“Залатая маска”.by

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Канцэпцыя Конкурсу Тэма з’яўлення на Беларусі Нацыянальнага тэатральнага конкурсу ў сценах рэдакцыі “К” узнікла яшчэ мінулай восенню, пад час сустрэчы міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі з калектывам РВУ “Культура і мастацтва”. І яна адразу ж была ўзята намі пад пільную ўвагу. Неўзабаве, напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, было аб’яўлена, што распачаўся актыўны этап па распрацоўцы гэтага праекта. І сёння па каментарыі аб тым, калі ж айчынным тэатралам чакаць свайго “ўзыходжання на Алімп”, мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіла КАЗЛОВІЧА.

 

 - На сённяшні дзень Палажэнне аб Нацыянальным тэатральным конкурсе практычна падрыхтавана. Засталося толькі прапрацаваць некаторыя юрыдычныя і тэхнічныя моманты.

- Якім чынам будзе праходзіць конкурс?

 - Мы плануем правядзенне некалькіх этапаў. Першы - адборачны: тэатры накіроўваюць у адборачную камісію свае заяўкі з абавязковым дадаткам у выглядзе запісу спектакля. Камісія аналізуе той матэрыял, што паступае да яе, і на падставе прагледжанага вылучае намінантаў, якія і прымуць удзел у далейшым конкурсе. Пасля гэтага пачынаецца другі этап - калі ўжо члены журы праглядаюць непасрэдна самі спектаклі, і па выніках гэтых праглядаў адбываецца вызначэнне пераможцаў па ўсіх намінацыях.

 - Як я разумею, конкурснае журы для канчатковага вынясення свайго вердыкту будзе выязджаць у тэатры - туды, дзе спектакль першапачаткова пастаўлены. Гэта, на маю думку, вельмі важная акалічнасць: не сакрэт, што амаль заўсёды пры выездзе на іншую пляцоўку спектакль тое-сёе страчвае, да прыкладу, не становяцца дэкарацыі, іншыя сцэнічныя аб'ёмы разбураюць атмасферу...

- Так. Пасля гэтага ўсе намінанты, вылучаныя адборачнай камісіяй, запрашаюцца на ўрачыстую цырымонію, дзе будуць ускрыты канверты і названы лепшыя творцы па выніках сезона.

 - А потым пераможцы паказваюць свае спектаклі?..

- Не, гэта будзе выключна цырымонія ўзнагароджання. Мы ж павінны да апошняга захаваць інтрыгу і не раскрываць нашага рашэння. Думаю, само мерапрыемства будзе абстаўлена прыгожа і ўрачыста, напэўна, з запрашэннем замежных зорак тэатра. А намінанты будуць у гэты вечар не "працаваць" на сцэне, а- святкаваць.

- У конкурсе прымуць удзел толькі дзяржаўныя тэатры, альбо да яго змогуць далучыцца і прыватныя тэатральныя праекты?

- Мы не абмяжоўваем нікога- усе ахвотныя могуць падаваць свае заяўкі. Думаю, удзел недзяржаўных калектываў і праектаў створыць дадатковую канкурэнцыю і інтрыгу.

- Калі ж тэатрам пачынаць рыхтаваць свае пакеты дакументаў?

 - Думаю, чакаць засталося нядоўга: як толькі вырашацца ўсе адміністрацыйна-юрыдычныя пытанні, мы аб'явім пра гэта ў СМІ.

 - Яшчэ адно хвалюючае пытанне: якую ўзнагароду атрымае пераможца?

 - Узнагарода - сімвалічная. Мы вырашылі не выплачваць пераможцам грашовую прэмію: тая сума, якую можна было б выдаткаваць, не настолькі вялікая, каб зрабіць надвор'е ў бюджэце тэатра, - прыкладам, спектакль на яе не паставіш. Таму ацэнка ў выглядзе статуэткі будзе, хутчэй, элементам прэстыжу.

 - А можа, у якасці дапаўнення да "прэстыжнай статуэткі" прадугледзець для пераможцаў магчымасць прафінансаваць у якасці дзяржаўнага заказу наступны творчы праект тэатра або рэжысёра?

 - Гэта можна разглядаць, але - як варыянт, бо тут ёсць пэўныя нюансы. Прыкладам, мы возьмем на сябе фінансавыя абавязацельствы, а што тэатр прапануе ў якасці матэрыялу для пастаноўкі? А раптам не атрымаецца? У любым выпадку, пры размеркаванні дзяржзаказаў мы будзем улічваць, што той ці іншы тэатр з'яўляецца пераможцам нацыянальнага конкурсу.

- Ці будзе прадугледжана запрашэнне замежных экспертаў, дырэктараў міжнародных фестываляў для таго, каб яны мелі магчымасць пазнаёміцца з нашым тэатральным мастацтвам, выданне адпаведнай прома-прадукцыі?

- Чаму б і не? На гэтую тэму трэба падумаць. Вы слушна кажаце: і на цырымонію, і на больш раннім этапе прагляду саміх спектакляў можна было б запрасіць дырэктараў, прадзюсераў буйных міжнародных фестываляў, той жа "Залатой маскі". Думаю, дадзеную ідэю варта падтрымаць.