Зрэжысіруем спадчыну!

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі — падзея за падзеяй.

Днямі адбылося прадстаўленне новага галоўнага рэжысёра - Міхаіла Панджавідзэ, кантракт з якім падпісаны на два гады. Пазаўчора прайшла прэм'ера адноўленай і адаптаванай да новай сцэны "Хаваншчыны" М.Мусаргскага: пастаўленая ў 2003 годзе, цяпер яна ўзбагацілася светлавымі эфектамі, змяніўся склад удзельнікаў. Малады саліст тэатра Ілля Сільчукоў перамог на ХХІ Міжнародным конкурсе вакалістаў імя М.Шнайдэр-Трнаўскага ў Славакіі. А 25 - 26 чэрвеня артысты рушаць у Нясвіж, дзе адбудуцца "Вечары беларускай оперы і балета ў замку Радзівілаў", складзеныя з двух спектакляў і двух канцэртаў.

Усё гэта дадатковы раз сведчыць пра высокі творчы патэнцыял тэатра. Узровень нашых оперных артыстаў уразіў М.Панджавідзэ, яшчэ калі ён працаваў над пастаноўкай "Набука" Дж.Вердзі. Увогуле ж, яму вельмі імпануе беларуская інтэлігентнасць і высокая культура краіны. Ён выказаў гатоўнасць паставіць "Сівую легенду" Дзмітрыя Смольскага і літаральна за тыдзень азнаёміцца з усімі беларускімі операмі, каб лепей ведаць нашу нацыянальную спадчыну.