Сага пра Мінск

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

У “Пераходнай галерэі” Нацыянальнага мастацкага музея РБ адкрылася выстаўка графікі Анатоля Тычыны за перыяд з 1920-х па 1980-я гады.

/i/content/pi/cult/119/413/Saga.jpg 
 А.Тычына. "Стары Мінск. 1920-я гады".
Сярод шматлікіх графічных твораў А.Тычыны, прысвечаных Мінску, ёсць сапраўдныя шэдэўры графікі.
А.Тычына — прадстаўнік першага пакалення найвыдатных беларускіх мастакоў-класікаў ХХ стагоддзя ў галіне экслібрыса, кніжнай і станковай графікі. Ён з’яўляецца патрыярхам беларускай каляровай лінагравюры.
Да канца свайго жыцця мастак не мог развітацца з зачараванасцю любімым горадам, які маляваў у розныя поры года і дня: алоўкам, тушшу, выразаў у лінарытах, маляваў акварэллю, пастэллю. Творчаму развіццю спрыяла яго супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры: А.Тычына ўваходзіў у склад Усебеларускага аб’яднання бібліяфілаў, Камісіі гісторыі мастацтва, Таварыства прыхільнікаў беларускага выяўленчага мастацтва. У 1970 — 1980-я гады даследаванні беларускай графікі працягваліся ў альбомах і публікацыях аб беларускім экслібрысе.Увасабленне Мінска 1920 — 1930-х гадоў, найперш гістарычнага цэнтра горада з яго культавымі і свецкімі помнікамі, уяўляюць аркушы “Стары Мінск” (1922), “Плошча Свабоды” (1931). Яго вабяць пабудовы, кантрасты, архітэктура, фабрыкі, заводы, побыт — усё, дзе ішла творчая і вытворчая праца. Ён маляваў Мінск у драматычныя 1940-я гады: “У разбураным Мінску” (1945). У 1960 — 1970-я радаваўся кожнаму новаму будынку, які вырастаў у адноўленым з руінаў горадзе. Тут горад паўстае ў рамантычнай узнёсласці: “Новыя дамы на Прывакзальнай плошчы” (1952), “Плошча Перамогі” (1956), “Палац прафсаюзаў” (1971). Мабыць, самым лірычным матывам для вобразнага вырашэння Мінскай тэмы стала панарама горада, убачанага з новага моста над Свіслаччу, — “Над ракой Свіслаччу” (1954), дзе ўвасобіліся самыя характэрныя рысы стылю нацыянальнай рамантыкі сярэдзіны ХХ стагоддзя.
Тэму Мінска і асяроддзя творчай і навуковай інтэлігенцыі знітоўваюць славутыя экслібрысы мастака 1920 — 1980-х гадоў, выкананыя для кніжных збораў М.Шчакаціхіна, М.Каспяровіча, Янкі Маўра, У.Караткевіча, А.Мальдзіса і інш. 

Людміла НАЛІВАЙКА,
вядучы навуковы супрацоўнік
Нацыянальнага мастацкага музея