Самы адказны выбар

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Жартуюць, што для вяселля трэба карпатліва і дакладна выбраць толькі дзве рэчы — жаніха і сукенку. Чым бліжэй надыход свята, тым больш складанай часткай аказваецца менавіта апошняе. У дзевяностыя гады, не кажучы ўжо пра папярэднія дзесяцігоддзі, з выбарам сукенкі было значна прасцей — бралі белае і самае прыгожае. Сёння, калі вясельныя аксесуары сталі паўнавартасным бізнесам, які прапануе шырокі спектр тавараў, выбраць модную, арыгінальную, якасную сукенку, якая была б да твару і адпавядала самаму патрабавальнаму густу, не так і лёгка. Аднак, калі разабрацца ў вясельнай модзе і эстэтычных правілах, шопінг нявесты ў выбары самай урачыстай сукенкі ў жыцці ператворыцца з разгубленасці ў прыемны адпачынак.

 /i/content/pi/cult/119/407/Wedding.jpg
Хоць у легінсах
Вясельная сукенка адразу пазнаецца знаёмым сілуэтам з усяго ўрачыстага адзення. З-за гэтага можа здавацца, што мода найменш уплывае на яе фасон, колер, дэкор, хаця мы адразу пазнаём сямідзесятыя па вясельнаму А-сілуэту. А між тым, мода ўплывае на гэтыя дзявочыя строі штолета, кіруючыся не толькі вясельнымі распрацоўкамі дызайнераў, а і трэндамі паўсядзённай вопраткі. Так, для лета —2007 мадэльеры прапанавалі нявестам папулярную ў нашы будні шматслойнасць. Канешне, у вясельным строі яна выглядае іначай, ствараючы з танюсенькіх слаёў газу і гафрыраванай тканіны ілюзію бязважкай паветранасці. Дарэчы, цікава, што не толькі паўсядзённая мода ўплывае на вясельную, але і наадварот. Прыкладам, вясельная сукенка прынцэсы Дыяны ў 1981 годзе натхніла дызайнераў прэт-а-партэ на вяртанне рамантычнага стылю.
Не засталося ў баку ад вясельнай моды і золата — колер, які прэтэндуе на ролю будучага фаварыта ўжо ў гэтым сезоне. Напэўна, залатая сукенка, тон якой будзе карпатліва падабраны да летняга загару маладой, вылучыць яе на фоне бялюткіх нявест. Залаты — не адзіны колер сезона. Разам з ім па-сучаснаму і арыгінальна выглядаюць мона-, двух- і трохкаляровыя сукенкі. Аднак тут трэба папярэдзіць, што буйныя, насычаныя колеры — фіялетавыя, чорныя, чырвоныя і г. д. — часцей да твару дзяўчынам “зімняга” тыпу. “Вясеннім” альбо “летнім” прыгажуням давядзецца змагацца з эфектамі хваравітасці і бязлікасці ў такіх строях насычаным загарам і яркім макіяжам. Аднак ці вартае гэта такіх ахвяр? Не менш прывабнымі застаюцца строі ў пастэльных тонах.
3D-тэхналогіі ў малюнку тканіны, якія ствараюць ілюзію аб’ёму вытканых фрагментаў, — прыгожы міраж, распрацаваны тэкстыльшчыкамі, — таксама актуальны акцэнт гэтага лета. Нельга быць упэўненым, што такую сукенку можна будзе знайсці ў беларускіх вясельных крамах, аднак замовіць апошні піск моды ў выглядзе рулона тканіны з Еўропы, калі дазваляюць грошы, канешне, рэальна.
 /i/content/pi/cult/119/407/Wedding2.jpg

На радасць сталаму пакаленню, у сучасную вясельную моду вярнуліся традыцыйныя для вобраза нявесты карункі. Гэта таксама модны акцэнт, які прыйшоў на месца атласу-канкурэнта, завяршыўшы яго дзесяцігадовую манархію. Але гэта не азначае, што можна дастаць з куфра маці яе вясельную сукенку. Дызайнеры паклапаціліся, каб карункі апошняга пакалення стваралі менавіта сучасны рамантычны, арыстакратычны ці гламурны вобраз нявесты.
Гэтымі сезонамі мадэльеры нарэшце пачалі ўлічваць практычнае жаданне нявест купляць сукенку не на адзін дзень, а на бліжэйшыя гады, калі можна будзе апранаць яе і на іншыя ўрачыстасці. Такая гаспадарчая беражлівасць спарадзіла моду на сукенкі катэгорыі “casual” — простыя, без залішняга дэкору, сярэдняй даўжыні, але з дарагой, якаснай тканіны.
Такія галоўныя акцэнты расставілі дызайнеры для гэтага вясельнага лета. Аднак мода — толькі адзін з аспектаў выбару сукенкі. Для таго, каб вяселле запомнілася як самы ўрачысты дзень у жыцці, трэба звярнуць увагу і на наступнае. Не менш важна ў выбары сукенкі ўлічыць і пару года, на якую прыходзіцца вяселле. Бо для лета найбольш арганічныя колеры — адтопленага малака, малочна-ружаватыя, бела-зяленыя і г. д., тады як для зімы — серабрыста-белыя, серабрыста-шэрыя, блакітныя. Іншым словам, карысна ўявіць нявесту не толькі ў тым ці іншым вобразе, але і на тым ці іншым прыродным фоне. Свае патрабаванні маюць і фактура, і шчыльнасць тканіны, якая для кожнай пары — свая: для лета — шыфон, газ, муар, для зімы — тафта, жакард, крэп.
Месца правядзення вяселля (ля мора, у вёсцы, у мармуровым палацы), сямейныя традыцыі, сацыяльны статус нявесты, яе індывідуальнасць і характар, асаблівасці фігуры, густ — таксама не апошнія крытэрыі выбару сукенкі. Улічыўшы і сумясціўшы ўсё раней пералічанае, нявеста зможа не разгубіцца ў шырокай прапанове вясельных салонаў, а хутка і мэтанакіравана знайсці тую адзіную, а галоўнае — “сваю” сукенку. 

Да “белай” моды
Канешне, шыкоўныя белыя сукенкі былі ў беларусачак не заўсёды. Раней вясельны касцюм вызначаўся, як і любое іншае “мэтавае” адзенне, абрадавымі традыцыямі. Для вяселля апраналі ўсё самае лепшае, хаця ўласна касцюм не быў галоўным у вобразе маладой, у адрозненне ад цяперашніх густаў. А вось галаўному ўбору і прычосцы надавалася асаблівая роля і ўвага.
Распушчаныя валасы нявесты ўпрыгожваліся самаробным альбо куплёным вянком з зялёнай руты, барвенку ці мірту, з жывых, сухіх, альбо папяровых кветак (педантычныя людзі нават самастойна вырошчвалі расліны для вянка і букецікаў у вазонах). Да вянка ззаду прымацоўваліся рознакаляровыя стужкі ці, пазней, вэлюм, які захаваўся ў вясельным строі нявесты да сёння. Форма і матэрыял вянка не былі аднатыповымі, і розныя мястэчкі мелі свае мадэлі. Лічыцца, што майстрамі разнастайнасці і аздаблення былі палешукі і падняпроўцы, хаця і іншыя рэгіёны здзіўлялі арыгінальнасцю.
— У вёсцы Залатуха Калінкавіцкага раёна, — прыводзіць прыклад мастацтвазнаўца Юрый Піскун, — нявестам надзявалі не вянок, а завівала, якое рабілася з двух сшытых чатырохметровых трубак намітачнага палатна, шоў якіх праходзіў па макушцы, а канцы абвіваліся кругом шыі і падтыкаліся пад грудзямі. Гэтыя два кавалкі тканіны, аб’яднаныя ў адзін галаўны ўбор, сімвалізавалі два адрэзкі часу — да замужжа і пасля. Вясельная кашуля з гэтага ж месца мела не чырвоную, а белую вышыўку, хаця ў іншых рэгіёнах яна была менавіта чырвоная.У пачатку дваццатага стагоддзя на вясельны строй вяскоўцаў пачала ўплываць гарадская мода, якая прынесла вэлюм, белыя вянкі з эфектам перламутравых пацерак, зробленых з парафіну, а таксама белыя сукенкі “а-ля мадэрн”. У горадзе ж “белая” мода заваявала прыхільнасць беларусак стагоддзем раней, калі Францыя, на якую арыентаваўся ўвесь модны свет, перажывала вяртанне антычнасці. Тагачасная гарадская нявеста з доўгай белай сукенкай і высокім карсажам, вэлюмам і міртавым вянком мусіла ствараць модны вобраз антычнай багіні. Гэты вобраз з папраўкай на сучаснасць застаўся ў беларускай модзе і па сёння. 

Святлана КАСЯЧЭНКА
Фота Аляксандра КЛАДАВА 

Дэталь

Паводле казкі
 
Пры ўсім багацці выбару класічныя вясельныя сукенкі ўвогуле зводзяцца ўсяго толькі да пяці вядомых сілуэтаў: прамы, ампір (з завышанай лініяй таліі), “русалка” (аблягаючы, з пашыраным нізам ад калена), бальны (гарсэт плюс пышная спадніца) і А-сілуэт.
Aднак на іх аснове дызайнеры ажыццяўляюць кожны раз новыя і новыя ідэі. Вось і сёлета вядомая кінакампанія Walt Disney Co. сумесна з амерыканскім мадэльерам Кірсці Кэллі прадставіла цікаўнай публіцы унікальную калекцыю вясельных строяў, натхнёных дыснееўскімі вобразамі Беласнежкі, Арыель з “Русалачкі”, Бэль з “Прыгажуні і пачвары”, Жасмін з “Аладдзіна”, Папялушкі і Спячай Прыгажуні. Гэтую калекцыю, якая ўжо выклікала рэзананс, дэманструюць сярод іншых і любімыя сусветныя знакамітасці — спявачка Бейонсе Ноулз і кіназорка Скарлет Йохансен.