Як жа нам без тэлебачання?

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Алесь БАДАК, галоўны рэдактар часопіса “Нёман”, паэт: — Для мяне галоўным арыентырам у дзяржаўным падыходзе да эстрады засталася тая форма, што існавала ў 1980-х— пачатку 1990-х гадоў. Песні адбіраліся прафесіяналамі, кожная з іх атрымлівала добра абстаўленую прэм’еру, дзе яе аўтары і выканаўцы маглі выказаць свой пункт гледжання. Песні абмяркоўваліся, выклікалі водгук музычнай грамадскасці, з іх складаўся Нацыянальны фестываль “Песню бярыце з сабой”. Канцэрты яго праводзіліся па ўсёй рэспубліцы і выходзілі ў тэлеэфіры. У межах фестывалю адбываўся і конкурс, вынікі якога падводзілі не адно слухачы, а, найперш, прафесіяналы. Сёння ж падобным адборам песень займаюцца, пераважна, FM-радыёстанцыі. Іх супрацоўнікі арыентуюцца, найперш, на густы сваіх рэкламадаўцаў, што, на жаль, часта вельмі далёкія ад сапраўднага мастацтва. На іх густы пачынаюць арыентавацца і артысты, зацікаўленыя, каб іх запісы ішлі ў эфір.

 

А ўзгадайце кампазітараў старэйшага пакалення! За кожным прозвішчам адразу ўзнікае свой асацыятыўны шэраг. Сёння ж- песні-"блізняты", кампазітары-"блізняты", выканаўцы"блізняты"... Усе арыентуюцца на шоу-бізнес, а эксперымент, без якога мастацтва памірае,- гэта рызыка. Навошта ж рызыкаваць? Лепей ствараць тое, што ўжо прайшло "апрабаванне", што прыносіць рэальныя грошы.

Ёсць і такія меркаванні: маўляў, спачатку трэба крыху зарабіць грошай, а ўжо потым можна і высокім мастацтвам заняцца. Але так не бывае! Нават калі творца або калектыў заробяць у тры разы больш, гэта не гарантыя, што ім не захочацца зарабіць у пяць, у сем разоў болей. Грошы - гэта замкнёнае кола. І выйсце не ў іх!

Дарма наракаць: маўляў, усе беды - у арыентацыі на расійскую эстраду, што, маўляў, зманьвае нашы таленты. Звярніце ўвагу: там задзейнічаны ўсе пакаленні артыстаў. А ў нас больш ці менш раскручаным застаецца хіба тое "сярэдняе пакаленне", якое добра заявіла пра сябе і пачало набіраць новыя абароты акурат у тыя ж 1980-я. Больш старэйшыя пакаленні артыстаў і малодшыя, якія з'яўляюцца цяпер, не маюць той папулярнасці. Гэта сведчыць, што складзеная тады сістэма адбору, які вёўся спецыялістамі, спрацоўвае і дасюль. Дык чаму б яе не аднавіць?

Чаму б не вярнуцца да песенных фестываляў, якія праводзяцца сумесна з тэлебачаннем? Без яго зацікаўленага ўдзелу, што не абмяжоўваецца адно "пракруткай" трансляцыі, гэта не мае ніякага сэнсу. Але які канал захоча сёння ўкладаць у такія праекты грошы? Лепей, зноў-такі, узяць апрабаваныя старыя песні і "праспяваць" іх, хто як можа. Вядома, такія праекты таксама могуць і павінны існаваць! Галоўнае - каб яны не былі адзінымі.