“Мая ўмова — годны сцэнарый”

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

На сустрэчы з народным артыстам Украіны Іванам ГАЎРЫЛЮКОМ, што адбылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прысутнічалі не толькі студэнты і іх выкладчыкі. Пабачыць даўняга сябра прыйшлі Мікалай Кірычэнка, Юрый Цвяткоў — тыя творцы, з кім Іван Яраслававіч працаваў у Мінску яшчэ ў 1970-я. “Ідучыя за гарызонт” і “Бронзавая птушка” Мікалая Калініна, “Пасля кірмашу” Юрыя Цвяткова — назвы толькі самых вядомых стужак, у якіх здымаўся акцёр на “Беларусьфільме”.

/i/content/pi/cult/266/4110/14-4.jpg

  Тады, на пачатку 1970-х, акцёр з'яўляўся сапраўдным увасабленнем украінскага нацыянальнага характару ў кіно. Не дзіва, што яго экранная кар'ера і надалей развівалася ў гераічным, узнёсла-рамантычным напрамку. Сярод работ Гаўрылюка - шмат стужак на гістарычную тэматыку, знятых на розных студыях СССР. Пазней акцёр заняўся рэжысёрскай і прадзюсерскай справай. Зразумела, што і як суразмоўца, апавядальнік, народны артыст Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады Іван Гаўрылюк надзвычай цікавы. У гэтым пераканаўся і наш карэспандэнт у час эксклюзіўнай сустрэчы з майстрам сцэны і экрана.

"Быццам прыехаў на спатканне..."

 - Перш за ўсё хочацца падзякаваць за запрашэнне ў Беларусь. Не быў на вашай зямлі амаль трыццаць гадоў, але колькі ў мяне з ёю звязана! Менавіта на "Беларусьфільме", лічу, Іван Гаўрылюк пачаўся як кінаакцёр. У 1973-м мяне запрасіў на галоўную ролю ў сваю тэлевізійную стужку "Ідучыя за гарызонт" рэжысёр Мікалай Калінін. Ён быў цудоўным чалавекам, вельмі таленавітым творцам. На жаль, сышоў у трыццаць шэсць, але пакінуў след у кіно. Хоць да таго фільма я здымаўся ўжо ў пяці карцінах, толькі ў Мінску зразумеў сутнасць сваёй прафесіі. Стужка і роля былі паспяховымі: у тым жа годзе на Міжнародным фестывалі тэлекіно ў Парыжы маю працу адзначылі прызам за лепшую мужчынскую ролю.  Таму тыя стужкі, у якіх я здымаўся на Беларусі (усяго іх - шэсць), супраца з беларусамі назаўсёды напоўнілі мяне любоўю да вашай краіны. Калі мы ехалі з Брэста да Мінска, было адчуванне, што еду на спатканне з любімым чалавекам. Гэты візіт стаў сапраўдным вяртаннем у юнацтва, у тое непаўторнае адчуванне шчырасці, якое было і, як я ўпэўніўся, засталося ў беларусаў... "

Прыеду з творчым вынікам"

- Агульную культурную прастору нельга стварыць штучна: яна будуецца на асабістай зацікаўленасці. Мяне заўсёды прыцягвала ўсё беларускае. Яшчэ ў часы майго супрацоўніцтва з вашай студыяй я любіў слухаць беларускую мову. Кожны вечар у нумары гасцініцы адразу спяшаўся ўключыць радыёпрыёмнік, каб паслухаць беларускамоўныя перадачы. Нават размаўляў з мінскімі сябрамі па-беларуску, што надта падабалася і ім, і мне.

Наогул, мне заўсёды прыемна бываць у вас, але я стараюся прыязджаць на сустрэчы з гледачом з пэўнымі творчымі вынікамі, знятымі новымі стужкамі. Спадзяюся, наступны мой візіт у цудоўную Беларусь будзе менавіта такім!

Раней, дарэчы, штогод ладзіліся гастролі: мы маглі пабачыць беларускі Тэатр імя Янкі Купалы, а вы - Тэатр імя Івана Франко. Вялікай падзеяй былі Дэкады культуры нацыянальных рэспублік у Маскве, дзе мы мелі магчымасць і сябе паказаць, і іншых паглядзець. Такія мерапрыемствы, зазначу, мелі выключна пазітыўны характар.

Аб высокіх пачуццях

- Існуе шмат актуальных тэм паміж нашымі краінамі, у тым ліку, і для сумеснай кінавытворчасці. Зрэшты, усе яны павінны быць заснаваны на вечных ісцінах. Кіно павінны здымаць аб высокіх пачуццях- яно не можа ўвесь час накіроўвацца толькі на прымітыўныя эмоцыі. Мастацтва можа ўзнімаць чалавека над паўсядзённасцю, паляпшаць стасункі між людзьмі- менавіта ў гэтым бачу яго прызначэнне.

З вялікім задавальненнем гатовы сыграць ролю ў спектаклі ці кінастужцы рэжысёра-пачаткоўца. І нават без ганарару, але з адзінай умовай: сцэнарый павінен быць годным. Я нават стаміўся адмаўляць рэжысёрам і прадзюсерам, бо тыя сцэнарыі, якія яны прыносяць, нагадваюць вельмі кепскае галівудскае кіно. Хачу, каб вы зразумелі: я не супраць Галівуда. Але, наадварот,- лічу, там нараджаюцца цудоўныя творы. Але, на жаль, іх выходзіць не так шмат кожны год...