У гронцы тэатральнага чарадзейства

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

З 26 мая па 1 чэрвеня ў Маскве вось ужо дзевяты раз прайшоў Тэлевізійна-тэатральны фестываль Саюзнай дзяржавы “Ажыўшая казка”. Арганізатарамі гэтага тэатральнага свята з’яўляюцца Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі разам з Федэральным агенцтвам па культуры і кінематаграфіі, Урад Масквы, Камітэт грамадскіх сувязей Урада Масквы, Камітэт па культуры Масквы, Рэгіянальны дабрачынны грамадскі фонд садзейнічання тэатру і тэлебачанню “Маскі” імя І.М. Смактуноўскага, Міжнародная Акадэмія тэатра і шэраг іншых арганізацый. Натуральна, што ўсё гэта найлепшым чынам адбілася на ўзроўні фестывалю.

 /i/content/pi/cult/118/403/Moskva1.jpg
Ён штораз мае асобную тэматычную скіраванасць. Першы — у 1995 годзе — быў прысвечаны памяці Інакенція Смактуноўскага, у 1997-ым пад дэвізам “Маладыя таленты — гораду і свету...” і “Маладосць стагоддзя” ў 2002-ім яны трымалі ў полі зроку маладых акцёраў, фестывалі “Расіі першая любоў” у 1999 і “Артыст канца ХХ стагоддзя” ў 2000 шанавалі прызнаных майстроў сцэнічнага мастацтва Беларусі і Расіі, у 2005 годзе дэвізам яго быў радок песні “Гэты дзень Перамогі...”, а летась у Мінску адбыўся “Фестываль фестываляў”, які сабраў разам на сталічнай сцэне цэлае “сузор’е” бліскучых і таленавітых акцёраў нашых дзвюх краін.
І вось ужо другі раз (першы — у 2004 годзе) Тэлевізійна-тэатральны фестываль Саюзнай дзяржавы пад назвай “Ажыўшая казка” прысвячаецца спектаклям для дзяцей і моладзі.Сёлетні фестываль традыцыйна праходзіў у некалькі этапаў. Падчас першых з іх прадстаўнічае журы, якое ўзначалілі Уладзімір Андрэеў (ад Расіі) і Аляксей Дудараў (ад Беларусі), прагледзела мноства работ беларускіх і расійскіх тэатраў. І ў апошні веснавы тыдзень на сцэне Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра імя Н.І.Сац сваё майстэрства дэманстравалі лепшыя з іх, намінаваныя на ўзнагароды фестывалю.
Адкрыла праграму лаўрэат прэміі “За стварэнне опернага твора для дзяцей” опера-казка гаспадароў фестывальнай пляцоўкі “Дванаццаць месяцаў” С.Баневіча ў пастаноўцы Аляксандра Пятрова.
Акрамя яе, узнагародамі фестывалю былі адзначаны балет
 /i/content/pi/cult/118/403/Moskva3.jpg
 Прэмію і прыз, прызначаныя Паўлу Кордзіну
за таленавітае выкананне ролі, атрымлівае мастацкі кіраўнік Гомельскага аблдрамтэатра Валянціна Рагоўская.
“Папялушка” Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя К.С. Станіслаўскага і У.І. Неміровіча-Данчанкі і мастак Валерый Левенталь “За мастацтва сцэнаграфіі ў тэатры”, спектакль “Скарбы Петэра” В.Гауфа Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра імя М.Горкага і выканаўца ролі Плытагона ў ім — Міхаіл Кабанаў, казка “Вожык у тумане” С.Казлова Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Вахтангава і рэжысёр спектакля Андрэй Шчукін, рэжысёр спектакля “Казкі на ўсялякі выпадак” Расійскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра Уладзімір Багатыроў і акцёр Аляксей Мішакоў, Алена Пурыс за ролю Пэпі ў спектаклі “Пэпі Доўгаяпанчоха” Маскоўскага драматычнага тэатра імя М.М. Ярмолавай, Вячаслаў Шалевіч — рэжысёр спектакля “Чароўная лямпа Аладдзіна” Маскоўскага драматычнага тэатра імя Р.Сіманава, акцёр Андрэй Матвееў за ролю Мангуста ў спектаклі “Сказ пра Рыкі-Цікі-Таві” Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага дзіцячага музычнага тэатра “Залюстэрачча”...
Нашу краіну на “Ажыўшай казцы” прадстаўлялі тры калектывы: Рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Гомельскі абласны драматычны тэатр і Гродзенскі абласны тэатр лялек. І без залішняй сарамлівасці хочацца сказаць, што беларускія спектаклі выклікалі ў масквічоў непадробны інтарэс. І гледачы — бацькі з дзецьмі, — выходзячы з залы пасля спектакляў, са шкадаваннем зазначалі, што, на жаль, ведаюць пра сучасны беларускі тэатр не так шмат, як хацелася б.У рэчышчы дэмаграфічнай палітыкі абедзвюх нашых дзяржаў — Беларусі і Расіі, — у фокусе якіх — стварэнне максімальна спрыяльных умоў для развіцця, сталення маладога пакалення і фарміравання яго густаў і крытэрыяў, не толькі мастацкіх, але і грамадскіх, на падмурку традыцыйных, спрадвечных каштоўнасцей, сёлетняя “Ажыўшая казка”, якая адрасавала свае спектаклі дзецям і моладзі, прайшла пад эгідай 125-годдзя з дня нараджэння Карнея Чукоўскага і 120-годдзя з дня нараджэння Самуіла Маршака. Да твора апошняга з двух гэтых класікаў дзіцячай літаратуры — казкі “Кошчын дом” звярнуўся Гродзенскі абласны тэатр лялек. Маскоўскія юныя гледачы ўбачылі гэтую добра вядомую казку ў пастаноўцы рэжысёра Алега Жугжды, а мастак Ларыса Мікіна-Прабадзяк атрымала прыз фестывалю “За мастацтва сцэнаграфіі ў тэатры”. Ды і сам калектыў тэатра, дарэчы, не першы раз адзначаецца ўзнагародамі гэтага тэатральнага форуму.Гродзенскі “Кошчын дом” вырашаны ў жанры мюзікла: героі спектакля разыгрываюць перад намі лёгкую, элегантную гісторыю пра багатую кошку, якая ў адзін момант страціла свой дом, а разам з ім — і прывілеяваны статус у сваім “жывёльным” грамадстве. Але ж акцёры не акцэнтуюць нашу ўвагу на маралі гэтай казкі— яна ўсім нам добра вядома. Па задуме рэжысёра яны ствараюць мілую, нязмушаную атмасферу, дзякуючы якой мы не столькі “крытыкуем” недасканалую прадстаўніцу жывёльнага свету, колькі... шкадуем яе, няшчасную, за тое, што яна не ведае такую простую і відавочную ісціну — нельга маліцца ў жыцці на адно сваё багацце.
Элегантныя акцёры ў стыльных бялюткіх строях выгадна адцяняюць яркі, стракаты свет казачных герояў: кошкі з катом-вартаўніком, іх гасцей з жывёльнага двара і нават маленькіх сіротак-кацянят — лялькі вылучаюцца падкрэсленай выразнасцю. Нездарма пасля спектакля маленькія гледачы аніяк не адпускалі сваіх улюбёнцаў, фатаграфаваліся з лялечнымі героямі спектакля, гладзілі іх, цалавалі і — спрабавалі самі “ажывіць” іх.
 /i/content/pi/cult/118/403/Moskva0.jpg
Удзельнікі спектакля "Па шчупаковым загадзе"
Гомельскага абласнога драмтэатра.
Яшчэ адным яркім спектаклем, мажліва, нават фаварытам усяго сёлетняга фестывалю стала казка “Па шчупаковым загадзе” Гомельскага абласнога драматычнага тэатра ў пастаноўцы рэжысёра Сяргея Кавальчыка. Знакамітая руская народная казка, якая, здавалася б, вядома кожнаму дзіцяці, тым больш расійскаму, выклікала ў маленькіх гледачоў проста-такі буру захаплення.
І сакрэт гэтага поспеху крыецца, бадай што, у знарочыстай “мультыплікацыйнасці” спектакля. Увесь казачны свет цудаў “ад шчупака” дзеці маглі ўбачыць на ўласныя вочы: рыбіна, вылаўленая Ямелем з палонкі, размаўляла, свяціла вачамі, матляла хвастом і ўчыняла яшчэ шмат цікавых рэчаў, вёдры насамрэч рухаліся самі, булава мясіла нядбайнага Ваяводу, печ ездзіла на царскі двор і назад, а ў канцы спектакля разам з акцёрамі нават выйшла да гледачоў на паклон! Увесь гэты казачны прадметны свет, яскрава і педантычна ўвасоблены ў спектаклі, літаральна “падкупіў” маленькіх гледачоў (ды і не толькі іх — бацькі таксама з азартам абмяркоўвалі, як жа працуюць усе гэтыя “цуды”). І размаляваныя заднікі, сняжок, сумёты на сцэне стварылі надзвычайны казачны каларыт, такі любімы намі па малюнках у дзіцячых кнігах і старых савецкіх мультфільмах.
“За таленавітае выкананне мужчынскай ролі” ў гомельскім спектаклі быў намінаваны акцёр тэатра Павел Кордзік (Ямеля). За тыя пяць гадоў, што гэты малады акцёр працуе ў тэатры, ён сыграў больш за 20 роляў. Ямеля ж ягоны спалучае і рысы традыцыйнага фальклорнага “малодшага сына-дурня”, які аказаўся хлопцам-зухам і ўсіх перахітрыў, і моднай сёння ў маладзёжных колах публічнай рэп-зоркі, што з лёгкасцю “заводзіць” залу сваімі рыфмаванымі “ідэямі”.
 /i/content/pi/cult/118/403/Moskva4.jpg
 Прэмію атрымлівае акцёр Купалаўскага тэатра
Аляксандр Малчанаў.

Дарэчы, яшчэ адным маладым беларускім акцёрам, адзначаным падчас фестывалю, стаў Аляксандр Малчанаў — членаў журы ўразіла яго выкананне ролі Сымона ў знакамітым спектаклі Купалаўскага тэатра “Сымон-музыка” паводле Я.Коласа.Надзвычай неадназначную рэакцыю выклікаў спектакль“Пацалунак ночы”, паказаны ў рамках фестывалю Рэспубліканскім тэатрам юнага гледача. На фоне “агульнавядомых” казак мінскі калектыў прапанаваў фестывальнай публіцы сучасны беларускі драматургічны матэрыял — п’есу Сяргея Кавалёва, у якой аўтар звяртаецца да такой знакавай для нашай краіны тэмы, як Чарнобыльская катастрофа. І задача, якую ставіла перад сабой лаўрэат фестывалю ў намінацыі “За рэжысёрскае майстэрства ў тэатры” Наталля Башава, — павесці з “разумнымі і дарослымі дзецьмі” гаворку пра жыццё і смерць, пра вернасць і адданасць, пра самаахвярнасць і шэраг іншых паняццяў, якія з’яўляюцца ў нашым жыцці асноватворнымі, — вымагала ад тэатра пошуку незвычайных, нешараговых шляхоў для яе рэалізацыі. Маленькі хлопчык, хворы на анкалогію, якога, дарэчы, іграе мінскі школьнік Міця Сямёнаў, выпраўляецца ў складанае і небяспечнае падарожжа з адзінай мэтай — выратаваць ад пакарання сваю маці, што пераступіла законы “далёкай краіны” дзеля яго выратавання. На сваім шляху ён сутыкаецца з самымі рознымі персанажамі,але галоўнае — ён спасцігае “сакрэты” глабальнай экалагічнай катастрофы і яе наступствы, асэнсоўваючы ўсю небяспечнасць парушэння спрадвечных законаў прыроды. Канешне ж, “Пацалунак ночы” мае станоўчую развязку — хлопчыку пасля аперацыі становіцца лепей. Але рэжысёр не дае нам “палёгкі” і не здымае адказнасці за тое, як жа наша жыццё будзе ісці далей, вымушаючы нас прыняць на сябе адказнасць за яго, за тое, кім мы станем у будучым, у якім свеце будзем жыць.
Аглядаючы фестывальную афішу, у якую, на жаль, увайшлі далёка не ўсе тэатры-лаўрэаты сёлетняй “Ажыўшай казкі”, заўважаеш і тое, што так званая “маладзёжная палітыка” сёння выяўляецца не толькі ў выглядзе адрасавання юным гледачам годных узораў сучаснага тэатральнага мастацтва, але і ў мэтанакіраванай працы з тэатральнай моладдзю. Менавіта таму шэраг узнагарод атрымалі работы, скіраваныя на развіццё талентаў юнакоў і дзяўчат — будучых акцёраў: “За стварэнне опернага твора для дзяцей” і “За мастацтва сцэнаграфіі ў тэатры” за оперу “Дзідона і Эней” Г.Персела — Тэатр оперы і балета Каледжа музычна-тэатральнага мастацтва пад кіраўніцтвам А.Трацэўскай, дзе ў ролях заняты маладыя спевакі-навучэнцы; рэжысёр і педагог Тэатральнага інстытута імя Б.Шчукіна Мікалай Шэйко — за дыпломны спектакль “Зялёная птушачка” К.Гоццы, а таксама занятыя ў ім выпускнікі Руфат Акчурын і Паліна Райкіна, і, нарэшце, спектакль “К’ёджаўскія перабрэхі” К.Гальдоні акцёрскага факультэта Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва (ГИТИС) у пастаноўцы Уладзіміра Андрэева.
На жаль, пры ўсім тым высокім узроўні творчага і выканальніцкага майстэрства, які дэманстравалі калектывы-ўдзельнікі фестывалю “Ажыўшая казка”, часам здавалася, што патрэбны ён... адно толькі яго ўдзельнікам. На некаторых спектаклях фестывальнай праграмы гледачоў у тысячнай зале тэатра імя Н.Сац не набіралася і паўсотні. Хоць тыя, каму “пашчасціла” трапіць на фестывальныя паказы, ці не адзінагалосна шкадавалі, што не ведалі, наколькі гэта цікавая акцыя і не паклікалі з сабою сваіх сяброў і знаёмых. А колькі радасці было ў вачах выхаванцаў дзіцячых дамоў, якія былі на некаторых спектаклях! На жаль, поўная адсутнасць рэкламы па-за межамі тэатра імя Н.Сац прывяла да таго, што фестываль “патануў” у культурна-інфармацыйнай прасторы расійскай сталіцы. А шкада, бо ідэя яго, тая самаадданасць, з якой працавалі на сцэне акцёры беларускіх і расійскіх тэатраў, і тая ўдзячнасць,з якой віталі іх нешматлікія гледачы ў зале, вартыя самай пільнай увагі, бо акурат такая душэўная еднасць і здольная стаць найлепшым выхавацелем для нашага маладога пакалення.

Таццяна КОМАНАВА,
Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Масква — Мінск