Колькі будзе “Тры плюс два”?

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Даведаемся сёння ўвечары Не трэба быць экстрасэнсам, каб прадказаць: сёння ўвечары мінакоў на нашых вуліцах значна паменее. Уключыўшы тэлевізары, мы будзем “хварэць” за нашых хлопцаў і дзяўчат, што склалі групу “3 + 2” і рушылі скараць еўрапейскі песенны Алімп. Ужо тое, што яны мінулі “бар’ер” паўфіналу і выйшлі на новы этап шоу-спаборніцтва, — перамога. І іхняе выступленне, якое пачуюць прыхільнікі “Еўрабачання” ў многіх краінах, — яшчэ адно сведчанне адкрытасці нашай краіны да ўсяго свету.

/i/content/pi/cult/266/4088/3-2.jpg

Песню "ад Беларусі" можна без усялякіх перабольшванняў назваць сапраўдным "сумесным праектам". Музыку напісаў вядомы расійскі кампазітар і прадзюсер Максім Фадзееў, словы - польская паэтка Малька Чаплін. За раялем - знаны шведскі музыкант Роберт Уэлс. А ў складзе вакальнай групы - не толькі беларусы, але і ўраджэнец Арменіі, для якога наша краіна стала другой радзімай, Егіязар Фарашан.

Маці выканаўцы была першай, каму мы датэлефанаваліся.

 - Мы ўсе так хваляваліся, калі глядзелі паўфінал! - сказала Сільвія Егіязараўна ад усёй сям'і (дарэчы, спяваюць у Фарашан/i/content/pi/cult/266/4088/3-1.jpgаў усе, а па бацькоўскай лініі ледзь не ўсе сваякі Егіязара - прафесійныя вакалісты). - Нашы дзеці спявалі вельмі добра! А напярэдадні я сніла: нібыта стаю на вуліцы і гляджу на неба. Раптам зорка стала падаць - трэба загадаць жаданне. І я папрасіла, каб нашы дзеці занялі першае месца. Ледзь падумала - зорка падаць перастала, быццам мяне пачула. Таму праз вашу газету я хачу звярнуцца да ўсяго беларускага народа: падтрымайце нашых дзяцей! Я веру што калі мы з'яднаемся і перададзім ім сваю станоўчую энергію, яны абавязкова гэта адчуюць!..

Самымі строгімі "суддзямі" звычайна бываюць настаўнікі. Мы звярнуліся да знакамітага опернага саліста Рыгора Палішчука, які цяпер выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў:

- Егіязар Фарашан займаецца ў маім класе, бо паступіў на вакальнае аддзяленне. Арцём Міхаленка - таксама, але факультатыўна, бо навучаецца па іншай спецыяльнасці. Я задаволены сваімі вучнямі і іхнім выступленнем. Спявалі яны добра, прыцягнулі ўвагу яшчэ і відовішчам. Абодва яны - таленавітыя. У Арцёма - шыкоўны па тэмбры голас, дый сам ён надзвычай артыстычны. І, калі будзе займацца, мог бы ў будучым рэалізаваць сябе і на опернай сцэне. Вельмі прыгожы, але больш камерны па моцы голас у Егіязара.

Яшчэ адна ўдзельніца групы "3 + 2", таксама студэнтка БДУКіМ, - Юлія Шышко займаецца ў класе знанай салісткі Беларускай оперы Алены Шведавай:

- У Юліі ёсць усё, каб стаць не толькі эстраднай спявачкай, але і опернай: голас, розум, настойлівасць, добрае самалюбства, якое можа дапамагчы пераадолець любыя складанасці. Да таго ж, паводле сваёй першай адукацыі, атрыманай у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, Юля - музыказнаўца, да ўдзелу ў праекце "Новыя галасы Беларусі" выкладала ў Слоніме сальфеджыо. А гэта значыць, ніякімі інтанацыйнымі, рытмічнымі, гарманічнымі складанасцямі яе не спалохаць. Дый таленавітая яна! Таму і намагаемся мы разам з канцэртмайстрам Таццянай Молакавай наблізіць яе да опернага ўзроўню. Бо голас (а ў Юлі вельмі рэдкі тэмбр) - набытак нацыі. А прыгожыя, адметныя галасы - сапраўдная спеўная эліта. І мне крыху шкада, што аранжыроўка песні "Матылькі" не прадугледжвала выбітных Юліных сола. Яны маглі б яшчэ болей упрыгожыць песню!..

Усе ўдзельнікі групы "3 + 2", уключаючы сёстраў Алену і Нінель Карповічаў, - салісты Прэзідэнцкага аркестра Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным.

- Гледзячы "Еўрабачанне", - распавёў Віктар Уладзіміравіч, - ужо на сярэдзіне паўфіналу не сумняваўся, што нашы пройдуць абавязкова. Было бачна, што яны хваляваліся, але хлопцы саліравалі чыста, дый дзяўчаты скарылі сваімі ўсмешкамі. У іх удалым выступленні вялікая заслуга прадзюсераў тэлеканала АНТ, якія непасрэдна займаліся іхняй падрыхтоўкай да "Еўрабачання": і песню прыдбалі, і строі адметныя пашылі. Дый спевакі не падвялі: са сваёй задачай - справіліся! Нават у тым, што яны стаялі на месцы, а не скакалі, як іншыя, была свая "фішка", бо ўся ўвага скіроўвалася менавіта на іх.

А неспадзяванак на "Еўрабачанні" хапае. Таму, якім бы ні быў канчатковы вынік, нашым салістам трэба працаваць ды працаваць, каб рухацца наперад. Любы конкурс - толькі першая прыступка на творчым шляху. Але я ганаруся, што ў нашым аркестры выспяваюць вакалісты, якія могуць паспяхова ўдзельнічаць у падобных форумах. Літаральна днямі яшчэ адна наша салістка - Ірына Патаповіч вярнулася з ХІХ Міжнароднага конкурсу "Discovery" ў Варне (Балгарыя), дзе спаборнічалі прадстаўнікі 18-і краін, са Спецыяльным прызам Міжнароднай асацыяцыі WAFA, якую можна лічыць аналагам FIDOF. Адзначыла яе і журы, уключаючы такую вядомую балгарскую прымадонну, як Пеця Буюкліева. Дарэчы, спявала там Ірына Патаповіч не толькі кампазіцыю з рэпертуару малдаўскай салісткі Нэлі Чабану, але і сваю ўласную песню "Без цябе". Першая версія была на рускай мове. А напярэдадні конкурсу, звярнуўшыся ў Пасольства Балгарыі, мы папрасілі зрабіць пераклад. І ў Варне Ірына спявала па-балгарску! Аранжыроўка ж гэтай песні, зробленая Сяргеем Сухамліным, была прызнана на конкурсе лепшай. Так што і надалей будзем рыхтаваць сваіх салістаў на конкурсы!

Сімвалічна, што пажаданні поспеху групе "3 + 2" даслаў саліст Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вяршэнка, які будзе прадстаўляць Беларусь на конкурсе "Славянскага базару ў Віцебску":

- Па маім цвёрдым перакананні, песня атрымліваецца якаснай толькі тады, калі пішуць яе ад душы і для душы. І спяваюць - таксама ад душы. Таму хочацца пажадаць нашым удзельнікам "Еўрабачання" поспеху! І - спявайце для душы!

Н.Б.