Ад многіх помнікаў даўняга горада захаваліся толькі пашкоджаныя часам сцены і столь. У кармеліцкім касцёле XVII стагоддзя праводзяцца богаслужэнні, аднак задзейнічана толькі невялікая частка памяшкання: у асноўнай жа хаваюцца пад будаўнічымі рыштаваннямі каштоўныя фрэскі. Апошнія работы па рэстаўрацыі тут, як і ў езуіцкім касцёле Святога Міхаіла Архангела ды былой мужчынскай гімназіі, праводзіліся надта даўно.
Улады горада засведчылі, што ўкладаць у аб'екты невялікія сродкі часткамі- не выйсце, бо аднаўленне зацягнецца. Асобная ж праграма фінансавання, накіраваная ў гэты перспектыўны для развіцця турызму край, можа выратаваць сітуацыю.
Свята-Успенскі Пустынскі манастыр - помнік XIV стагоддзя, што знаходзіцца недалёка ад горада, сёння рэканструюецца. Храм Нараджэння Божай Маці, купель, карпусы, дзе жывуць сёння чатыры браты, былі адноўлены, і паломнікі з'язджаюцца сюды з розных краін свету. Яшчэ некалькі храмаў на гэтай маляўнічай зямлі чакаюць рэканструкцыі. Па словах міністра, фінансаванне, якое сюды накіроўваецца, будзе павялічана.