Падмурак для далейшых стасункаў

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

17 мая адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Сідорскага з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Італіі ў нашай краіне Джуліа Прыджоні, прымеркаваная да завяршэння місіі дыпламата ў Беларусі.

Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што ў час працы Пасла Італіі ў Беларусі прайшлі важныя сустрэчы на высокім узроўні. На іх былі дасягнуты дамоўленасці аб развіцці гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Італіі, партнёрства ў культурнай сферы.

Джуліа Прыджоні, у прыватнасці, адзначыў: "Спадзяюся, у бліжэйшы час будзе падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж Беларуссю і Італіяй, а ў Мінску адкрыецца Інстытут італьянскай культуры".

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі зазначыў, што за тэрмін сваёй працы ў нашай краіне (а гэта - 16 месяцаў) паміж дзвюма дзяржавамі рэалізавана вялікая культурная праграма, якая стане падмуркам для далейшага развіцця стасункаў.

І вось працяг тэмы беларускаітальянскіх стасункаў. Ганаровы консул нашай краіны на Сардыніі Джузэпэ Карбоні паведаміў у лісце на адрас "Культуры", што 20 мая ў Кальяры адкрылася выстаўка фатаграфій, прысвечаная Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Экспазіцыя складаецца з 24 фотаработ розных аўтараў, і прадстаўляе ва ўсёй велічы і прыгажосці Нацыянальную бібліятэку краіны знутры і звонку ў розныя моманты паўсядзённага жыцця ды святаў ва ўстанове.

Выстаўка, арганізаваная Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Італіі і Ганаровым консулам нашай краіны на Сардыніі, размясцілася ў Камунальным Цэнтры мастацтва і культуры "Гетта" дзякуючы супрацоўніцтву супольнасці "Каму", якая кіруе найважнейшымі музейнымі цэнтрамі на Сардыніі, і муніцыпалітэта Кальяры.

Вернісаж наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Італіі Яўген Шастакоў у суправаджэнні Ганаровага консула Джузэпэ Карбоні. Прадстаўнікоў нашай краіны прымаў намеснік мэра муніцыпалітэта Кальяры па пытаннях культуры, прафесар Джорджыа Пелегрыні.

 Джузэпэ Карбоні падкрэсліў, што Нацыянальную бібліятэку Беларусі штогод наведвае больш за 30 000 турыстаў. У красавіку 2010-га ўстанова гасцінна прыняла і італьянскую маладзёжную дэлегацыю, якая прыехала з Сардыніі.