“Залатая маска”.by

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

“Прызначыць лепшымі”, або У чым выражаецца прэстыж? Нягледзячы на тое, што справа арганізацыі Нацыянальнага тэатральнага конкурсу знаходзіцца яшчэ на ўзроўні дапрацоўкі палажэння, мне падаецца важным вынесці на парадак дня яго арганізатараў наступныя пытанні: якія захады неабходна зрабіць для таго, каб конкурс гэты не стаў адно толькі намінальным? Як не страціць галоўнае — павагу і давер да яго з боку саміх тэатраў, што мусяць браць у ім удзел? І што ж, усё-такі, у выніку творчага спаборніцтва павінна дадацца да “прэстыжнай статуэткі”?

 

Работа журы ў падобных выпадках амаль заўсёды падвяргаецца крытыцы: не бывае, каб усе засталіся задаволенымі яго выніковым рашэннем. Ды толькі практыка паказвае, што для калектываў, якія ўступаюць у падобныя спаборніцтвы, нашмат важней не сама перамога (хаця добраахвотна ад барацьбы за яе яшчэ ніхто не адмаўляўся), а факт знаходжання ў шэрагах тых, каго аналітыкі ад тэатра называюць лепшымі. Уласна кажучы, для гэтага і патрэбны падобныя фестывалі: каб работы іх - творцаў, што фарміруюць і дыктуюць сучасную мастацкую палітыку,- маглі пабачыць як мага больш шырокія колы людзей. І каб ацэнка іх не засталася на ўзроўні мясцовага прагляду спектакляў аўтарытэтнымі спецыялістамі, а мела магчымасці для шырокага грамадскага абмеркавання. А для гэтага і патрэбны паказы іх на прэстыжных пляцоўках краіны. Магчыма, - у якасці асобнай беларускай праграмы ў рамках ужо існуючых міжнародных тэатральных фестываляў - гэтую думку ў свой час агучваў і Мікалай Пінігін на "Панараме", і Аляксандр Козак пад час "Белай вежы". Такая інтэграцыя з фестывалямі, дзе звычайна збіраюцца госці са шматлікіх краін свету, дазволіць знаёміць прафесійную тэатральную грамадскасць з айчыннымі спектаклямі не "метадам тыку", а- сістэмна і асэнсавана, прадстаўляючы работы, якія насамрэч заслугоўваюць міжнароднага розгаласу.

Не магу не закцэнтаваць увагу і на такой важнай рэчы, як прома-прадукцыя. Думаю, нікога не патрэбна пераконваць у тым, што сёння, як ніколі, надзвычай актуальна не проста правесці тое ці іншае мерапрыемства, а і падаць яго належным чынам. У выніку чаго - атрымаць ад яго "каэфіцыент карыснага дзеяння". Якім ён можа быць у прымяненні да Нацыянальнай тэатральнай прэміі? Найперш - у выглядзе запрашэння нашых лепшых калектываў на міжнародныя тэатральныя фестывалі, што, у сваю чаргу, дасць нашай краіне магчымасць не кропкава, а больш шырока і пэўна заяўляць пра сучаснае беларускае тэатральнае мастацтва ў свеце. А для гэтага варта парупіцца і пра змястоўны конкурсны каталог, дзе будуць прадстаўлены ўсе тэатры-намінанты, прычым не толькі з інфармацыяй па канкрэтных спектаклях-удзельніках, але і з агульнымі звесткамі пра калектыў, кантактамі - усёй той "тэхнічнай інфармацыяй", што дасць магчымасць імгненна завязаць стасункі з імі. Як мінімум - на трох мовах. У дадатак, для знаёмства і большай нагляднасці, - дыск з нарэзкай сцэн са спектакляў, якія намінаваліся ў конкурсе. Але гэта мусіць быць не "зборка" з таго, што дашлюць на адборачным этапе самі калектывы, а якасныя, прафесійна зробленыя здымкі (чаму б да такой работы не далучыцца, прыкладам, студэнтам факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў?). І гэта толькі той мінімум, без якога сёння проста не варта брацца за арганізацыю падобных конкурсаў, асабліва - на нацыянальным ўзроўні. Бо, відавочна, для саміх творчых калектываў Нацыянальная тэатральная прэмія - гэта не фінальны этап у ацэнцы іх працы, а свайго кшталту старт: магчымасць атрымаць моцны штуршок для далейшых творчых здзяйсненняў.

Т.К.