслугі па рыбнай лоўлі.

Леаніда ВІХРОВА:

- Аддзел жа культуры будзе адказваць за "забаўляльную" вечаровую праграму: выкарыстаем для гэта народныя калектывы. Напрыклад, з бліжэйшага Астроўскага СДК.

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

- Аддзелу ўвогуле трэба больш працаваць над прыцягненнем людзей у гурткі мастацкай самадзейнасці. Хоць мы і маем больш за 150 калектываў, неабходна пашыраць гэты накірунак працы і надалей. І задзейнічаць артыстаў у турыстычнай сферы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Цалкам з Вамі згодны. Ды вось праблема: былі ў Завітой, ёсць там база агра-экатурызму, і калектыў з мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі "Рэха" ўжо сустракае гасцей народнымі спевамі, але робіцца ўсё бясплатна...

 Аляксандр МАЙСЕНЯ:

- Калі казаць пра Завітую, дык там - невялікі турыстычны аб'ект. Ці варта рабіць тэатралізацыю або спяваць песні для 4-5 чалавек? У іншых месцах, у тых жа перспектыўных Макашах, гэта рабіць неабходна. Тым больш, у нас ёсць выдатныя калектывы, згадайма той жа Дзіцячы ансамбль народных інструментаў "Аношкаўскія музыкі". Яны пабывалі ў Расіі, Літве, Эстоніі...

Леаніда ВІХРОВА: /i/content/pi/cult/268/4139/10-4.jpg

- Гасцей і турыстаў горада заўсёды сустракае наш народны калектыў аматарскага тэатра імя Уршулі Радзівіл. Можна сфатаграфавацца з артыстамі ў стылізаваных касцюмах у гарадскім парку або каля ратушы. Але праца з абслугоўваннем турыстаў калектывамі самадзейнасці ў нас, калі быць шчырай, толькі пачынаецца. Плануем шчыраваць на гэтай дзялянцы і надалей, натуральна, на платнай аснове.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не магу абмінуць вечнае пытанне з дарогамі. Бо ў той жа Завітой мае суразмоўцы пыталіся, калі ж у іх будзе пракладзены асфальт. Ды і мы ледзь праехалі па пяску да аграсядзібы...

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

- Заасфальтуем там дарогі яшчэ да канца года... А калі казаць пра Нясвіж, дык у нас пяць гадоў таму было недзе 39 працэнтаў вуліц з належным пакрыццём. Цяпер сітуацыя ў райцэнтры - іншая: заасфальтавана амаль 70 працэнтаў вуліц - пры нарматыве 60 працэнтаў. Так што і гэтую праблему паступова вырашаем.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але вернемся да магістральнай тэмы. У чым жа мае праявіцца гэтае больш цеснае, як вы кажаце, узаемадзеянне культуры і турызму?

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

- Мы абмяркоўвалі пытанні развіцця турыстычнай дзейнасці рэгіёна літаральна 26 мая, таму, упэўнены, у аддзела культуры ўжо з'явіліся пэўныя прапановы і сваё бачанне развіцця адпаведнай сферы Нясвіжшчыны. Бо ўсе задумы трэба рэалізаваць да мая 2011 года, калі адкрые свае дзверы адрэстаўраваны палац Радзівілаў.

Леаніда ВІХРОВА:

- Калі весці гаворку пра турыстычныя планы аддзела культуры, дык плануем з 1 чэрвеня распачаць каля ратушы і ў гарадскім парку правядзенне майстар-класаў па розных накірунках народных рамёстваў: саломкапляценні, лозапляценні, ткацтве... Маем намер кожную нядзелю задзейнічаць для гэтага як народных майстроў, так і выкладчыкаў Цэнтра пазашкольнай работы. Натуральна, паўсюль станем прапаноўваць сувеніры для турыстаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А як, дарэчы, наладжана справа з продажам вырабаў народных майстроў? Ці шмат зарабілі на гэтым летась?

Леаніда ВІХРОВА:

 - Прыкладна 10 мільёнаў рублёў, што, лічу, не мяжа. Абавязкова будзем развіваць і гэты накірунак турыстычнай работы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Можна і пры пунктах прыдарожнага сервісу наладзіць продаж сувеніраў - так, як гэта практыкуецца на Віцебшчыне.

Леаніда ВІХРОВА:

 - На жаль, прыдарожны сервіс у раёне пакуль не наладжаны...

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

 - Вялікія спадзяванні - і на нашы знакавыя культурныя мерапрыемствы. Фестываль камернай музыкі "Музы Нясвіжа" прайшоў літаральна некалькі тыдняў таму і сабраў вельмі шмат гасцей з Беларусі ды іншых краін. Штогод праводзім раённы Фестываль нацыянальных культур. А 25 - 26 чэрвеня ў Нясвіжы ўпершыню адбудзецца оперны фестываль у двары Радзівілаўскага палаца. На наступны год, як плануем, сюды прыедуць і госці з Польшчы. Яшчэ адзін наш рэсурс - гістарычная тэматыка. У нас ёсць шмат касцюмаў, стылізаваных пад эпоху Сярэднявечча. Летам будзем прыцягваць да працы "на культуру" студэнтаў нашых навучальных устаноў: апранаць іх на старадаўні манер, каб турысты маглі сфатаграфавацца побач з нашымі "старадаўнімі" героямі, як гэта робіцца ў згаданым ужо тэатры. Яго артысты, між іншым, ужо ладзяць тэатралізаваныя вяселлі ў ратушы пад старадаўнюю музыку і танцы. Плануем задзейнічаць іх і ў іншых тэатралізацыях.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А ў раёне падобныя мерапрыемствы праводзяцца?

Леаніда ВІХРОВА:

- Пакуль што не. Але ў нас на вяселлях вельмі запатрабаваны тэатралізацыі з удзелам народных калектываў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Яшчэ адна прапанова: стварыць Музей хлеба, мёду, гурка або таго прадмета ці стравы, што на Нясвіжшчыне распаўсюдзілася пры Радзівілах, каб і такім чынам паказаць гістарычную своеасаблівасць рэгіёна.

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

 - Думаем і пра гэта. Пры Радзівілах у парку Альба існавала вёсачка, куды прыязджалі госці-магнаты, скідалі з сябе шыкоўнае адзенне, апраналі світкі, усё сялянскае і ішлі, да прыкладу, касіць. Быў так званы "пацешны" флот на возеры...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Дык можа, трэба скарыстацца вопытам Радзівілаў і зладзіць нешта падобнае ў вас? Напрыклад, прыязджае мінчанін, стомлены ад сталіцы, у парк Альба, завітвае ў старадаўнюю вёсачку, змяняе там джынсы на льняныя порткі (ужо гэта незвычайна для гараджаніна!) і спрабуе свае сілы ў клопатах па гаспадарцы: косіць, доіць карову або вудзіць рыбу ў чоўне... Наконт уласнага флоту можна таксама падумаць...

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

 - Падумалі ўжо! Літаральна днямі набылі катэр на 5-6 чалавек: будзем вазіць турыстаў па возеры. Можна, напрыклад, заязджаць з імі на Востраў кахання, рабіць там тэатралізацыі або запрашаць мясцовых музыкантаў, каб яны гралі для турыстаў. На тым жа возеры ёсць так званая Паповая Горка. Плануем паставіць там некалькі домікаў, каб працавалі ў іх нашы народныя майстры і таксама, вядома, прадавалі свае вырабы. З цягам часу можна будзе зрабіць у тых доміках "пераапранальню", каб ахвотныя, як і пры Радзівілах, змаглі адчуць напоўніцу смак сялянскага побыту. Але не ўсё ж адразу...

Леаніда ВІХРОВА:

 - Ідэя ўвогуле цікавая, і мы яе абавязкова ўвасобім. Будзем, магчыма, на Востраве кахання ладзіць інсцэніроўкі легенды аб каханні Яна і Марысі пры дапамозе артыстаў нашага тэатра, рабіць пастаноўкі гістарычных міні-спектакляў у дворыку Радзівілаўскага палаца...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Закрану цікавую для мяне тэму: турызм і бібліятэкі горада ды раёна. Здаецца, пра падобнае ўзаемадзеянне мы яшчэ падрабязна не пісалі. Ведаю толькі, што ў некаторых раёнах пры цэнтральнай бібліятэцы наладжаны выраб і продаж - як для жыхароў, так і для турыстаў - буклетаў, брашур, рэкламных лісткоў, пераважна гісторыка-краязнаўчага зместу. Ці практыкуецца падобнае ў Нясвіжскай ЦБС? Гэта ж, дарэчы, і яшчэ адна крыніца развіцця пазабюджэтнай дзейнасці...

Алена ШКРАБА:

- Выпускаем і буклеты, і брашуры, пакуль - на бясплатнай аснове: у асноўным, дорым іх турыстам. Але паступова будзем пераводзіць гэтую дзейнасць на камерцыйную аснову...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пабывалі ў філіяле Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэкі, што была летась адрамантавана: шыкоўныя залы, новая мэбля, вялікі выбар кніг, уся найноўшая камп'ютэрная тэхніка з Інтэрнетам - карацей, мара сельскай бібліятэкі любога раёна. Але нічога "турыстычнага" там не прапаноўваюць, акрамя хіба Інтэрнета. Ды і ім, як кажуць самі бібліятэкары, не надта карыстаюцца мясцовыя жыхары. Мо таму і план платных паслуг не надта вялікі: на гэты год усяго толькі 300 тысяч. Але ў рамонт установы культуры былі ўкладзены вялікія дзяржаўныя грошы. А іх трэба паступова вяртаць, у тым ліку і за кошт развіцця канкурэнтаздольных турыстычных паслуг...

Алена ШКРАБА:

- У бібліятэках, натуральна, самая неабходная турыстычная паслуга - гэта магчымасць для прыезджых нават у глыбінцы карыстацца Інтэрнетам і ўсім спектрам камп'ютэрных паслуг. А бібліятэкі аграгарадкоў у нас амаль паўсюль абсталяваны камп'ютэрамі і маюць выхад у Інтэрнет.

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

- Камп'ютэры з выхадам у Інтэрнет ёсць і ў сельскіх школах, таму з камп'ютэрызацыяй на сяле пытанняў няма. А наконт таго, што не надта хочуць карыстацца найноўшай тэхнікай, дык апошняе - сведчанне наяўнасці ў той жа Гарадзеі ўласных камп'ютэраў і Інтэрнета ў многіх жыхароў.

Алена ШКРАБА:

- У раёне з мінулага года працуе бібліобус. Будзем выкарыстоўваць яго, у тым ліку, і для турыстычных мэт: вазіць на экскурсіі па літаратурных музеях Нясвіжшчыны і Міншчыны, наогул, па бібліятэках ЦБС раёна і, натуральна, у Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Дарэчы, платныя экскурсіі па Нясвіжскай бібліятэцы наладжаны з дня адкрыцця гэтай установы культуры і карыстаюцца нязменным попытам.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У некаторых раёнах як у дзіцячых, так і ў цэнтральных бібліятэках ёсць такая паслуга, як платныя відэаўрокі, відэалекторыі на разнастайную тэматыку: гістарычную, геаграфічную, краязнаўчую, пазнаваўчую... Гэта таксама яшчэ адзін рэзерв пазабюджэтнай дзейнасці. Да таго ж, падобная паслуга будзе запатрабавана не толькі школьнікамі, але, магчыма, і турыстамі.

Леаніда ВІХРОВА:

- Пакуль такой паслугі ў ЦБ няма. Але будзем абавязкова ўлічваць вопыт іншых раёнаў і ўводзіць новыя віды платных паслуг як у бібліятэках, так і ў клубных установах горада і раёна.

Аляксандр МАЙСЕНЯ:

- Згодны: калі мы ўдасканальваем матэрыяльную базу ў Нясвіжы, у аграгарадках, дык абавязкова трэба развіваць і пашыраць спектр платных паслуг, якія прапануюць установы культуры, наладжваць рэкламу гэтых паслуг. Натуральна, і з прыцэлам на патэнцыйнага турыста.

 Экскурсіі - як па "Нацыяналцы"

Распавяду пра новы будынак Нясвіжскай раённай цэнтральнай бібліятэкі, якая адкрыла свае дзверы для чытачоў восенню 2008 года. На рэканструкцыю ўстановы культуры выдаткавана больш за тры мільярды рублёў.

Адрамантаваная бібліятэка ўражвае. Ёсць тут вялікая чытальная зала з камп'ютэрамі і Інтэрнетам, дарослы і юнацкі абанемент, краязнаўчая зала, а таксама шэраг бібліятэчных службаў: даведачна-бібліятэчны аддзел, цэнтр прававой інфармацыі, цэнтр інфармацыйных паслуг, аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры, бібліятэчнага маркетынгу і нават пакой мастака...

Супрацоўнікі ЦБ праводзяць экскурсіі па сваёй установе - як і іхнія калегі з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Паслуга гэтая - платная: 1500 каштуе квіток для дарослых, 700 рублёў - для школьнікаў. За гэтыя грошы наведвальнікі могуць пабачыць усе бібліятэчныя аддзелы, паглядзець выстаўку карцін і паслухаць расповед пра гісторыю дзейнасці ўстановы культуры.

А нядаўна аддзел бібліятэчнага маркетынгу ЦБ выдаў і невялікую колькасць прэзентацыйных дыскаў, якія фактычна з'яўляюцца камп'ютэрным даведнікам-экскурсаводам па Нясвіжскай ЦБ. Натуральна, заезджы турыст можа іх таксама набыць.

Задумак у мясцовых бібліятэкараў даволі шмат. Так, напрыклад, ужо цяпер у краязнаўчай зале праводзяцца шматлікія тэматычныя платныя выстаўкі старадаўніх выданняў, дакументаў і кніг з бібліятэкі князёў Радзівілаў. Плануецца продаж буклетаў ды брашур аб гісторыі і сучаснасці бібліятэк Нясвіжскай ЦБС, а яшчэ - паказ платных лялечных спектакляў на гістарычныя тэмы. 

Навіны Нясвіжскага палаца

Фактычна скончыліся будаўнічыя работы ў Нясвіжскім палацавапаркавым ансамблі, і максімальная ўвага цяпер будзе надавацца рэстаўрацыі - больш тонкай працы. Пра гэта паведаміў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Валерый Сталярчук. Вядомая гісторыка-культурная каштоўнасць - адзін з брэндаў Беларусі - будзе напоўніцу адноўлена ў 2011 годзе.

"Інжынерныя работы, будаўніцтва практычна завершаны. Спецыялісты сёння працуюць над рэстаўрацыяй фрэсак, жывапісу, старадаўняй ляпніны, - адзначыў Валерый Антонавіч. - Патрэбна аднавіць коміны, печы ўнутры. Таксама хутка папрыгажэюць абводны канал і вал ля сцен палаца. Некаторыя СМІ агучылі дакладную дату адкрыцця помніка, аднак гэтая інфармацыя яшчэ надта няпэўная, і яе складана назваць канчатковай. Вядома, што ў ліпені на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля і парку Радзівілаў будуць працаваць валанцёры: маладыя людзі 18 - 26 гадоў". Першы Міжнародны валанцёрскі лагер "Спадчына Радзівілаў" адкрыецца 5 ліпеня. Адна змена працягнецца амаль 15 дзён і збярэ прадстаўнікоў Беларусі ды суседніх краін, што імкнуліся пабываць на Нясвіжскай зямлі. Другая ж да канца месяца аб'яднае айчынных студэнтаў і моладзь: яны паўдзельнічаюць у археалагічных раскопках, расчыстцы Радзівілаўскага парку.

Дырэктар "Будтрэста № 3" Салігорска Мікалай Ашэйцік, які будзе ўдзельнічаць у "працаўладкаванні" маладых рупліўцаў, паведаміў, што яны дапамогуць у некаторых будаўнічых работах: іх чакае праца як у палацы, так і ў гаспадарчых пабудовах. Пакуль што фарміруецца праграма іх пражывання тут, якая ўключыць адпачынак у намётах на прыродзе, экскурсіі па горадзе і раёне, шматлікія культурныя мерапрыемствы і адукацыйныя трэнінгі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"