Вяртанне праз столькі стагоддзяў

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Роўна сто гадоў таму — у 1910-м, напярэдадні дня ўшанавання святой Еўфрасінні Полацкай, 5 чэрвеня, — мошчы прападобнай былі ўрачыста перанесены ў Полацкі СпасаПраабражэнскі храм. Пераважная большасць тагачасных сродкаў масавай інфармацыі не магла абмінуць увагай гэтую важную для духоўнага жыцця нашага краю падзею.

/i/content/pi/cult/268/4134/14-2.jpgДа роднай зямлі

У прыватнасці, штотыднёвы ілюстраваны часопіс "Дружеские речи" ў нумары за 22 мая 1910 г. паведамляў: "Вся православная Белоруссия во главе с городом Полоцком торжественно встречает свою древнюю святыню - мощи преподобной Евфросинии, которые до сих пор почивали в дальних Киевских пещерах, на месте иноческих подвигов преподобной... Долго лелеянной надежде суждено осуществиться ныне". Беларуская газета "Наша Ніва" ў адным з майскіх нумароў гэтага ж года пісала: "21 красавіка стары Кіеў распрашчаўся з мошчамі (рэліквіямі) святой Еўфрасінні, і цяпер з харугвамі і тысячнымі грамадамі народу набліжаецца дачка князёў беларускіх у свой родны сталічны Полацк... Цяпер, праз семсот пяцьдзесят з лішкам гадоў, вяртаецца святая князёўна да роднай зямлі, да роднага беларускага народа".

Варта нагадаць, што першапачаткова святая патронка беларускай зямлі была пахавана ў манастыры Святога Феадосія каля Іерусаліма, куды ў 1167 г. скіравалася ў сваё апошняе падарожжа. У 1187-м, пасля захопу Іерусаліма войскамі егіпецкага султана Салах-эд-Дзіна, праваслаўныя манахі за пэўны выкуп вывезлі з сабой раку з нятленнымі мошчамі святой Еўфрасінні. У той жа год яны былі перапахаваны ў Феадосіевай пячоры КіеваПячэрскай лаўры, у падземным храме Прасвятой Багародзіцы.

 Гісторыя перанясення мошчаў святой Еўфрасінні з Кіева ў Полацк бярэ сво/i/content/pi/cult/268/4134/14-1.jpgй пачатак у сакавіку 1833 г. Па шматлікіх просьбах вернікаў епіскап Віцебскі і Магілёўскі Гаўрыіл звярнуўся з адпаведным хадайніцтвам у Свяшчэнны сінод Рускай Праваслаўнай Царквы. Аналагічныя запыты паступалі з беларускага боку і пасля: у 1840 і 1852 гг. І толькі ў 1867-м пры падтрымцы свяціцеля Філарэта Маскоўскага епіскап Полацкі і Віцебскі Сава атрымаў дазвол на перанясенне ў Полацк часцінкі мошчаў святой, што і адбылося 13 мая 1871 г.

У ліпені 1908-га на Усерасійскім місіянерскім з'ездзе ў Кіеве Віцебскі кафедральны протаіерэй Алексій Мацюшэнскі аднавіў хадайніцтва аб перанясенні ракі з мошчамі святой на радзіму. Дзякуючы згодзе, атрыманай на з'ездзе, была створана спецыяльная камісія па гэтым пытанні. У выніку яе працы 3 ліпеня 1909 г. імператар Мікалай II дазволіў перанесці мошчы святой Еўфрасінні ў Полацк, а 29 студзеня 1910-га быў зацверджаны падрабязны чын перанясення святыні.

Шлях па Дняпры

 22 красавіка 1910 г. з Успенскага сабора Кіева-Пячэрскай лаўры на прыстані каля Дняпра пачаўся хрэсны ход з мошчамі святой Еўфрасінні, які ўзначаліў епіскап Полацкі Серафім Мешчаракоў. Як сцвярджалі відавочцы тых падзей, у гэтых урачыстасцях прыняла ўдзел незлічоная колькасць вернікаў: людзі былі літаральна на ўсіх ўзгорках на шляху працэсіі. Наперадзе хрэснага ходу, што доўжыўся больш за дзве гадзіны, ішлі манашкі на чале з ігуменняй Полацкага жаночага манастыра Іларыёнай. На прыстані працэсію чакаў спецыяльна падрыхтаваны параход "Галавачоў", які ўпрыгожылі кветкамі, а над рубкай парахода, дзе папярэдне адвялі месца для ракі, быў узведзены купал з крыжам, аздоблены электрычнымі агнямі.

Каб дазволіць вернікам пакланіцца мошчам святой, пры падыходзе хрэсных хадоў да манастыроў і сельскіх цэркваў параход неаднаразова спыняўся для здзяйснення малітвы.

 Вось як апісвалі гэтую унікальную працэсію "Полоцкие епархиальные ведомости" ў № 18 за 1910 год (падаецца ў перакладзе кандыдата гістарычных навук Лідзіі Кулажанка): "3-га мая заканчваецца плаванне святых мошчаў па рацэ Днепр. У гэты дзень воды Дняпра, што некалі былі купеллю святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, а цяпер сталі шляхам перанясення святых мошчаў ягонай праўнучкі- прападобнай Еўфрасінні, князёўны Полацкай, у Оршы Магілёўскай губерні павінны будуць разлучыцца з дарагою святыняй, якую яны неслі цягам 12 дзён. Днепр за гэтыя дні, паводле сведчання відавочцаў, уяўляў цудоўную небывалую карціну: усюды, дзе па берагах знаходзіліся паселішчы, народ хрэснымі ходамі, з запаленымі свечкамі, а па начах - з вогнішчамі і велікоднымі песняспевамі сустракаў і праводзіў параход "Галавачоў", што вёз святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні. Пры набліжэнні парахода да месцаў размяшчэння хрэсных хадоў увесь народ кленчыў і голасна ўсклікаў: "Прападобная маці Еўфрасіння, малі Бога за нас!" А на параходзе ў гэты час гучалі малебныя песняспевы, далёка разносілася праслаўленне прападобнай. Гэта спявалі свяшчэннаслужыцелі і манашкі, якія суправ/i/content/pi/cult/268/4134/14-3.jpgаджалі мошчы. Карціна была невыказна ўрачыстай і кранальнай. Пачуццё захаплення міжволі напаўняла сэрцы ўсіх, хто быў відавочцам гэтай падзеі. Яшчэ больш урачыстае і велічнае відовішча ўяўлялі месцы прыпынкаў з мошчамі прападобнай. Такімі шчаслівымі месцамі аказаліся мястэчка Любеч Чарнігаўскай губерні, горад Рэчыца Мінскай губерні, мястэчка Жлобін, гарады Рагачоў, Стары Быхаў, Магілёў, Орша Магілёўскай губерні".

Маецца шэраг сведчанняў і пра ацаленне людзей пад час перанясення мошчаў. У прыватнасці, калі працэсія знаходзілася ў Магілёве, цудоўным чынам вылечылася цяжкахворая жанчына з вёскі Падгор'е Вейнянскай воласці Магілёўскага павета: яна прыклалася да святых мошчаў і адразу адчула сябе здаровай.

У Магілёве мошчы святой Еўфрасінні знаходзіліся цягам трох дзён, пасля чаго параход накіраваўся да Оршы - канчатковага пункта свайго плавання. Да гэтага часу ў Оршы для сустрэчы святыні сабраліся дзесяткі тысяч людзей з усіх ваколіц на чале з епіскапам Магілёўскім Стэфанам. Па сведчаннях відавочцаў, нічога падобнага Орша ніколі не бачыла: мошчы былі перанесены для шанавання ў гарадскі сабор, і цэлыя суткі да іх не спыняўся паток паломнікаў.

І спраўдзіліся прарочыя словы

 Далейшы шлях хрэснага ходу прайшоў праз Віцебск, куды мошчы беларускай асветніцы неслі на руках. Па падліках Свята-Уладзімірскага брацтва, якое падрыхтавала і раздавала паломнікам брашуры, цягам дзесяці дзён у Віцебску святой пакланіліся больш за 50 тысяч чалавек. А ўжо 2 чэрвеня з Полацка насустрач працэсіі з мошчамі святой выйшаў хрэсны ход, які ўзначалілі архіепіскап Антоній Храпавіцкі і епіскап Серафім Мешчаракоў. У другой палове дня пад песняспевы ў гонар святой Еўфрасінні яе мошчы былі ўрачыста занесены ў горад, і такім чынам спраўдзіліся прарочыя словы святой князёўны, што яна вернецца ў родны Полацк. А ўвечары 4 чэрвеня пачалося ўрачыстае перанясенне мошчаў святой у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Акрамя шматтысячнай масы паломнікаў, удзельнічалі ў працэсіі і прадстаўнікі вышэйшай свецкай улады, у тым ліку вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна.

Трэба адзначыць, што мошчы святой памясцілі ў адмыслова збудаваную срэбраную раку, аздобленую барэльефамі, эмалевымі выявамі і арнаментам. Яна была выраблена на ахвяраванні вернікаў і важыла 40 пудоў (каля 640 кілаграмаў), 8 з якіх складала срэбра.

 У 1915 годзе, у час эвакуацыі ў Першую сусветную вайну, мошчы святой былі перанесены ў растоўскі Аўраміеў манастыр. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі мошчы Еўфрасінні Полацкай трапілі ў экспазіцыю Віцебскага краязнаўчага музея, а ўсе каштоўнасці, у тым ліку срэбраная рака, былі канфіскаваны. У час Вялікай Айчыннай вайны вернікі перанеслі мошчы ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе гэтая святыня шануецца да нашых дзён.

К.А.