Палітра яго часу

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

3-га чэрвеня ў выставачнай галерэі “Мастацтва” адбыўся вернісаж народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009 — 2010 гг. Леаніда Шчамялёва.

/i/content/pi/cult/268/4115/2-3.jpgГэтая экспазіцыя палотнаў адбываецца напярэдадні цырымоніі ўручэння мастаку Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва на ХІХ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У дні форуму горад над Дзвіной таксама пабачыць сённяшнюю выстаўку.

Так, наспеў час, каб на пачатку ХХІ стагоддзя заявіць з поўнай упэўненасцю: Леанід Шчамялёў - гэта не толькі лідэр беларускага выяўленчага мастацтва цягам трох апошніх дзесяцігоддзяў, але і адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры наогул. І абсалютна дакладна Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў сваім прывітальным віншаванні ў гонар 85-годдзя мастака падкрэсліў: "...Дзякуючы вялікаму таленту, самаадданай працы і нястомнаму творчаму пошуку Вы ўзнялі айчынны жывапіс на новую вышыню, здабылі аўтарытэт і прызнанне ў нашай краіне і за яе межамі".

Сапраўды, Л.Шчамялёў даўно ўжо выйшаў за межы, так бы мовіць, беларускай творчай "ментальнасці" і "рэгіянальнасці". Яго мастацкая папулярнасць у бліжніх і дальніх краінах - таму пацвярджэнне. Дастаткова сказаць, што ён правёў больш за 30 персанальных выставак у многіх гарадах Беларусі, а таксама ў Расіі, дзе яго ведаюць як жывапісца, які не проста валодае акрэсленай, пэўнай і дакладнай творчай і грамадзянскай пазіцыяй, але і гатовы адстойваць, абараняць яе перад усім светам, незалежна ад таго, якія складаныя метамарфозы адбываюцца ў гэтым свеце.

Вось што кажа Леанід Дзмітрыевіч пра сваё мастацтва напярэдадні выстаўкі і ўрачыстасцей з нагоды ўручэння Прэміі Саюзнай дзяржавы: "Шчыры мастак душой прырастае да таго, што ёсць каштоўнага вакол яго, - да краявідаў, людзей, Радзімы. Чалавек без Радзімы, як і чалавек без сям'і, - не ўзор і не прыклад для мяне. Прырода і Бог не стваралі людзей такімі. "Палюбі бліжняга свайго" - гэтая запаведзь (так я ўспрымаю яе) ахоплівае і месца "бліжняе", тое, дзе чалавек жыве. Так склалася ў нашай гісторыі, што не толькі войны, але і самыя разнастайныя культурныя ўплывы і ідэі пакідалі свой след на гэтай зямлі. Таму так важна было засяродзіцца на сваім: бяспецы сям'і, працягу роду. Так фарміраваўся нацыянальны характар - разважлівы, абачлівы... Сярод іншага, беларусам уласціва пачуццё ўзаемадапамогі, уважлівасць да блізкага, да суседа. Ва ўсім гэтым я бачу вытокі майго мастацтва. Усё, што я ўвасабляю на палотнах, - гэта маё жыццё. Гэта гісторыя маёй Бацькаўшчыны. Гэта людзі, якіх я бязмежна люблю. І - прырода, без якой я не ўяўляю свайго існавання..."

На выстаўцы прадстаўлена 27 карцін, пейзажаў, партрэтаў і нацюрмортаў, створаных жывапісцам у розныя гады, у тым ліку і зусім новыя. Экспануюцца не толькі частка работ з серыі "Палітра майго часу", за якую мастак атрымаў Прэмію, але і карціны, што глядач яшчэ не бачыў.

Барыс КРЭПАК