В.Дзенісенка — адзін з самых непрадказальных і неардынарных мастакоў Гомельшчыны. Яго творчасць — гэта бесперапынны эксперымент з тэхнікай жывапісу, напрамкамі і стылямі выяўленчага мастацтва на рубяжы ХХ — ХХІ стагоддзяў. У канцы 80-ых гадоў яго працы, выкананыя ў жанры пейзажа, прываблівалі сваім “эфектам прысутнасці”, калі ў гледача ўзнікала вострае адчуванне рэальнасці таго, што адбываецца, прысутнасці ў асяроддзі, таленавіта створаным мастаком. В.Дзенісенка. "Партрэт у стылі рэтра".
І раптам — новыя работы: лірычныя кампазіцыі з жаночымі вобразамі. Выявы, створаныя Дзенісенкам у гэты перыяд, нагадваюць штучна cастарэлыя фатаграфіі: з трэшчынкамі, слядамі згібаў, прарэзамі (“Партрэт у стылі рэтра”, 2000 год).
Большая частка экспазіцыі, прадстаўленай на выстаўцы, складаецца з апошніх работ мастака, пераважна 2007 года. Складана даць адназначнае вызначэнне накірунку жывапісу гэтых карцін. Найбольш падыходзячым, хутчэй за ўсё, будзе “абстрактныя каларыстычныя кампазіцыі” (“абстрактнае” ў перакладзе з лацінскай мовы — “адцягненае”). Гэтыя кампазіцыі, як правіла, не нясуць якой-небудзь інфармацыі гледачам, асноўная іх мэта — дэкарыраванне сучаснага навакольнага асяроддзя чалавека (інтэр’еры пакоя, офіса і г. д.). Апошнім часам прынята называць такія творы “інтэр’ерным жывапісам”.
У адрозненне ад работ многіх аўтараў гэтага накірунку, работы В.Дзенісенкі дакладна выбудаваны па кампазіцыі, па колеравай палітры, пластычныя і гарманічныя. Яны глыбока прадуманы мастаком, не выпадковыя і дынамічныя ва ўсім. Не выпадковыя, а вельмі дакладныя і выразныя і назвы работ. Як правіла, творы носяць серыйны характар.
Таццяна БАРЫСАВА,
экскурсавод
ДУ “Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі”