“Друкар” і 41 мільён

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Больш за 41 мільён рублёў паступіла на дабрачынны рахунак, адкрыты для падрыхтоўкі да Дня пісьменства ў аддзяленні № 326 “Беларусбанка” ў Хойніках (“К” пісала пра гэта ў № 13 за 2010 г.). Рэспубліканскае свята падтрымалі, у асноўным, прадпрыемствы, прыватныя фірмы і жыхары Хойніцкага раёна.

Сёння горад зведвае змены: адбываюцца капітальныя рамонты дарог, прыгажэюць вуліцы. Новую тэхніку і мэблю атрымаюць установы культуры горада Хойнікі да Дня пісьменства. Пра гэта стала вядома пасля правядзення чарговага абласнога Штаба па падрыхтоўцы да свята, які прайшоў 2 чэрвеня з удзелам намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Пятра Кірычэнкі. Начальнік аддзела культуры Хойніцкага райвыканкама Валянцін Баранаў адзначыў: "Больш за 2 мільярды рублёў накіравана на капрамонт раённага Дома культуры; бібліятэка і дзіцячая школа мастацтваў атрымалі каля 900 мільёнаў. Рамонтна-будаўнічыя работы вядуцца ў Сядзібным комплексе XIX стагоддзя, куды хутка пераедзе раённы краязнаўчы музей".

Гліняная статуэтка "Друкар" падрыхтавана спецыяльна да свята на Мазырскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Шмат керамічных вырабаў можна будзе набыць у Хойніках: збанкі, кубкі, медалі, малую скульптуру з гербам горада або яго назвай. Да Дня пісьменства майстры саткалі на кроснах ручнік з беларускім арнаментам. Пра ўсё гэта паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара Мазырскай фабрыкі Уладзімір Агафоненка.

С.Ю.