...Бы скрыпка Страдзівары

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Малады саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Юрый Гарадзецкі зрабіў сапраўдны фурор на VII Міжнародным конкурсе вакалістаў імя С.Манюшкі.

/i/content/pi/cult/268/4120/3-1.jpgТворчае спаборніцтва сабрала 124 спевака з 17 краін і праходзіла у тры туры: Першая прэмія, два спецыяльныя прызы (як лепшаму тэнару і лепшаму замежнаму выканаўцу польскай музыкі), а таксама прызы Нацыянальнай оперы Польшчы і Вроцлаўскага опернага тэатра.

Цяпер саліст стажыруецца ў Бельгіі. Але да гэтага конкурсу, як і да ўсіх ранейшых перамог, яго рыхтаваў заслужаны артыст краіны, прафесар Віктар Скорабагатаў:

- Калі Юра трапіў у мой клас, - расказаў Віктар Іванавіч, - я зразумеў: гэта, вобразна кажучы, скрыпка Страдзівары, на якой трэба навучыцца граць. Да таго ж, для вакаліста вельмі важна знайсці "свайго" канцэртмайстра, што будзе весці спевака па творчым жыцці. Такім чалавекам стала таленавітая Таццяна Лойша, якая на той час была студэнткай класа Ганны Каржанеўскай. Разам яны перамагалі на ўсіх пяці конкурсах, куды ездзіў Юрый. На цяперашні ж яго запрасілі, калі ён удзельнічаў у святкаваннях 190-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі ў Польшчы. Кожны раманс мы з ім рыхтавалі як "маленькі спектакль".

Гэта ўжо не першая перамога беларусаў на Манюшкаўскім конкурсе. Мінулым разам там перамог Аляксандр Мароз, які цяпер з'яўляецца салістам Марыінкі. А дыплом лепшага канцэртмайстра гэтага спаборніцтва мае Ганна Каржанеўская: яе ўзнагарода сталася "выключэннем" з правілаў, бо на дадзеным конкурсе канцэртмайстры звычайна не ўзнагароджваюцца.