Нашы сувязі

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

27 мая міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка сустрэўся з Ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь у Цюменскай вобласці Уладзімірам Шуглём.

У час сустрэчы абмяркоўваліся пытанні творчага супрацоўніцтва, была прапрацавана папярэдняя дамоўленасць аб гастролях беларускіх тэатраў і музычных калектываў у Цюменскай вобласці. Павел Латушка выказаў гатоўнасць падтрымаць дзейнасць беларускіх арганізацый Цюменшчыны па захаванні і развіцці нацыянальнай культуры, па наладжванні культурных мерапрыемстваў.

А 28 мая адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь са старшынёй Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерыем Казаковым. Суразмоўцы абмяняліся думкамі аб ажыццяўленні сумесных культурных праектаў. Міністр зацікавіўся ініцыятывай нацыянальна-культурнай аўтаноміі па стварэнні ў Маскве грамадскага беларускага інстытута для папулярызацыі нашай мовы і культуры. Павел Латушка падтрымаў прапанову перавыдання старажытных беларускіх кніг, што захоўваюцца ў расійскіх бібліятэках.

Міністр культуры запрасіў Валерыя Казакова на Першае пасяджэнне Кансультатыўнага Савета па справах беларусаў замежжа, якое адбудзецца 25 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы, і на свята з нагоды 600годдзя Грунвальдскай бітвы ў Навагрудку.