Калі няма ўстановы, або Як заняць 25 ставак

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Райвыканкамаўская “лятучка” з “К” Адраджэнне і развіццё cяла: сацыякультурны зрэз Гэтым разам шлях камандзіроўкі нашага карэспандэнта пралягаў на Брэстчыну. А менавіта — у Камянецкі раён, дзе, згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла, плануецца да канца года ўвесці тры аграгарадкі. І тады іх у раёне будзе ўжо семнаццаць. Я праехаў па некаторых паселішчах раёна, паглядзеў на адрамантаваныя дамы культуры і сельскія бібліятэкі. Да гонару кіраўніцтва аддзела культуры мушу зазначыць, што пабачыў не “пацёмкінскія” вёскі, а тыя аграгарадкі, маршрут у якія выбіраў самастойна. Таму і змог на свае вочы пабачыць і, наколькі гэта магчыма за час паездкі па раёне, унікнуць у шматлікія праблемы культработнікаў. А хвалююць іх, найперш, як пытанні рамонту некаторых сельскіх дамоў культуры, так і праблемы з належнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Да таго ж, на Камянеччыне востра не стае спецыялістаў і ў клубнай, і ў бібліятэчнай сферы.

Народ пытаецца і прапануе

"Вада ліецца са столі..."

Пад час традыцыйнага сацыялагічнага апытання пераканаўся, што вясковыя жыхары не горш за мясцовых работнікаў галіны ведаюць і разумеюць праблемы, якія замінаюць сацыякультурнаму развіццю сельскіх паселішчаў.

 Школьнікі аграгарадка "Вайская":                               

- Бібліятэкар у нас вельмі добрая, заўсёды параіць, якую кніжку ўзяць, праводзіць з намі цікавыя гутаркі аб прачытаных творах... Засмучае адзінае: зламаўся камп'ютэр ва ўстанове. Заўсёды карыстаемся ім для набору тэксту, для выхаду ў Інтэрнет і для камп'ютэрных гульняў. Калі яго адрамантуюць?..

Святлана, жыхарка аграгарадка "Дзмітравічы":

 - У нашым СДК адноўлена толькі адна дыскатэчная зала. У глядзельнай- старыя крэслы, працякае дах, вада літаральна ліецца са столі. Ды і кабінеты ў СДК таксама патрабуюць рамонту. І яшчэ хацела б спытацца: калі ўжо знойдуць дырэктара ў наш Дом культуры? А то ўся праца "вісіць" на адным Аляксандру Кунцу, які тут "і швец, і жнец"...

Сяргей, рабочы аграгарадка "Дзмітравічы":

 - У бібліятэцы нядаўна ўсталявалі камп'ютэр - можна набраць і раздрукаваць тэкст. Шкада, што няма Інтэрнета: ва ўстанове адсутнічае тэлефон, таму немагчыма падключыцца да Сеціва. Ці зменіцца што бліжэйшым часам?..

Марыя, жыхарка вёскі Каралін:

 - Добрыя ў нас клуб і бібліятэка, не горшыя, чым у аграгарадках. Але не стае работнікаў у клубе. Ды і ў іншых вёсках, чула, таксама ёсць падобныя праблемы. А кадры, як кажуць, вырашаюць усё...

Юбілеі святкуюць, але без СДК

"Агмень культуры" ў аграгарадку "Вайская" (у адным будынку - СДК і бібліятэка) выглядае для прыезджага даволі прывабна: дзякуючы рамонту фасад - як новы. Але рамонт, як ак/i/content/pi/cult/266/4097/22-2.jpgазалася, усіх праблем не вырашыў.

Да прыкладу, аграгарадок здалі яшчэ два гады таму, а глядзельная зала на сто дваццаць месцаў Дома культуры і па сёння неахайная. Ды і як яе яшчэ ахарактарызаваць, калі трэба рамантаваць столь, замяняць падлогу і вокны? Старая мэбля стаіць у танцавальнай зале. Як кажа дырэктар СДК Любоў Міхнавец, рамонт іхняй установе вельмі патрэбны:

- Праводзім усе нашы мерапрыемствы ў танцавальнай зале, - распавяла мне Любоў Іосіфаўна, - але гэта, зразумела, не выйсце: не можам запрасіць да нас выступіць які-небудзь калектыў з раёна, ды і шмат людзей у той зале не змесціш...

На сваёй пасадзе Любоў Міхнавец ужо восем гадоў. Пры ўстанове наладжана дзейнасць гурткоў розных накірункаў, ды і з планам платных паслуг дырэктар СДК спраўляецца. Тутэйшыя культработнікі зарабілі летась больш за чатыры мільёны рублёў.

Асноўны прыбытак установе прыносіць дыскатэка. Праўда, сёння яе наведваюць не так ужо і шмат людзей: 20 - 25 чалавек. А вёска ж немалая: каля тысячы жыхароў. Але, па словах Любові Іосіфаўны, летам сітуацыя кардынальна зменіцца: прыедуць студэнты і школьнікі. Вось тады на дыскатэцы, як кажуць, яблыку не будзе дзе ўпасці. Да таго ж, дырэктар СДК плануе распачаць дыскатэкі для дарослых і спадзяецца такім чынам таксама зарабляць грошы.

 Ёсць у Доме культуры яшчэ дзве платныя паслугі: віншаванні імяніннікаў, юбіляраў. Праўда, яны пакуль не надта карыстаюцца попытам. Калі летась культработнікі чатыры разы віншавалі імяніннікаў, дык за гэты год ніхто з вяскоўцаў падобнай паслугі так яшчэ і не заказаў. Прычыны адсутнасці попыту тут ніхто не высвятляў: усё ж маркетынгавы аналіз, як і прагноз прыбыткаў, у вясковых умовах яшчэ далёкі ад ідэалу...

І апошні нюанс, на які хацеў бы звярнуць увагу. Любоў Міхнавец у свой час скончыла Ляхавіцкі саўгастэхнікум. Як высветліў потым, шмат дзе ў раёне не хапае спецыялістаў, ёсць вакантныя месцы ў СДК і СК на пасады дырэктараў, мастацкіх кіраўнікоў, акампаніятараў...

Бібліятэка без чытальнай залы

 Загадчык бібліятэкі аграгарадка "Вайская" Галіна Мазалеўская да пенсіі працавала загадчыкам клуба: па спецыяльнасці яна харавік-дырыжор - скончыла ў свой час культасветвучылішча ў Гродне. Мабыць, таму і план платных паслуг выконвае з лёгкасцю. У гэтым і найноўшая тэхніка дапамагае.

 - Таму і перавыканалі летась план. Сёлета мы ўжо зарабілі 400 тысяч рублёў з планавых 800, - распавядае Галіна Сцяпанаўна. - Найбольш запатрабаваны ў наведвальнікаў Інтэрнет і камп'ютэрныя гульні.

Але камп'ютэр у бібліятэцы цяпер стаіць напаўразабраны: без сістэмнага блока, які рамантуецца. Няма ва ўстанове і сканера з ксераксам - толькі прынтэр. Хапае і іншых праблем: малы бібліятэчны пакой не дазваляе размясціць тут сталы для чытання, таму ўсе пасяджэнні сямейнага клуба "Крыніца", які створаны пры бібліятэцы, ладзяцца ў танцавальнай зале СДК.

Як расказала мне дырэктар ЦБС Ларыса Хухлаева, з якой сустрэўся пасля паездкі па раёне, рамонт сістэмнага блока для камп'ютэра бібліятэкі аграгарадка "Вайская" завершаны, усе работы ўжо аплачаны. А што да адсутнасці чытальных залаў у тых аграгарадках, дзе мне давялося пабываць цягам камандзіроўкі, дык падобная праблема, па словах дырэктара ЦБС, існуе толькі ў гэтых паселішчах.

Кіраўнік з газонакасілкай

Наступны прыпынак - аграгарадок "Дзмітравічы". Выйшаў з машыны, а мне насустрач... газонакасільшчык. Аказалася, гэта супрацоўнік мясцовага СДК Аляксандр Кунц. Ён з'яўляецца кіраўніком народн/i/content/pi/cult/266/4097/20-1.jpgай вакальнай студыі "Версія", на палову стаўкі працуе мастацкім кіраўніком, больш за тое - фактычна з'яўляецца выконваючым абавязкі дырэктара.

- Трэба, каб быў парадак не толькі ўнутры СДК, а і звонку! - аўтарытэтна заявіў мне Аляксандр Аляксандравіч. - Бензакасілка, дарэчы, набыта за сродкі ад платных паслуг. Раней каса толькі была. Вось гэта была яшчэ тая праца!

Але вярнуся да кадравых праблем установы культуры. Акрамя, як ужо згадваў, вакантнай пасады дырэктара, няма ва ўстанове і мастацкага кіраўніка. Па словах Аляксандра Кунца, ён ужо "перажыў" шэсць дырэктараў Дзмітравіцкага СДК. Паказальны момант.

Слабая і матэрыяльная база. Хоць, нагадаю, Дзмітравічы - аграгарадок мінулага года. Так, СДК выглядае звонку даволі прыстойна, і замест звычайных вокнаў тут - шклопакеты. Адрамантавана танцавальная зала, дзе ўсталявана добрая апаратура: дынамікі, мікшэрны пульт, дым-машына. На дыскатэку прыходзяць па 120 чалавек кожную суботу! Кантраст з СДК аграгарадка "Вайская" відавочны, а жыве ў Дзмітравічах менш людзей, чым у першым наведаным паселішчы. Як кажа Аляксандр Аляксандравіч, у іхні СДК на дыскатэкі прыязджаюць нават з Гродна.

Але не пра гэта зараз гаворка. Засмучае супрацоўніка ўстановы культуры той факт, што застаўся яшчэ ладны кавалак рамонтных работ: трэба давесці да ладу дах у глядзельнай зале, замяніць там падлогу, крэслы, "адзенне" сцэны. Пра тое, што трэба адрамантаваць яшчэ шэраг кабінетаў у СДК, Аляксандр Аляксандравіч і не ўзгадваў: гэта, на яго думку, яшчэ больш аддаленая перспектыва.

Мы гутарылі ў глядзельнай зале, а час ад часу было чуваць, як на падлогу падалі кроплі вады са столі, хоць дажджу ў гэты дзень не было. Аляксандр Аляксандравіч распавёў, як ён "перамяшчаецца" па ўсім памяшканні з вёдрамі і поліэтыленам пад час навальніцы... Да таго ж, са столі небяспечна адвальваецца тынкоўка.

Замест тэлефона - падключэнне мабільнага?

 Дзмітравіцкую сельскую бібліятэку ўзначальвае Надзея Данілюк - бібліятэкар з больш чым 20-гадовым стажам: у свой час скончыла Інстытут культуры. Цяпер Надзея Іванаўна ўжо пенсіянерка.

Установа мае неблагі фонд: каля 8000 экземпляраў. А ў сакавіку тут з'явіўся камп'ютэр з прынтэрам, таму і план платных паслуг павысіўся амаль у два разы: калі летась установа зарабіла 400 тысяч рублёў, дык на гэты год паказчык складзе каля 700 тысяч.

У бібліятэцы, акрамя камерцыйнага фонду, можна ўзяць напракат DVD, набраць тэкст, а таксама - падключыцца да аднаго з мабільных аператараў. Плата за падключэнне - 10 тысяч, з якіх пяць ідуць у "залік" плана платных паслуг устновы. Як расказала мне пасля дырэктар ЦБС Ларыса Хухлаева, падобнай паслугай можна скарыстацца ў дзесяці сельскіх бібліятэках раёна.

Ёсць у Дзмітравіцкай сельскай бібліятэкі свае "болевыя кропкі": шмат дублетнай і састарэлай літаратуры, мала новых паступленняў (летась атрымалі толькі 79 кніг), да таго ж, тут таксама працякае дах. Няма Інтэрнета і тэлефона, адсутнічае чытальная зала. Праблема - банальная, як і ў першым аграгарадку: пакой бібліятэкі - невялікі, дзе, як кажуць, не разгарнешся.

Па словах Надзеі Іванаўны, зона яе абслугоўвання - восем вёсак, і, натуральна, не вельмі зручна наведваць іх у любое надвор'е. Як расказала мне пасля Ларыса Хухлаева, паводле абласной праграмы, на гэты год запланавана выдзяленне бібліобуса Камянецкай ЦБС. У раёне - больш за 230 населеных пунктаў, і многім бібліятэкарам аўтаўстанова, натуральна, аблегчыць жыццё.

Усе пытанні, якія з'/i/content/pi/cult/266/4097/22-1.jpgявіліся ў мяне пасля наведвання аграгарадкоў раёна, агучыў на райвыканкамаўскай "лятучцы", зыніцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел старшыня Камянецкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй ПІСАРЫК, начальнік аддзела культуры Мікалай ГРОМІК, дырэктар раённага метадычнага цэнтра Таццяна КІТАЕЎСКАЯ.

Не магу не адзначыць, што наша размова ў райвыканкаме атрымалася вельмі шчырай і нязмушанай. Андрэй Пісарык працуе на сваёй пасаде толькі год, але да драбніц ведае ўсе нюансы сацыякультурнага жыцця Камянеччыны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Хацеў бы засяродзіць нашу гутарку на кадравых праблемах Камянеччыны. За час паездкі па раёне у некаторых вёсках сустракаў культработнікаў без спецыяльнай адукацыі, ёсць вакантныя месцы ў СДК і СК раёна. А, як ужо даўно вядома, кадравую палітыку немагчыма ўявіць без трох "кітоў": добрай матэрыяльнай базы ўстаноў культуры, узроўню заробку і забеспячэння жыллём. Давайце пачнём з матэрыяльнай базы аграгарадкоў "Вайская" і "Дзмітравічы", дзе ёсць недаробленыя глядзельныя залы.

Андрэй ПІСАРЫК:

 - Праблема сапраўды існуе. Плануем там завяршыць рамонтныя работы толькі ў 2011 годзе, магчыма - на пачатку 2012-га. Чаму такая доўгая перспектыва? Цяпер першарадная задача - давесці да ладу тыя тры аграгарадкі, якія ў нас запланаваны на гэты год. Грошы паступілі, усе сілы накіроўваем на аб'екты сацыяльнай сферы ў дадзеных паселішчах. Будзем рамантаваць, у тым ліку, і тамтэйшыя СДК.

Мікалай ГРОМІК:

- Але дах у Дзмітравічах адновім сёлета. Ужо закуплены матэрыялы на тры мільёны рублёў, і сіламі гаспадарчай групы аддзела культуры праблему закрыем.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не надта добра і з мэбляй, з камп'ютэрамі ў аграгарадоцкіх бібліятэках. Людзі скардзяцца, што няма добрай апаратуры...

Андрэй ПІСАРЫК:

- Падобная праблема - амаль у кожным СДК, хаця той мінімум, які дазваляе правесці мерапрыемства, ёсць усюды. Мы сёлета не меркавалі набываць тэхніку для аддзела культуры. У той жа час, больш за сто мільёнаў запланавалі на рамонт філіяла ДШМ у вёсцы Пелішча. Можна было б купіць на гэтыя грошы мікшэрныя пульты, калонкі, але прыйшлі да высновы, што філіял для нас больш важны. Часткова праблемы тэхнічнага абсталявання аддзел культуры вырашае з дапамогай пазабюджэтных сродкаў.

Мікалай ГРОМІК:

- Так, выкарыстоўваем усе наяўныя магчымасці. Амаль кожны СДК мае па два камплекты апаратуры, набылі сёлета тры ноўтбукі ў СДК для дыскатэчных мерапрыемстваў. Прыкладна 70 - 80 мільёнаў рублёў з пазабюджэтнага фонду выкарыстоўваем штогод на апаратуру.

 Андрэй ПІСАРЫК:

- Канешне, не стае шмат чаго, але трэба, на маю думку, спачатку вырашаць першарадныя задачы: у згаданым Дзмітравіцкім СДК працякае дах - вось што вельмі сур'ёзна. Летась мы аддалі на рамонт гэтай установы прыкладна 220 мільёнаў рублеў. Было б у нас больш фінансавых магчымасцей - аднавілі б дах яшчэ тады. Вырашым надзённыя задачы - пяройдзем і да мэблі, і да камп'ютэраў, і да апаратуры. Недаведзеная да ладу зала - не толькі ў Вайской: падобная праблема ёсць і ў аграгарадку "Турна".

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Не ўсё добра і з транспартам аддзела культуры. І не таму, што наяўныя "Жыгулі", на якіх збіраліся ездзіць па раёне, на выездзе з горада заглухлі і не завяліся, а таму, што ў раёне - 231 вёска і, як самі культработнікі сцвярджаюць, аўтабібліятэка тут была б вельмі дарэчы.

Андрэй ПІСАРЫК:

- Згодны. Але, лічу, набываць транспарт цяпер немэтазгодна. Мабільная ўстанова культуры ў нас ёсць - аўтаклуб. Ці варта займець яшчэ адну?

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але аўтабібліятэка выконвае як інфармацыйную функцыю, так і ідэалагічную. Жыхарам аддаленых і маланаселеных вёсак вельмі патрэбна ўвага з боку ўлады. Да таго ж, можна і зарабляць такім чынам: паставіць у салоне ноўтбук, капіравальны апарат, рабіць выязныя платныя тэатралізацыі.

 Андрэй ПІСАРЫК:

- Усё гэта слушна, але калі я скажу, што ў нас з 16 дзіцячых садкоў у 6 - 7 трэба рамантаваць столь...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Зразумела, найперш - дзеці. Што ж, няма бібліобуса, хоць і плануецца яго набыццё, дык мо трэба развіваць камп'ютэрызацыю на сяле? Тады любы жыхар можа прыйсці ў бібліятэку, узяць кнігу, знайсці патрэбную інфармацыю ў Інтэрнеце, раздрукаваць яе або адксеракапіраваць. У Камянецкім раёне, наколькі я ведаю, вельмі шмат бібліятэк: 32 вясковыя плюс чатыры гарадскія ў Камянцы і Высокім.

 Андрэй ПІСАРЫК:

 - Цалкам падтрымліваю прапанову. Гэта тое, да чаго мы імкнёмся. Трэба, каб у кожнай бібліятэцы быў камп'ютэр, хуткасны правайдэр і электронныя кнігі. Гэта, лічу, будзе нават лепей за бібліобус.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але на сёння ў Камянецкім раёне толькі ў 9 аграгарадках ёсць камп'ютэры, да таго ж, як распавяла мне дырэктар ЦБС, некаторыя з іх - даволі старых мадэлей. Толькі ў сямі бібліятэках маецца выхад у Інтэрнет... Я ўжо не кажу пра адсутнасць тэлефона ў Дзмітравіцкай бібліятэцы...

 Андрэй ПІСАРЫК:

- У Долбізне ў нас таксама ёсць ДК і бібліятэка без доступу да Сеціва. Хочацца падвесці хуткасны Інтэрнет, аднак у раёне мала лічбавых станцый.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Наступны складнік рашэння кадравых праблем: жыллё для культработнікаў. Ці ёсць у аддзела культуры магчымасць выдзеліць на сяле кватэру або домік? Напрыклад, у Дзмітравічах і ў Караліне?

Андрэй ПІСАРЫК:

- І ў Дзмітравічах дадзім, і ў Караліне. Але гэта, шчыра кажучы, адзінкавыя выпадкі, не сістэмныя. Маю на ўвазе, што культработнікі на сяле жыллё атрымліваюць не заўсёды.

Таццяна КІТАЕЎСКАЯ:

- Хаця прыкладаў такіх хапае: у Пелішчах далі кватэру нашаму супрацоўніку; у Хадосах, аграгарадку гэтага года, культработніца таксама атрымала двухпакаёвую кватэру...

Андрэй ПІСАРЫК:

- Калі муж працуе ў сельскай гаспадарцы, а жонка - у СДК ці бібліятэцы, абавязкова будзем даваць жыллё.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У горадзе выпадкова сустрэўся з двума маладымі бібліятэкарамі - Вольгай і Марынай. Яны адпрацавалі на вёсцы, дзе здымалі для сябе жыллё, цяпер працуюць у горадзе, жывуць у бацькоў. Вось такая сітуацыя...

Мікалай ГРОМІК:

- Ні інтэрната, ні службовага жылля аддзел культуры не мае. Але ж любы ахвотны можа ўступіць у кааператыў і праз два - тры гады пабудаваць сабе кватэру. Іншая справа - што на гэта трэба вялікія грошы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Вось мы і падабраліся да яшчэ адной тэмы: належны заробак. Ад яго шмат што залежыць. Чым тут можаце пахваліцца?

Таццяна КІТАЕЎСКАЯ:

- У Камянецкім раёне сярэднемесячны заробак культработнікаў - даволі неблагі: больш за 600 тысяч рублёў.

Мікалай ГРОМІК:

 - Наша палітыка - наступная: даём магчымасць спецыялістам працаваць на паўтары, нават на дзве стаўкі, загружаем работай, каб максімальна падтрымаць у фінансавым плане.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - У некаторых раёнах, напрыклад, у Слуцкім, як я ведаю, маладому спецыялісту пры паступленні на працу выплачваюць 10 базавых велічынь да заробку. Ці ёсць што-небудзь падобнае на Камянеччыне?

Мікалай ГРОМІК:

- Пакуль не практыкуем. Выплачваем матэрыяльную дапамогу або грашовыя сумы на вяселле, і гэтак далей.

 Андрэй ПІСАРЫК:

 - Я не думаю, што тое кардынальна вырашыць сітуацыю. Іншага нават два мільёны рублёў заробку не заахвоцяць, каб у вёсцы працаваць. Для гэтага трэба быць фанатам справы ў добрым сэнсе слова. Вось такіх асоб у нас бракуе. І не толькі ў культуры - у адукацыі, у медыцыне. На раёне праблема нават з даяркамі і трактарыстамі! А ў іх заробак большы, чым у культработнікаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Дык, можа, трэба вяртацца да мэтавых накіраванняў? Або прысутнічаць на размеркаваннях у ВНУ і каледжах? Быў на сёлетнім размеркаванні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, бачыў шматлікіх начальнікаў аддзелаў культуры. З вашага раёна нікога там не было...

 Таццяна КІТАЕЎСКАЯ:

 - На размеркаванні прысутнічаў прадстаўнік з упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, які адстойваў, у тым ліку, і нашы інтарэсы. І вы сапраўды лічыце, што хтосьці пасля Універсітэта культуры пойдзе да нас у вёску харэаграфію выкладаць? Нават выпускнікі Пінскага вучылішча мастацтваў адчуваюць сябе "зоркамі" і не згаджаюцца працаваць на сяле...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На размеркаванні ва Універсітэце культуры прысутнічалі прадстаўнікі з усіх абласных упраўленняў культуры. Але ж былі і начальнікі аддзелаў культуры, дырэктары ЦБС... Да таго ж, пры мне сёлета накіравалі і ў Камянецкую бібліятэчную сістэму па размеркаванні выпускніцу, якой прапаноўвалі ўзначаліць Драгічынскую ЦБС, а яна адмовілася: паехала на радзіму.

Таццяна КІТАЕЎСКАЯ:

- Мы бываем на размеркаваннях у нашых абласных навучальных установах: у Брэсце, Пінску, Баранавічах, і нам гэтага дастаткова. Першае ж пытанне, якое мы чуем ад спецыяліста: колькі я буду атрымліваць? Нашы дзяўчаты, што працуюць у ГДК пасля заканчэння Універсітэта культуры і мастацтваў, маюць заробак да 400 тысяч рублёў. На сяле, праўда, даплачваем 20 працэнтаў да заробку...

Мікалай ГРОМІК:

 - Дзесяць гадоў таму, як толькі мы пачыналі працаваць з Таццянай Кітаеўскай (я - на пасадзе начальніка аддзела культуры, а яна - дырэктарам РМЦ), сітуацыя з кадрамі ў нас была самая горшая па Брэсцкай вобласці. Так што цяперашнія лічбы - 62 працэнты спецыялістаў па бібліятэках, 65 працэнтаў па клубах - гэта прагрэс. Але прыкладна 25 працэнтаў клубнікаў у раёне не стае: гэта 25 вольных ставак.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- І ў чым жа выйсце?

Мікалай ГРОМІК:

 - Займацца кадрамі ўшчыльную. У мінулым годзе да нас прыйшло дзевяць чалавек.

Таццяна КІТАЕЎСКАЯ:

- Два з іх пайшлі ў ГДК, адзін - у бібліятэку, а астатнія - у ДШМ і філіялы.

Мікалай ГРОМІК:

 - Сёлета чакаем яшчэ 15 чалавек, і ўсе яны пойдуць на сяло. А пасля пачнуць прыходзіць нашы мэтавікі: іх - трыццаць чалавек. У асноўным, гэта - кадры для школ мастацтваў.

Таццяна КІТАЕЎСКАЯ:

- Таксама будзем у абавязковым парадку павышаць кваліфікацыю нашых культработнікаў. Што да аграгарадкоў, дык у "Хадосах" у нас чалавек толькі што скончыў Пінскае вучылішча, у "Агародніках" - вучыцца на першым курсе Універсітэта культуры і мастацтваў, у "Ставах" - атрымлівае адукацыю ў Пінску.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Гучыць усё гэта даволі пераканаўча. Таму пажадаць хачу, каб усе вашы намеры хутчэй здзейсніліся.

 Дэталь да агульнай карціны

Каралін - для каралёў?

Але не ўсюды на Камянеччыне праблемы з матэрыяльнай базай. Па дарозе ў аграгарадкі заехаў у вёску Каралін, дзе сіламі як аддзела культуры, так і мясцовай гаспадаркі быў цалкам адрамантаваны былы будынак калгаснага кафэ. Цяпер там - сельскі Цэнтр культуры і дасугу ды бібліятэка.

 Шыкоўныя залы, новыя крэслы, якасная апаратура для дыскатэчных мерапрыемстваў і нават чытальная зала ў бібліятэцы - усё гэта можна пабачыць у Караліне. Узорная і, скажам, амаль каралеўская ўстанова для невялікай вёскі ў трыста жыхароў. Дарэчы, дырэктар СЦКіД Таццяна Рамашук вырашыла ўзняць свой кваліфікацыйны ўзровень і цяпер вучыцца на завочным аддзяленні ў Пінскім вучылішчы мастацтваў.

 - А які можа быць дырэктар клуба без спецыяльнай адукацыі? - задала мне рытарычнае пытанне Таццяна Міхайлаўна.

Здабытую на занятках інфармацыю Таццяна Рамашук выкарыстоўвае "ў палявых умовах": пад яе кіраўніцтвам - тры гурткі, іх наведвае 30 дзяцей. Такі б імпэт і імкненне да павышэння асабістай адукацыі - ды ўсім клубнікам раёна! Можа, тады і не было б праблем з запаўненнем вольных месцаў у СК і СДК раёна. Ды і загадчык Каралінскай сельскай бібліятэкі Наталля Іванюк даўно мае спецыяльную адукацыю: у свой час скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.

Так што выдатныя спецыялісты і творчыя людзі ў Караліне ёсць. На жаль, і ў СЦКіД маецца вакантнае месца мастацкага кіраўніка. І апошняга, па словах дырэктара Таццяны Ярашук, вельмі ў вёсцы чакаюць.

Наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Камянецкі раён - Мінск Фота аўтара  

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"