Знак для форуму

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Як ужо паведамляла наша газета, 26 — 27 чэрвеня ў Навагрудку пройдзе Свята старажытнай культуры з нагоды 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Яно праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам і Навагрудскім райвыканкамам.

/i/content/pi/cult/268/4118/2-5.jpgПа словах начальніка аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандра Карачана, горад цяпер "прыхарошваецца": праводзяцца добраўпарадкаванне вуліц і неабходныя рамонтныя работы. Праграма мерапрыемства ўжо распрацавана, заключаны дамовы з тымі арганізацыямі, якія прымуць удзел у свяце, разасланы запрашэнні шэрагу рыцарскіх клубаў.

 Як паведаміў "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Маціевіч, на сённяшні дзень удакладняецца сцэнарый "Свята старажытнай культуры". Плануецца, што мерапрыемства распачнецца 26 чэрвеня тэатралізаваным шэсцем, пасля адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця фэсту і гала-канцэрт. Пройдуць шматлікія рыцарскія турніры ля старажытных сцен Навагрудскага замка з удзелам клубаў Беларусі, Польшчы, Літвы і Чэхіі, выступленні беларускіх і замежных калектываў сярэднявечнай музыкі. Будуць, канешне ж, і іншыя цікавосткі, якія арганізатары мерапрыемства трымаюць пакуль што ў сакрэце.

А напярэдадні свята, 25 чэрвеня, у Цэнтральнай раённай бібліятэцы Навагрудка пройдзе "круглы стол" з удзелам беларускіх і замежных гісторыкаў на тэму "Грунвальд у гісторыі Беларусі".

Яшчэ адна навіна датычыць афіцыйнай эмблемы фестывалю. Яна ўжо распрацавана аўтарскім калектывам, які складаецца з трох мастакоў: Уладзіміра Лукашыка, Святланы Заскевіч і Алесі Яцук.

Да таго ж, як распавёў "К" начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, распрацавана таксама і эмблема, што прысвечана аб'яўленай сёлета акцыі "Рэстаўрацыя Навагрудскага замка - аднаго са значных помнікаў архітэктуры Беларусі". Акцыя, нагадаем, праводзіцца Міністэрствам культуры сумесна з Навагрудскім раённым выканаўчым камітэтам і мае на мэце збор сродкаў на правядзенне рэстаўрацыйных работ у замку.