Ядро і харугвы

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Праваслаўная Царква выкарыстоўвае ў абрадах шэраг цікавых, але мала вядомых шырокай грамадскасці сімвалічных прадметаў, якія непасрэдна звязаны з глыбокай мінуўшчынай. На выстаўцы, што адкрылася ў Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, прадстаўлены перададзеныя ўстанове святарамі Пружанскага благачыння артэфакты царкоўна-рэлігійнага мінулага раёна: уборы і царкоўныя ўзнагароды, богаслужбовыя кнігі і ноты, крыжы і абразы, плашчаніцы і харугвы, фатаграфіі і дакументы, якія распавядаюць пра царкоўнае жыццё Пружаншчыны ў канцы XIX — пачатку XX ст.

/i/content/pi/cult/266/4099/22-4.jpgЭкспанаты для гэтай выстаўкі збіраліся музеем цягам некалькіх гадоў, а яе аснову склалі прадметы, перададзеныя мітрафорным протаіерэем Іосіфам Балюком (1934 - 2007 гг.). Ягонай памяці прысвечаны дадзены праект.

Прадметы экспазіцыі з'яўляюцца хрысціянскімі богаслужбовымі сімваламі. Кожны з іх нясе ў сабе глыбокі духоўны змест. Асаблівай увагі заслугоўвае фелонь, што апранаецца святаром зверху іншага адзення. Фелонь у старажытнасці ўяўляла з сябе плашч-накідку з доўгага прамавугольнага адрэзу ваўнянай тканіны і служыла для засцярогі ад холаду і непагадзі. Яна сімвалізуе віфлеемскую пячору, у якой нарадзіўся Хрыстос, і гефсіманскую пячору, дзе Збавіцель быў пахаваны. Прадстаўленая на выстаўцы фелонь пашытая з узорнага льнянога палатна, сатканага сляпой жанчынай. На прадмеце маюцца чатыры атласныя палосы, што азначаюць Чатырохевангелле. Паасобку гэтыя палосы маюць і свае адмысловыя значэнні. Палосы на выразе для галавы і па краі падола сімвалізуюць путы: імі, згодна з паданнем, быў звязаны Ісус Хрыстос, ідучы на суд. Паласа, якая ідзе па грудзях і спіне, азначае сляды хвастанняў - крывавыя язвы на Целе Госпада. Паласа, што перасякае грудзі і ідзе ўздоўж краёў фелоні, не даходзячы да іх, - гэта знак Чысцюткай Крыві Хрыста, якая выцякала з Яго працятага рабра.

Не можа не зацікавіць і унікальны посуд, начынне са Свята-Аляксандра-Неўскага Сабора, што было выраблена ў сярэдзіне XIX ст. у Маскве пад заказ. Здзіўляе сваёй вытанчанасцю вялікая лампада, выкананая ў выглядзе піялы з ажурным вянцом і ўпрыгожаная праразной чаканкай. Бранзаванае кадзіла нагадвае дах храма з адным купалам, увянчаным крыжом. Пад яго падставай умацаваны званцы - шарыкі з укладзенымі ў іх металічнымі ядрамі, гатовыя выдаваць пад час каджэння меладычныя гукі. Бронзавыя вянцы, вырабленыя ў выглядзе імператарскай кароны, што адлюстроўваюць веліч і сэнс хрысціянскага шлюбу, упрыгожаны металічнымі разьбянымі медальёнамі з абразамі Ісуса Хрыста, Багародзіцы і свяціцеля Мікалая. Вянкі сімвалізуюць славу саюза Хрыста з Царквой. А ўскладанне вянкоў услаўляе маладых за цноту і захаваную нявіннасць. Вянкі азначаюць вечнасць і непарыўнасць саюза.

Уражваюць сваімі памерамі і прыгажосцю акладаў масіўныя напрастольныя Евангеллі. Паверхня акладаў упрыгожана чаканкай: біблейскімі відарысамі і разнастайнымі рэльефамі са складаным спалучэннем расліннага і лісцянога арнаменту, акантаў і фестонаў. Скураныя вокладкі старадрукаваных выданняў - розных богаслужбовых кніг і нотных зборнікаў - вылучаюцца дакладнасцю рэльефнага ціснення.

 У прыцемку, характэрным для храмавай крыпты, ляжыць плашчаніца, напісаная ў канцы XVIII стагоддзя невядомым майстрам Шарашоўскай іканапіснай школы. Яна ўяўляе з сябе невялікае палатно з іконай Хрыста, які ляжыць у труне. Правобразам яе паслужыла Плашчаніца Збавіцеля - палатно. У яе Ён быў загорнуты пасля зняцця з крыжа, і на ёй засталіся сляды найвялікшай у гісторыі чалавецтва падзеі - Уваскрэсення Гасподняга.

 Апрача гэтага, асобнай увагі заслугоўваюць медналітыя крыжы і абразы, дэкарыраваныя паліхромнымі эмалямі. Помнікі мастацтва арыентаваны на старажытнарускія, даніканаўскія ўзоры, якія злучылі ў сабе класічныя асновы з элементамі народнай творчасці.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, навуковы супрацоўнік музеясядзібы "Пружанскі палацык" На здымках: фрагмент экспазіцыі; чаша канца ХІХ - пачатку ХХ стст.