Рэдактар, мілы мой рэдактар...

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Людміла ПАЛКОЎНІКАВА, старшы прадзюсер Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір”: — Цяперашнім песням, найперш, не хапае добрых тэкстаў. А добрыя паэты — ёсць. Ці ж не парадокс? Дый музычны ўзровень песень зніжаны, з іх сышла меладычная лінія, нас пачалі прывучаць адно да рытмічнай асновы. Менталітэт жа беларусаў — менавіта ў мелодыцы! Дый мова наша — не на рытміцы заснавана, а на мелодыцы, што ствараецца галоснымі і іх працягласцю. Выканаўца разам з прадзюсерам шукаюць, як танней. І пачынаюць самі пісаць музыку, словы: маўляў, галоўнае— добрая аранжыроўка. Вось і атрымліваецца, што палова нашай эстрады — на адзін твар. Усё— другаснае, няма “разыначак”, нават па тэмбрах спевакоў не адрозніць, хіба толькі— падзяліць на брунетаў і бландынак...

Прычына - няма мудрых, апантаных, дасведчаных рэдактараў, якія разбіраліся б у музыцы і літаратуры (як, дарэчы, і саміх музычных рэдакцый, што калісьці існавалі на радыё і тэлебачанні). Вядома, у свой час хацелася разбурыць каноны, адысці ад стэрэатыпаў. Чым далей, тым больш зразумела, што для развіцця жанру патрэбны прафесійны падыход, скіраваны на "адбор і адсеў". Як толькі ў кагосьці з творцаў, артыстаў перастануць браць песні ў эфір, тыя адразу пачнуць шукаць штосьці новае- тое, што возьмуць. Вось чаму так важна трымаць планку!

Зразумела, у FM-станцый- свае задачы, камерцыйны падыход. Але ёсць жа дзяржаўнае тэлебачанне! Таму - хай будзе многа ўсяго і рознага. Як кажуць, кожнаму - сваё. Але павінна быць і тое, што называецца "звышзадачай". Тое, што працуе не на хуткі грашовы прыбытак, а на доўгатэрміновае развіццё культуры.