Каб склаўся пасьянс гісторыі

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Трактоўка аўтара 6500 імёнаў Беларусі Для пераважнай большасці айчынных прыхільнікаў гістарычнай літаратуры імя Наталлі ГОЛУБЕВАЙ не патрабуе “расшыфроўкі”. Кандыдат гістарычных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, яна, з’яўляючыся намеснікам начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай сферы апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, актыўна працуе ў прыгожым пісьменстве. Размову нашу з Наталляй Аляксандраўнай мы пачалі з прыемнай навіны: не так даўно яна вярнулася з Эстоніі, дзе атрымала дыплом міністра культуры гэтай краіны Лайне Янеса і падзяку ад мэрыі горада Нарвы.

/i/content/pi/cult/266/4096/19-1.jpgШТО НЕ ПРАЛічЫШ РЭЙТЫНГАМі?

- Як вядома, 2010-ы ў Еўрасаюзе аб'яўлены Годам кнігі. Адпаведна, і ў Эстоніі праводзіцца мноства мерапрыемстваў у рамках абвешчанага там Года чытання. Прыемна, што на іх у маёй асобе была прадстаўлена і беларуская літаратура. Самі мерапрыемствы дазволілі яшчэ раз пацвердзіць, што інтарэс да кнігі - ёсць. Да ўсяго, пераканалася: у свеце адбываецца вельмі дынамічны літаратурны працэс, калі ўсё большую вагу і папулярнасць набываюць тыя творы, што маюць змест глыбокі і прасякнуты разважаннем. Гэта значыць, літаратура не становіцца прасцейшай, а наадварот, - больш інтэлектуальнай, змястоўнай: як і ў "самыя кніжныя" перыяды савецкага часу, чытачоў турбуюць агульначалавечыя пытанні вайны і міру, няпростых міжасабовых стасункаў...

- А ці можна назваць пэўныя краіны, чые аўтары лідзіруюць у сусветнай пісьменніцкай прасторы ў тых ці іншых жанрах, адпаведна, карыстаючыся поспехам у чытача?

 - Літаратура не мае нацыянальных межаў, і асноўным крытэрыем запатрабаванасці кнігі застаецца яе цікавасць, а галоўным "суддзёй" пісьменніка - чытач. Напрыклад, творы вядомай пісьменніцы Майму Берг, прадстаўніцы сучаснай эстонскай літаратуры, выдадзены ў Расіі немалым тыражом у перакладзе з эстонскай мовы, а таксама - у шматлікіх еўрапейскіх краінах на нямецкай, фінскай, шведскай, англійскай, галандскай мовах. І не мае значэння, што творы напісаны на эстонскай мове прадстаўніцай маленькай краіны і тычацца вельмі складаных сацыяльных пытанняў набыцця душэўнай незалежнасці. Галоўнае - гэта цікава, карыстаецца поспехам у чытача, запатрабавана на кніжным рынку.

Тая шматтэмнасць, якая прадстаўлена сёння ў літаратурнай прасторы, падкрэслівае, што любая з ліній - прымальная, калі змястоўна і цікава прапанавана аўтарам. І наадварот. Звярніце ўвагу: лідэрам кніжных продажаў па-ранейшаму застаецца дэтэктыўная літаратура. Але ж, калі хочаш прачытаць дэтэктыў, як кажуць, для душы, здымаеш з паліцы кнігі Дафны Дзюмар'е, Віктара Канінга, Юльяна Сямёнава, як, між іншым, пры наяўнасці на нашых телеканалах фільмаў-клонаў гэтага жанру, у сто пяты раз хочацца паглядзець класічнае "Месца сустрэчы змяніць нельга". Мяне вельмі здзівіла, калі ў водгуках чытачоў, што збіраюцца штотыднёва ў бібліятэках, у раздзеле "Самая сумная кніга" трапіліся назвы твораў некаторых "раскручаных" аўтараў-дэтэктыўшчыкаў. Гэта пераконвае: у кожным жанры ёсць шмат кніг, але ж запатрабаваны заўсёды застаецца талент, які зразумелы для ўсіх і ва ўсе часы.

ЛіТАРАТУРА ФАКТА АБО "СКАРБОНКА ТЭМ"?

- Што да гістарычнай тэмы ў літаратуры, дык пра гэты жанр таксама вядзецца шмат спрэчак. У сваіх інтэрв'ю вы неаднойчы падкрэслівалі, што гісторыя - гэта самая канкрэтная навука, дзе ёсць дакладны факт. Некаторыя ж літаратары сцвярджаюць, што гісторыя - "скарбонка тэм" і ідэй, якія могуць быць усяго толькі "нагодамі" для стварэння ўласных твораў...

- Гістарычная тэма заўсёды і ва ўсе часы была цікавай для пісьменніка. У мяне яна таксама выклікае інтарэс. І вельмі прыемна, што ў час паездкі, дзе я, у першую чаргу, прэзентавала гістарычныя творы, яны выклікалі цікавасць, асабліва - кніга "На раздарожжы двух шляхоў". У ёй апавядаецца пра рэальных асоб, што ўвайшлі ў гісторыю, у тым ліку Беларусі і Эстоніі. Напрыклад, Тэадор Нарбут, ураджэнец вёскі Шчара Лідскага павета, - не толькі бліскучы даследчык гісторыі літоўскага народа, культуры, этнаграфіі, але і выдатны інжынер-фартыфікатар, які прымаў удзел у будаўніцтве першакласных крэпасцяў у Рэвелі (Талін) і ў Бабруйску напярэдадні вайны 1812 года...

- Але ж ставіцца да гістарычнай тэмы трэба вельмі асцярожна і адказна...

- Так, безумоўна, перад намі - "скарбонка" тэм і ідэй, якія падштурхоўваюць аўтара да стварэння таго ці іншага твора. Сюжэт, вобразы, чалавечыя стасункі - усё гэта ствараецца ўяўленнем пісьменніка на падставе вывучэння канкрэтных гістарычных падзей. Але ж калі ён бярэцца за адлюстраванне гэтых самых падзей, вось тут павінна быць і глыбіня даследаванняў, і імкненне да максімальнай аб'ектыўнасці. Лепш не закранаць тое, у чым няма ўпэўненасці.

Толькі на нашай з вамі памяці шмат з'яў, калі, каб дагадзіць колішнім ідэалагічным канцэпцыям, ствараліся вобразы гістарычных дзеячаў або пэўных падзей, якія не адпавядалі сапраўднасці. Не засталіся ўбаку і літаратары. Успомнім такую тэму, як "Ленініяна", або творы, дзе ўсхваляўся "правадыр усіх часоў і народаў" Сталін, чый вобраз уславіла нават паэтка Наталля Арсеньева разам з Максімам Танкам ды Міхасём Клімковічам у 1940 годзе ў "Паэтычным лісце І.В. Сталіну". Там ёсць такія радкі: "Родны Сталін, ты здаўна жыў у думах, між намі, // Ты ў сэрцах нашых прагных словы праўды будзіў, // А сягоння ўзняў нас, каб лятаць сакаламі // У сакалінай сям'і, у царстве дзейсненых дзіў". Калі ж з'явілася магчымасць гаварыць праўду, прыйшло не толькі расчараванне ў тагачасным грамадстве, але ж і супрацьстаянне некаторых сацыяльных груп.

Ці больш даўняя гісторыя. Вы, напрыклад, ні ў адной з ордэнскіх нямецкіх хронік (а яны добра захаваліся), ні ў архівах Расіі ды іншых краін не знойдзеце звестак аб бітве на Чудскім возеры. Яе слядоў, якіхнебудзь артэфактаў не знайшлі і археолагі, што вельмі скрупулёзна даследавалі дно возера. Але ж мы на поўным сур'ёзе вывучалі гэтыя падзеі ў курсе гісторыі, глядзелі адпаведны фільм, дзе быў таксама створаны гераічны вобраз Аляксандра Неўскага - вельмі спрэчнай насамрэч гістарычнай постаці.

І НАВАТ МАНЕРЫ іМПЕРАТАРА

 - Гэтым тлумачыцца і адказнасць аўтара таго ці іншага твора за стварэнне пэўнага мастацкага вобраза?

- Адлюстраванне вобраза мінулага, на мой погляд, павінна быць найбольш адказным. У нас, на жаль, на памяці розныя вольныя трактоўкі постацей Еўфрасінні Полацкай, Барбары Радзівіл і гэтак далей. У сваёй кнізе "На раздарожжы двух шляхоў", дзе прысутнічаюць гістарычныя асобы - скажам, ваенны міністр Барклай дэ Толі, расійскі імператар Аляксандр I, - я на падставе вывучэння архіўных матэрыялаў пасяджэнняў ваенных саветаў, іншых дакументаў імкнулася перадаць не толькі агульны настрой таго часу, але ж і манеры, узаемаадносіны, мову. Мне хацелася, каб фігуры мінулых стагоддзяў гаварылі сваімі словамі, каб захаваўся дух той эпохі. Пісьменнік наогул павінен памятаць, што нясе адказнасць за сфарміраванае ўяўленне аб гістарычнай асобе, падзеі. У любым выпадку, ад таго, як чытач успрымае твор, складваецца і ягонае ўяўленне пра нашу мінуўшчыну.

- Наколькі важную ролю ў працэсе фарміравання мастацкага прачытання гістарычнай постаці выконваюць тыя ж архіўныя фонды?

 - Сёння існуе шмат архіваў, з'явілася мноства матэрыялаў, недаступных раней. Але ж, як паказвае практыка, з імі павінны працаваць падрыхтаваныя даследчыкі. На жаль, мы бачым, як нярэдка з той ці іншай справы выцягваецца адзін ліст, што змяшчае цікавую інфармацыю, і на гэтым робіцца сенсацыя, а ўсё астатняе не бярэцца пад увагу. Але ж падобны падыход небяспечны. Напрыклад, у свой час было вельмі шмат абмеркаванняў вакол бітвы пад Оршай (верасень 1514 г.), якая падавалася як вялікая перамога войска ВКЛ пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над маскоўскімі палкамі.. Але ж у агульным кантэксце гістарычных падзей яна ўжо нічога не вырашала. Пасля падзення Смаленска (ліпень - жнівень 1514 г.) усё больш адчуваецца ўзвышэнне і перавага Масквы. І гэтая адзіная перамога, на жаль, не давала ВКЛ шанцу пазбегнуць гістарычнага пройгрышу ў супрацьстаянні з суседняй дзяржавай. Гісторыя - нібы пасьянс, у якім абавязкова ўсё павінна сысціся і апынуцца на сваіх месцах, а тое, што адбывалася ў ёй спрэчнага, павінна быць "працай над памылкамі" і не з'яўляцца яблыкам разладу.

АСНОўНЫ КРЫТЭРЫЙ: ЦіКАВА АБО НЕ

 - Але ж літаратурны працэс - вельмі складаная справа. Ён, як і грамадства, зведаў усе перыпетыі часу, да прыкладу, перажыў перыяд так званых "кніжных развалаў", калі прылаўкі запаланіла кніга з немудрагелістым сюжэтам, "лёгкае чытво", і ўжо пачаў складацца нейкі стэрэатып: гэта, маўляў, і ёсць сучасная літаратура. Такія павароты адмоўна адбіліся на агульным стане пісьменніцкага працэсу, у тым ліку сучаснага беларускага. Як можна выправіць гэтую сітуацыю?

- Ведаеце, са стабільнасцю жыцця ў грамадства заўсёды вяртаецца і імкненне да больш глыбокага пазнання ўсяго, што адбываецца вакол. Гэта адчуваецца і праз літаратурныя творы. У апошнія гады з'явіліся цікавыя аўтары і работы. Але ж страчана шмат, і добра, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца адпаведныя меры, каб падтрымаць літаратурны працэс, прадаставіць магчымасць заявіць аб сабе, вярнуць аўтарытэт слову, яго традыцыям, якімі багатае беларускае пісьменства. Але ж сёння такі час, калі ва ўсім свеце існуюць прамыя ўзаемаадносіны паміж выдаўцом і аўтарам. І асноўным крытэрыем у іх - цікава тое, што ты пішаш, альбо не.

- Гэта добра ці дрэнна?

- Мне асабіста такі падыход імпануе. Аўтара ён прымушае быць больш адказным за зробленае, спадзявацца толькі на сябе, на ўласныя талент і працаздольнасць. Гэта стварае і добрыя ўмовы для канкурэнцыі, якая і вылучае са значнай колькасці аўтараў тых, хто піша і сапраўды варты стаць пісьменнікам.

Але ж ваша пытанне - глыбейшае. Хочам мы таго ці не, грамадства становіцца больш прагматычным, рацыянальным і будзе рухацца ў бок пашырэння ролі электронных сродкаў інфармацыі, Інтэрнета, інтэлектуалізацыі грамадства, і літаратар павінен не толькі ісці ў нагу разам з гэтымі працэсамі. Любы пісьменнік - яшчэ і аналітык, які бачыць далей і глыбей за іншых. І ў выйгрышы апынецца, безумоўна, той, хто зможа адчуць і дух часу, і яго тэндэнцыі. Але ж прысутнічае і іншы аспект. Сёння трэба даць пісьменніку сацыяльныя гарантыі, каб літаратурная дзейнасць не адбывалася на ўзроўні заняткаў у вольны ад працы час, патрэбна вельмі шмат укладаць у творчую моладзь, каб не страціць сувязі пакаленняў.

- Ведаю, што ў вас яшчэ ёсць і тэлепраект, таксама пэўным чынам звязаны з літаратурай. Гэта таксама аналітыка творчасці праз "сродкі інтэлектуалізацыі грамадства"?

 - Калі мы разам з творчай групай пачыналі працаваць па заказе Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" над праектам, што ўключае 24 фільмы пра слынных выхадцаў з зямель Беларусі, дык часам даводзілася чуць: "Ну хто там у вас ёсць? Скарына, а яшчэ?.." Але калі мы ў адказ выдалі спіс з шасці з паловай тысяч імёнаў нашых суайчыннікаў, якія зрабілі ўнёсак у развіццё сусветнай цывілізацыі (сярод іх - не толькі дзеячы культуры, а і стваральнікі падводных лодак, ракетнага рухавіка, вядомыя навукоўцы, палітычныя дзеячы), усе былі проста агаломшаны. Уявіце сабе, як складана выбраць усяго толькі 24 персоны! Адначасова рыхтуецца да выдання ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі кніга "Беларусь у кантэксце сусветнай цывілізацыі. Суайчыннікі", дзе таксама зроблена спроба стварыць грунтоўны даведнік аб нашых талентах розных часоў.