Мірскія гучанні

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Сёння аматары музыкі і тыя, хто не абыякавы да нацыянальнай культуры, збяруцца на VІІІ Свята мастацтваў “Мірскі замак-2010”. Ля замкавых сцен адбудзецца цыкл найцікавейшых сустрэч з нашымі навукоўцамі і музыкантамі. Арганізатарамі свята выступаюць Міністэрства культуры краіны, Карэліцкі райвыканкам, Мірскі пасялковы савет і, вядома, Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

 

 У праграме свята - чатыры разнастайныя канцэрты, прычым у розных акустычных умовах. Ужо ў 10.30 Дом культуры гарадскога пасёлка Мір гасцінна адкрывае дзверы для наведвальнікаў мастацкай выстаўкі, прымеркаванай да свята, і канцэрта, што зладзяць ансамблі флейтыстаў і кларнетыстаў аркестра. Аб 11-й гадзіне, там жа, пройдуць выступленні навукоўцаў, паэтычна названыя "Мірскімі чытаннямі" або "Мірскімі ўспамінамі" і прысвечаныя знаходкам ды адкрыццям у музычнай культуры нашай краіны.

Святочную эстафету зноў падхопіць музыка. З 13.30 у выкананні камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра прагучаць творы кампазітара Мікалая Аладава з нагоды 120-годдзя з дня яго нараджэння.

Сярод яго твораў - дзве оперы, 10 сімфоній, што разам з папулярнай Сімфаньетай застаюцца класічнымі ўзорамі жанру, шматлікія рамансы, безліч камерных ансамбляў, якія і дагэтуль складаюць аснову нацыянальнага рэпертуару выканаўцаў на самых розных інструментах. Госцяй свята стане дачка кампазітара - знакамітая музыказнаўца Радаслава Аладава, адзін з лепшых спецыялістаў краіны ў галіне беларускай музыкі і жанру оперы.

Новую праграму "Голас мірскіх муроў-2" прадставяць струнны аркестр на чале з Валерыем Сарокам і вакальны ансамбль пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай. Канцэрт адбудзецца а 16-й гадзіне ў Мікалаеўскім касцёле. А праз дзве гадзіны песні ў выкананні Наталлі Тамелы, Дзмітрыя Качароўскага, Руслана Мусвідаса, Сашы Нэма ды іншых салістаў аркестра загучаць у Карэліцкім гарадскім доме культуры. Тут адбудзецца гала-канцэрт, прысвечаны 65годдзю Перамогі, які і стане фінальным музычным акордам "Мірскага замка-2010".