Напрыканцы XIII ст. Віцебск, як і большасць усходнеславянскіх гарадоў, меў дзяцінец з княжацкім дваром, вакольны горад, неўмацаваны пасад, што месціўся па другі бок ракі Віцьбы ад дзяцінца, сельскую акругу і гарадскі курганны могільнік. Насельніцтва Віцебска ў XIII ст. складала больш за 4,5 тыс. чалавек. Акрамя ўласна славянскага насельніцтва, у горадзе жыла невялікая група немцаў - купцоў, бо пісьмовыя крыніцы гэтага часу фіксуюць у Віцебску нямецкія двары і называюць імёны іх уладальнікаў: Фрыдэрык, Плос...
Віцебск - адзін з нямногіх гарадоў на Беларусі, дзе шмат помнікаў эпіграфікі - археалагічных рэчаў з надпісамі або паметамі-літарамі. Гэта два шыферныя праселкі, костка для гульні- з меткаю ў выглядзе літары "А". Былі надпісы і на сценах храма Звеставання. І менавіта ў Віцебску была знойдзена, упершыню на Беларусі, берасцяная грамата. Усё гэта сведчыць пра даволі высокі ўзровень пісьменнасці насельніцтва.
На пачатку XIV ст. у Віцебску правіў Яраслаў Васільевіч - апошні прадстаўнік роду ўсходнеславянскіх князёў. У 1318 г. ён выдаў сваю дачку Марыю замуж за крэўскага князя Альгерда Гедымінавіча, які пасля смерці Яраслава Васільевіча ў 1320 г. становіцца віцебскім князем.
У 1335 г., як паведамляе летапіс, у Віцебску здарыўся вялікі пажар, у выніку якога была знішчана значная частка горада. Гэты слой пажарышча, што месцамі меў таўшчыню ад 20 да 40 см, размяжоўвае два перыяды ў стратыграфіі культурных напластаванняў Верхняга замка Віцебска - так званыя старажытнарускі і літоўскі.
З другой паловы XIV ст. Віцебск становіцца аб'ектам жорсткай міжусобнай барацьбы паміж сынамі і сваякамі князя Альгерда за права валодання гэтым важным стратэгічным і гандлёвым пунктам.
У пэўным сэнсе, з гэтым звязаны і асобныя зрухі, што адбыліся за гэты час у матэрыяльнай культуры горада, і найперш - у сістэме абароны Віцебска. Замкавую гару, Верхні і Ніжні замкі ахапіла магутным шчытом мураваная сцяна з вежамі. Будаўніцтва названых умацаванняў доўжылася не менш як тры дзесяцігоддзі і скончылася, як паведамляе мясцовы летапіс, да сярэдзіны XIV ст. У выніку таўшчыня сцен дасягала ў аснаванні двух метраў, а агульная даўжыня ўсіх умацаванняў складала 1750 м.
У Наўгародскім летапісе за 30-я гг. XV ст. адзначаецца: "Витбеск - три стены каменные...". Што летапісец меў на ўвазе? Магчыма, пад першай сцяной разумеліся ўмацаванні Ніжняга замка, пад другой - Верхняга, а трэцяя сцяна праходзіла па краі Замкавай гары з яе напольнага боку. За выключэннем хіба што Гродна, ніводзін з гарадоў Беларусі ў той час не меў падобных магутных умацаванняў.
У астатнім матэрыяльная культура Віцебска ў гэты перыяд захоўвае драўляныя вулічныя маставыя, зрубавыя дамы, хатні, рамесніцкі і прамысловы інвентар. Тыпы яго былі выпрацаваны яшчэ раней.
Вулічныя маставыя, да прыкладу, мелі шырыню каля трох метраў і насцілаліся з дошак, аполкаў, бярвення на лагі. Нярэдка адна вуліца спалучала ў сабе ўсе тры даступныя тады віды будаўнічага матэрыялу: дошкі, бярвенні, аполкі. Выцякала такая акалічнасць зза таго, што, паводле правілаў таго часу, кожны гаспадар сядзібы павінен быў рамантаваць участак вуліцы насупраць свайго двара. Так, у грамаце вялікага князя літоўскага Аляксандра за 1495 год віцебскаму намесніку Міхаілу Жэслаўскаму гаворыцца: "Також жалавали нам, што ж здавна мост мощивала, каждый человек перед своим двором с пяти топорищ..." А ў напластаваннях першай паловы XV ст. Верхняга замка Віцебска выяўлена вуліца, цалкам выкладзеная з дубовых плах! Пэўна, нехта з заможных гараджан мог дазволіць сабе такую раскошу. Сядзібы жыхароў Віцебска ўключалі адну-дзве жылыя і тры-пяць пабудоў гаспадарчага прызначэння, у тым ліку хлеў, свіран, стайню. Жытлы мелі плошчу ад 36 да 42 кв. м. Падлога ў жытлах і гаспадарчых пабудовах была з дошак, як, дарэчы, і дах.
Тым часам з'яўляюцца і набіраюць моц і заходнееўрапейскія навацыі. Гэта рамавакаркасныя пабудовы гаспадарчага прызначэння, керамічная дахоўка, якой пакрывалі вежы, пячная кафля, што мела тады сасудападобны выгляд. Магчыма, якраз у гэтыя гады на Замкавай гары будуецца першая камяніца, так бы мовіць, грамадзянскага прызначэння - палац князя Альгерда.
На мяжы XIII - XIV стст. у Віцебску стварылася ўжо свая грашова-вагавая сістэма. Яе аснову складала грыўня, якая ў пісьмовых крыніцах 1298 г., што маюць дачыненне да Віцебска, называлася "ізрой" і раўнялася 30 пражскім грошам. Менавіта яна стала папярэдніцай грашовай сістэмы ВКЛ канца XIV - пачатку XV стст. Акрамя гэтага, значную ролю ў грашовым звароце Віцебска адыгрывалі пражскія грошы. У 1920 г. у Віцебску быў знойдзены самы вялікі, і па сённяшні дзень, скарб з пражскіх грошай: 792 сярэбраныя манеты агульнай вагой у 2052 грамы. Лёс гэтага унікальнага скарбу невядомы.
Пасля падзей 1410 г. у XV - XVI стст. Віцебск становіцца буйным гандлёвым і рамесніцкім цэнтрам. З сярэдзіны XV ст. тут паступова павялічваецца колькасць жыхароў. Невыпадкова ў 1444 г. устаўнай граматай вялікага князя ВКЛ Казіміра Ягелончыка гараджанам было дадзена няпоўнае права на самакіраванне. Згодна з гэтай граматай, віцебскі ваявода прызначаўся толькі са згоды жыхароў - "по их воле", а прыехаўшы ў горад, павінен быў "цалаваць крыж" - на вернасць гораду.
Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка, археолаг На здымках: віцебскі Верхні замак XIV стагоддзя (мастак - Ігар Дудараў); ваяр віцебскай дружыны; археалагічныя раскопкі на Верхнім замку Віцебска аўтара і Міхася Ткачова ў 1978 годзе (фота Міхаіла Шмерлінга).