Біенале і прэстыж

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

II Мінская міжнародная біенале сучаснага жывапісу “Colorfest” адкрыецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 15 чэрвеня.

Цягам двух месяцаў тут будзе праходзіць выстаўка-конкурс жывапісных работ мастакоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Эстоніі ды іншых краін. У межах біенале наведвальнікі змогуць пабачыць таксама персанальную экспазіцыю вядомага італьянскага мастака Рафаэля дэ Розы, які ўзяў Гран-пры на мінулай "Colorfest".

"Цікавым на біенале можна назваць з'яўленне маладых айчынных творцаў, якія раней тут не выстаўляліся, - адзначае старшыня Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, што арганізоўвае выстаўку, куратар выставак НББ Фёдар Ястраб. - Таксама свае новыя работы пакажуць Уладзімір Кожух, Іван Сямілетаў, Аляксандр Некрашэвіч ды іншыя. Старшынёй журы выступіць Гаўрыла Вашчанка".

 Міжнародная гільдыя жывапісцаў падтрымлівае цесныя стасункі з калегамі з шэрагу краін. У ліпені чакаецца Міжнародны пленэр жывапісцаў у горадзе Унеча на Браншчыне, куды з'едуцца кіраўнікі творчых саюзаў, аб'яднанняў, прафесары акадэмій мастацтваў. На ім пройдуць своеасаблівыя Дні культуры кожнай з краін-удзельніц, дзе для гасцей адбудзецца прэзентацыя творчасці асобных дзяржаў у лічбавым фармаце.