А вы паляцелі б у свет Шапэна?

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Замест тэатральнага званка ў нашым адноўленым Вялікім тэатры гучыць мелодыя Паланеза Ф.Шапэна. Многія здзіўляліся: якое дачыненне яна мае да нашага Опернага? Шапэн, як вядома, ні опер, ні балетаў не пісаў. Цяпер гэтае пытанне — залішняе: на нашай сцэне ў Год вялікага музыканта адрадзілі балет “Шапэніяна”, пастаўлены на пачатку мінулага стагоддзя знакамітым М.Фокіным паводле аркестраванай фартэпіяннай музыкі польскага рамантыка. Прычым менавіта гэты Паланез становіцца ў балеце уверцюрай і кодай, быццам ствараючы нябачную арку над астатнімі творамі геніяльнага майстра.

/i/content/pi/cult/266/4103/11-3.jpg"Шапэніяна" ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі з'явілася не ўпершыню. У 1970-я, увасобленая Нінай Фёдаравай са знакамітага Марыінскага тэатра, гэтая аднаактоўка стаяла ў афішах з зайздросным пастаянствам. Цяпер яе аднаўлялі сваімі сіламі, без запрашэння расійскіх педагогаў-рэпецітараў, бо, як запэўніў кіраўнік балетнай трупы, народны артыст Беларусі Юрый Траян, усе, хто былі заняты ў той пастаноўцы, добра памятаюць свае партыі (дый відэазапісы, дадамо, захаваліся). Памятаюць "Шапэніяну" і знаўцы - дарэчы, пастаўленую калісьці не толькі ў нашым Вялікім тэатры, але і ў Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, дзе спектакль з удзелам Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова быў нейкім асабліва душэўным, псіхалагічна тонкім.

Ідэя звярнуцца да адухоўленай "чыстай класікі", пазбаўленай звыклай сюжэтнасці, узнікла, як паведамілі на прэс-канферэнцыі, два гады таму, калі працавалі над "Пахітай". 200-годдзе Шапэна і маючы адбыцца Летні оперны фестываль у Нясвіжы, у праграму якога ўключылі "Шапэніяну" яшчэ да яе пастаноўкі, паспрыялі здзяйсненню праекта. Цяпер у тэатры плануюць дадаць прыблізна такую ж трэцюю класічную аднаактоўку да дзвюх згаданых, каб вечар быў цалкам вытрыманы у адным стылі.

Што ж, апошнім часам насамрэч усё больш заўважна, наколькі нашай балетнай трупе бракуе добрага класічнага трэнінгу і, галоўнае, разумення самой паэтыкі класічных па. Бо класіка - што ў балеце, што ў музыцы - бы тая лакмусавая паперка, па якой адразу бачны ўзровень прафесіяналізму: там немагчыма "схавацца" ні за якія пастаноўчыя прыдумкі або сцэнічны антураж.

Вось і ў "Шапэніяне": артысты развучылі свае партыі, але ім пакуль не хапіла часу, каб "ужыцца" ў гэтыя рухі і, галоўнае, выказаць праз іх псіхалагічны настрой, характар, адметнасці герояў. Яны і самі разумеюць, што цяперашні варыянт - усяго толькі "першае чытанне". І што ў гэтым балеце, як яны самі адзначалі пад час прэсканферэнцыі, павінна быць "узнёсласць, рамантычнасць, лёгкасць, шмат паветра, прасторы", каб, як цудоўна заўважыла Людміла Кудраўцава, "адарвацца ад зямнога прыцягнення" і "станцаваць музыку, тры адрозныя жаночыя характары".

Пакуль жа эфект павольна-вольнага ўзлёту ўзнікае хіба ў некаторых тактах Вальса № 7 (Ірына і Алег Яромкіны), а рысы "аўтарскага прачытання" - адно ў выразнай, грацыёзна-какетлівай Кацярыны Алейнік. Кардэбалет жа ўвасабляе, хутчэй, "заснулых лялек"...

Ёсць прастора і для аркестра пад кіраўніцтвам Алега Лесуна. Пры ўсёй прыгажосці асобных сола, агульнаму гучанню часам бракуе няўлоўнай шапэнаўскай душы, дзе паяднаны найвышэйшая вытанчанасць і ганарлівая шляхетнасць. Не адпавядае шапэнаўска/i/content/pi/cult/266/4103/11-2.jpgй эстэтыцы і змрачнавата-нервовая сцэнаграфія, вырашаная ў традыцыях сацыялістычнага рэалізму, надта рэзкая паводле колеравай палітры, дзе абсалютным дысанансам глядзіцца спалучэнне цёмна-сіняга з рыжым (да слова, эскіз Кацярыны Булгакавай быў куды больш густоўны, празрысты, з зусім іншымі адценнямі фарбаў).

Трэба спадзявацца, да фестывалю ўсе хібы знікнуць. У гэтым пераконвае хаця б тая хуткасць, з якой удасканаліўся прэм'ерны спектакль у параўнанні з генеральнай рэпетыцыяй. Ці надоўга хопіць трупе таго назапашанага ўзроўню? Бо "Пахіта" і "Балеро", што суправаджалі "Шапэніяну", аказаліся не ў лепшым варыянце. Але свежа ўспрымалася варыяцыя Марыі Парамонавай (прытым, што некаторыя салісткі, на жаль, глядзеліся часам не на вышыні), уразіла энергетыка Марыны Вежнавец (прытым, што пазбаўлены экспрэсіі кардэбалет, зноў-такі, не столькі танцаваў, колькі працаваў і нават "адпрацоўваў"). Пэўна, сказаўся вясновы авітаміноз. Пачакаем лета?..

На здымках: сцэны са спектакля.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"