У 1878 - 1882 гг. Генрых Уладзіслававіч вучыўся ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. У розныя гады браў урокі малявання ў Мюнхене і Парыжы. У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1889 г. Большасць карцін, малюнкаў створана ў Русаковічах.
Зусім нядаўна ў Варшаве пабачыла свет манаграфія Анеты Паўлоўскай "Генрых Вейсенгоф (1859 - 1922)". У даследаванні падаецца радавод Вейсенгофаў, распавядаецца пра гаспадароў сядзібы ў Русаковічах. Прыводзяцца таксама звесткі з кнігі Юзэфа Вейсенгофа "Двор на Міншчыне" 1931 г.
Анета Паўлоўская, акрэсліваючы месца і ролю легендарнага жыхара Міншчыны ў выяўленчым мастацтве Беларусі, Польшчы, звяртае ўвагу на матывы імпрэсіянізму, эмацыйныя складнікі жывапісу Вейсенгофа. Асобны раздзел манаграфіі польскай даследчыцы прысвечаны разгляду здабыткаў Генрыха Уладзіслававіча як ілюстратара, кніжнага і часопіснага графіка. Напрыканцы тэкста манаграфіі Анета Паўлоўская цалкам прыводзіць некралог на смерць Генрыха Вейсенгофа, што быў змешчаны ў "Tygodnik Ilustrawany". Ёсць там і такія словы: "Беларусь і Літва былі яго натхненнем..."
Манаграфію дапаўняюць падрабязная бібліяграфія і каталог рэпрадукцый. Пазначана, дзе захоўваюцца арыгіналы, калі і ў якіх выданнях змяшчаліся рэпрадукцыі.
Адкрываецца каталог работай "Беларускія могілкі". У гэтай карціны, між іншым, ёсць яшчэ адна назва: "Беларускія могілкі. Русаковічы". Па творах Генрыха Вейсенгофа можна скласці мастацкі партрэт Міншчыны, Пухавіччыны, адметнай рудзенскай прыроды. Русаковічы ж- зусім непадалёку ад Рудзенска. Пціч, яе пакручастае рэчышча, пойма паэтычна-ўзнёслай ракі, ранішнія росы, вячэрнія туманы - усё гэта "падгледжана" мастаком, данесена да нас праз адмысловыя колеры. "Світанак на возеры", "Надвячорак", "Хмара", "Цішыня", "Двор над Пціччу", "Снег" - асаблівая, прывабная прастора. Сярод графічных работ Г.Вейсенгофа - і ліст "Возера Нарач", датаваны 1916 годам. Варшаўская манаграфія Анеты Паўлоўскай нагадала і пра тое, колькі яшчэ недаследаванага ў гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі.
Кастусь ЛАДУЦЬКА