У запуску новая стужка

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” распачаліся здымкі новай карціны — “Дотык”. Яе пастаноўшчыкам стаў аўтар “Кадэта” Віталь Дудзін, а сцэнарый стварыў Дзмітрый Якутовіч, які да гэтага пісаў літаратурныя асновы для мультыплікацыйных стужак. Здымкі вядзе аператар Дзмітрый Рудзь. У стужцы задзейнічаны вядомыя беларускія акцёры Аляксандр Ткачонак, Вераніка Пляшкевіч, Руслан Чарнецкі, Андрэй Сенькін, Аляксандр Суцкавер ды іншыя.

Дзеянне гэтай лірычнай меладрамы адбываецца ў нашы дні, у беларускай вёсцы, куды пасля заканчэння гандлёвага каледжа прыязджае па размеркаванні гарадская прыгажуня. Спачатку дзяўчына сумуе па вялікім горадзе і яго забавах, а потым усё больш уцягваецца ў нетаропкі, але такі прыцягальны рытм вясковага жыцця. Карціна задумана ў простай, рэалістычнай манеры, якой і адрозніваецца рэжысёрскі стыль Віталя Дудзіна. “Фільм можа быць цікавым для маладой аўдыторыі і без выкарыстання дарагіх спецэфектаў, — мяркуе пастаноўшчык. — Галоўнае — тая шчырасць, з якой падыходзяць да сваёй працы яго аўтары, прынамсі, акцёры. Заўважце: галоўныя ролі ў карціне выконваюць маладыя людзі, што самі не так даўно скончылі навучальныя ўстановы, але ўжо зрабілі першыя крокі на экране”.

Як плануецца, здымачны перыяд "Дотыку" прадоўжыцца да восені. А прэм'ера стужкі адбудзецца ў першай палове наступнага года.