Чатыры чвэрці ХХ-га

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстаўка “Беларускія пісьменнікі ХХ стагоддзя ў выяўленчым мастацтве”.

Сярод мноства карцін у прасторы выставачнай залы нельга не адзначыць шмат знакамітых работ Л.Шчамялёва, Г.Паплаўскага, А.Кашкурэвіча, Н.Шчаснай, У.Савіча ды шэрагу іншых аўтараў. Выстаўка размешчана ў трох залах і ўмоўна падзелена на чатыры часткі. На пачатку - перыяд першых двух дзесяцігоддзяў ХХ ст., дзе наведвальнік музея можа спрычыніцца да спадчыны класікаў нашага прыгожага пісьменства. Апрача мастацкіх работ можна пабачыць рукапісы, кнігі і часопісы пачатку стагоддзя, фотаздымкі і рарытэтныя рэчы пісьменнікаў.

У наступнай частцы, акрамя партрэтаў пісьменнікаў, што пабывалі за кратамі ў час сталінскіх рэпрэсій, размешчаны рукапісы ўспамінаў пра лагернае жыццё Сяргея Грахоўскага, Алеся Звонака, пярсцёнак і крыж паэта Сяргея Новіка-Пеюна, зробленыя ім з калючага дроту пад час ссылкі на Калыму...

Святкуючы 65-годдзе Перамогі, супрацоўнікі аддалі вялікую частку экспазіцыі тэме літаратуры пра вайну. У апошняй жа зале прадстаўлены выявы творцаў пасляваенных гадоў. Тут можна ўбачыць партрэт Яўгеніі Янішчыц пэндзля М.Будавея, каларытны вобраз Язэпа Семяжона мастака С.Федарэнкі, выяву Івана Шамякіна аўтарства А.Замай, непаўторныя работы сябра Уладзіміра Караткевіча П.Драчова. З музейных жа калекцый увазе наведвальнікаў прадстаўлены незвычайныя прадметы, якія ў свой час належалі творцам: гэта бамбукавая змейка і кашуля з нацыянальным узорам Янкі Маўра, марскія ракавіны, незвычайныя трубкі Уладзіміра Караткевіча і многія іншыя прадметы.

Наталля НАСТАСІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры