Таму першае, што трэба зрабіць, дбаючы пра развіццё сучаснай беларускай песні, - гэта забыцца на фармат. І ўвогуле ўжываць гэтае слова выключна да нейкіх тэхнічных, нават тэхналагічных параметраў, што тычацца самога запісу песні, а не яе зместу, не ўласна творчасці. Бо сапраўдная творчасць і фармат - дзве рэчы несумяшчальныя. Фармат мае дачыненне да рамяства, бо яго сэнс у тым, каб як мага лепей вытрымаць нейкія зададзеныя параметры, не выйсці за іх межы. Творчасць жа гэтых рамак не ведае. Так, у чымсьці мастак заўсёды абмежаваны, але гэта зусім іншае. Бо адны межы быццам вызначаюць сам кірунак далейшага руху, дазваляюць мастаку адразу рухацца ў напрамку, што вызначаны, да прыкладу, жанрам, стылем, складам выканаўцаў. Іншыя ж рамкі (і фармат акурат з іх ліку) быццам перакрываюць мастаку сам рух, вымушаючы яго бегчы на месцы.