Славяне ў пошуках ідэі для Мельпамены

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Сучасны тэатр можа ўсё! Часіны, калі ў тэатральнай творчасці палёт фантазіі абмяжоўваўся пэўнымі нормамі, забаронамі, агульнапрынятымі традыцыямі і г. д., мінавалі. Сёння адзіным абмежавальнікам для творцы з’яўляецца хіба што яго ўласная фантазія. І ў калейдаскопе “прапаноў”, дзе кожны самавыяўляецца напоўніцу, галоўнае, што шукае для сябе глядач, — думку, ідэю, з якой звяртаецца да яго тэатр: што творца можа сказаць яму сёння пра сябе і пра свет. Думаецца, менавіта пошук гэтай тэатральнай ідэі стаўся і своеасаблівым “падтэкстам” Маскоўскага міжнароднага фестывалю камерных тэатраў і спектакляў малых форм “Славянскі вянец”, які вось ужо дзевяты раз прайшоў на пачатку чэрвеня ў Маскоўскім драматычным тэатры на Пяроўскай. Заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца Камітэт па культуры Масквы і Міжнародная асацыяцыя камерных і малых тэатраў. І сёлета ў праграме фестывалю прынялі ўдзел дзесяць тэатральных калектываў з пяці славянскіх краін: Расіі, Беларусі, Украіны, Чэхіі і Сербіі.

Дык у якім жа рэчышчы развіваюцца сёння камерныя тэатральныя формы? Што такія тэатры прапануюць гледачам? Кожны з удзельнікаў фестывалю на гэтае пытанне адказваў па-рознаму.Але лучыла іх адно: не жаданне ўразіць гледача, а імкненне знайсці з ім агульныя “ноты душы”, абудзіць і стварыць эмацыянальную еднасць. І ў большасці выпадкаў гэта ім удалося.
Фестывальныя спектаклі, прадстаўленыя тэатрамі з Украіны, былі спрэс прасякнуты настальгіяй па культурных “брэндах” мінулага. У стылістыцы “старых песень пра галоўнае” свой спектакль “Свет песень Эдзіт Піяф” прадставіў Херсонскі абласны акадэмічны музычна-драматычны тэатр імя М.Куліша. Актрыса Рузана Рублёва звярнулася да песеннай творчасці знанай французскай спявачкі, але ж зусім не дзеля таго, каб пасупернічаць з ёй у выканальніцкім майстэрстве. Захапляючыся асобай Эдзіт Піяф, яна і сама жадае перажыць такія моцныя пачуцці і эмоцыі, якія выпалі ў свой час на долю францужанкі, падзяліцца імі з намі, гледачамі, і робіць гэта, уваскрашаючы музычныя тэмы і мелодыі, якія ў свой час скарылі ці не ўсю Еўропу.
Да іншага культурнага “брэнда” — творчасці А.Чэхава звяртаецца Нацыянальны акадэмічны тэатр імя М.Занькавецкай са Львова, які прадставіў спектакль “Дом з мезанінам”. Рэжысёр Ала Бабенка відавочна намагаецца пазбавіць творчасць Чэхава ад акцёрска-рэжысёрскіх “наростаў” і напластаванняў стэрэатыпаў. Дзеля гэтага яна звяртаецца не да яго драматургіі, а да вядомага апавядання, ператвараючы яго з маналагічнага аповеду ў драму кахання дзвюх маладых дзяўчат.
Тэма кахання, а дакладней, яго немагчымасці ва ўзаемаадносінах між мужчынамі і жанчынамі, прасочваецца і ў спектаклі “Заганныя сувязі” Н.Тэфі “Іншага тэатра” з Калінінграда. Сатырычна-цынічныя гісторыі Тэфі, вядомыя сваёй вострахарактарнай прамалёўкай вобразаў,складваюцца рэжысёрам спектакля Алай Татарнікавай-Карпенка ў вялікую клаунаду, дзе персанажы існуюць, бы вялізныя бурбалкі, — пругкія, смешныя, але аднолькава нежывыя, пустыя ўнутры.Дзе ж знайсці годнае “напаўненне” для ўнутранага жыцця? З гэткім пытаннем прыходзіць на могілкі да свайго калегі Акцёр у выкананні Юрыя Таміліна ў монаспектаклі “Рускі акцёр. Біяграфія” Тамбоўскага драматычнага тэатра. Узгадваючы мінулае, ён, нібы ў стракаты дыванок, уплятае ў свой расповед вядомыя гісторыі і персанажаў з твораў Чэхава, Астроўскага, Бялінскага, Пушкіна, Купрына... Знітоўваючы іх “акцёраў” у адзіную гісторыю, ён паказвае, як незаўважна жыццё чалавека падмяняецца жыццём і “біяграфіяй” яго... персанажаў. Ды і ці здольны сапраўдны акцёр адмовіцца ад спакусы пражыць сваё жыццё “на публіку”?
Зрэшты, вельмі часта спакусы падсцерагаюць чалавека там, дзе ён зусім гэтага не чакае, — акурат пра гэта спектакль “Сям’я з мяшком чарцей” С.Лабазёрава Дзяржынскага тэатра драмы. Драматургія гэтага аўтара ў тэатралаў выклікае дваякае пачуццё: з аднаго боку, Лабазёрава ўвесь час папракаюць у тым, што ён знарочыста звяртаецца да так званай “сярэднестатыстычнай” сям’і, вельмі часта — вясковай, з простымі, нефіласофскімі ўяўленнямі пра жыццё, а з іншага боку, тэатры актыўна ставяць яго п’есы, бо надта ж пазнавальныя тыпажы выпісвае аўтар. Не стаўся выключэннем і Дзяржынскі спектакль — пры ўсёй “нефіласафічнасці” сюжэта, калі простыя людзі не ведаюць, куды падзець нечакана-негаданую велізарную суму грошай. Рэжысёр спектакля Аман Куліеў не імкнецца перавесці гэтую гісторыю ў шэраг “вясковага фарса”. І ў выніку гэткая інтэлігентная рэжысура ўзнімае спектакль на ўзровень народна-побытавага лубка, смешнага, але мудрага.
Усходнееўрапейскія тэатры прыўнеслі на фестывальную пляцоўку вастрыню ваеннай тэматыкі. І калі чэшскі спектакль “Заваёўнік” М.Бечкі тэатра “Лампіон” з Кладна распавядаў пра адкрыццё і падпарадкаванне іспанскай кароне амерыканскага кантынента, сербскі “Ордэн” Д.Мільк’е “Крушэвац тэатра” звярнуўся да падзей больш блізкіх — да тых ваенных дзеянняў апошніх гадоў, якія вядомы нам па тэлевізійных рэпартажах, а сербам — з іх уласнага жыцця. Як ставіцца нам, жывым, да гераічных подзвігаў тых, хто паклаў сваё жыццё на полі бою: з павагай і пашанай, аддаючы даніну іх мужнасці, ці з болем за тое, што нейкія ідэі адбіраюць жыцці ў маладых людзей? Што павінны зрабіць бацькі маладога салдата, які загінуў на вайне: прыняць пасмяротны ордэн сыну ці адмовіцца ад яго? На кожным баку — свая праўда...Беларускія тэатры ў вянку
 /i/content/pi/cult/119/411/KIT.jpg

 Мульцік - Рыгор Белацаркоўскі. Спектакль "Вечар" Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

“Славянскага вянца” — заўсёды жаданыя госці. Тым больш, што нашы калектывы славяцца сваімі глыбокімі, яркімі і нешараговымі акцёрскімі работамі. Нездарма і сёлета ўзнагароды фестывальнага журы на чале з аглядальнікам расійскай “Парламентской газеты” Г.Добышам за лепшую мужчынскую і жаночую ролі дасталіся беларусам. Сакрэт — у спакойнай незнарочыстасці айчыннай рэжысуры, якая на першы план выводзіць не ўласнае ўменне “павярнуць” той ці іншы драматургічны твор, а чалавечыя лёсы: прыгожай, багатай, паспяховай у бізнесе, але нешчаслівай жанчыны (Яна — Таццяна Булгакава ў спектаклі “Не такі, як усе” А.Слапоўскага Гомельскага маладзёжнага драматычнага тэатра) ці звыклага старога чалавека, носьбіта вясковай народнай мудрасці (Мульцік— Рыгор Белацаркоўскі ў спектаклі “Вечар” А.Дударава Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра).
Унутраныя перажыванні асобы на кожным асобным адрэзку яе жыццёвага шляху — вось той “сакрэт”, які вабіць у гэтых спектаклях і звыклых гледачоў, і прафесіяналаў ад тэатра, якія адзначаюць у выканаўцаў высокі ўзровень валодання акцёрскай прафесіяй. А яшчэ — пазітыўнае светаўспрыманне, годнае і ўдзячнае стаўленне да жыцця, якое нясуць са сцэны гэтыя персанажы.
 /i/content/pi/cult/119/411/KIT2.jpg
Сцэна са спектакля "Смерць Пазухіна". Маскоўскі драматычны тэатр на Пяроўскай.  
Паважлівае, удумлівае стаўленне да драматургічнага матэрыялу і дэталёвы яго аналіз — апошнім часам гэтыя якасці ў сучасным тэатры зноў набываюць сваю незаслужана страчаную важнасць і актуальнасць. І пацвярджэннем гэтаму — адзінадушнае вызначэнне ў якасці лепшага спектакля фестывалю “Смерць Пазухіна” М.Салтыкова-Шчадрына Маскоўскага драматычнага тэатра на Пяроўскай. Ідучы па шляху “растварэння ў матэрыяле”, рэжысёр спектакля Кірыл Панчанка стварыў фантасмагарычную камедыю, дзе ў барацьбе за багатую спадчыну перамагае не той, хто хітрэйшы, а той, хто — законны!
І думаецца, што ў гэткім сцвярджэнні спрадвечных ісцін, якія не “псуюцца” нават у сітуацыі канкурэнцыі з новымі “універсальнымі” каштоўнасцямі эпохі глабалізацыі, крыецца асноўны пафас фестывалю “Славянскі вянец”: чалавек, няхай гэта акцёр, рэжысёр ці звычайны глядач, мусіць адшукаць актуальную жыццёвую ідэю і сістэму каштоўнасцей не дзе-небудзь у віртуальна-універсалізаванай прасторы, а ва ўласнай душы.

Таццяна КОМАНАВА
Мінск — Масква — Мінск
Фота аўтара 

Пераможцы фестывалю:
Лепшая роля другога плана — Біляна Ніколіч за ролю Маці ў спектаклі “Ордэн” Д.Мільк’е “Крушэвац тэатра” (Крушэвац, Сербія).
Лепшая мужчынская роля — Рыгор Белацаркоўскі за ролю Мульціка ў спектаклі “Вечар” А.Дударава Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра (Магілёў, Беларусь).
Лепшая жаночая роля — Таццяна Булгакава за ролю Яе ў спектаклі “Не такі, як усе” А.Слапоўскага Гомельскага маладзёжнага драматычнага тэатра (Гомель, Беларусь).
Лепшая рэжысура — Аман Куліеў за спектакль “Сям’я з мяшком чарцей” С.Лабазёрава Дзяржынскага тэатра драмы (Дзяржынск, Расія).
Лепшы спектакль — “Смерць Пазухіна” М.Салтыкова-Шчадрына Маскоўскага драматычнага тэатра на Пяроўскай (Масква, Расія)