Празрыстасць і ўдасканаленне

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Сяргей ЖДАНОВІЧ, прадзюсер, кампазітар, дырэктар прадзюсерскага цэнтра, аўтар і кіраўнік праекта “Гукі школ”: — Для больш плённага развіцця беларускай эстрады патрабуецца, думаю, далейшае ўдасканаленне нашага заканадаўства, рэгуляванне аўтарскіх правоў, стварэнне яшчэ больш празрыстай сістэмы гастрольнаканцэртнай дзейнасці. Апошнім часам робіцца шмат захадаў у гэтых напрамках. Бо жыццё не стаіць на месцы, яно ўвесь час дыктуе нейкія новыя ўмовы, змены, і гэта павінна адбівацца на афіцыйных дакументах, што рэгулююць эстрадную і, шырэй, творчую дзейнасць.

На сённяшні час якасць канцэртаў, выступленняў, песень не заўсёды ўплывае на колькасць атрыманых грошай. На адным полюсе - той, хто выкладаецца напоўніцу, укладае ў сваю творчасць усю душу. На другім- той, хто робіць справу абы-як. А ў грашовым вымярэнні, можа стацца, першы апынецца ў пройгрышы. Бо паставіць творчасць "на паток" або штораз шукаць новыя шляхі і пры гэтым, вядома, рызыкаваць - розныя рэчы. І ў некаторых творцаў узнікае думка: маўляў, колькі ні рабі - грошай больш не будзе, адно зайздрасці ды кпінаў ад калег дадасца. Дык навошта яно патрэбна? Буду рабіць, як усе. З падобнымі меркаваннямі, пэўна, сустракаліся многія. На шчасце, ёсць у нас папраўдзе апантаныя творчыя дзеячы ў розных сферах. На іхніх энергіі, энтузіязме ўсё і трымаецца.