Пра “дарослых дзяцей”

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Акцёры і рэжысёры дзесяці школьных тэатраў з Віцебска сабраліся ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Тут прайшлі традыцыйныя школьныя сцэнічныя чытанні.

 

У гэтым годзе "Школьны тэатр" праходзіў чатырнаццаты раз. На Малой сцэне тэатра прафесійнае журы з мастацтвазнаўцаў, акцёраў, журналістаў, прадстаўнікоў аддзела адукацыі, якое ўзначаліў мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Рыд Таліпаў, прагледзела дзесяць конкурсных і дзве пазаконкурсныя работы. Згодна з Палажэннем, трапіць на конкурс могуць толькі спектаклі паводле п'ес беларускіх драматургаў, але шанц паказацца журы і гледачам маюць і лепшыя калектывы, што працуюць з замежнымі аўтарамі.

На "Школьным тэатры-14" былі прадстаўлены інсцэніроўкі твораў, п'есы і ўрыўкі з п'ес Д.Балыка, У.Бутрамеева, А.Дыбчы, К.Губарэвіча, С.Кавалёва, У.Караткевіча, А.Паповай, Л.Родзевіча і пастаноўкі маладых аўтараў. Асобным блокам з трох спектакляў была "агучана" тэма 65-годдзя Вялікай Перамогі. Маладзёжныя праблемы ўзнімаліся ў спектаклях "Белы анёл з чорнымі крыламі" Д.Балыка ў аўтарскай рабоце "Лялечны тэатр" Вікторыі Сурковай. Беларуская класіка пераасэнсоўвалася ў інсцэніроўцы апавядання У.Караткевіча "Паляшук".

Гран-пры Чытанняў журы аднагалосна прысудзіла спектаклю "Пясчаны замак" па п'есе С.Кавалёва, якую прадставіла на конкурс узорная тэатральная студыя "Дарослыя дзеці" гімназіі № 8 (кіраўнік і рэжысёр- А.Раманава). "Дарослыя дзеці" паказалі спектакль, што можна аналізаваць, разважаць пра яго ансамблевасць, сцэнаграфію, праз якую нечакана раскрываецца тэма імгненнасці і нетрываласці ўсяго, што зроблена чалавекам. Нагадаем, п'есу "Пясчаны замак" наша газета друкавала ў "Куфры-радцы".

Ці варта ж будаваць пясчаныя замкі? Школьны тэатр, па сутнасці, - пясчаны замак. Пастаноўка, што ствараюць цягам некалькіх месяцаў, паказваецца максімум тры разы, акцёрскія склады штогод змяняюцца, і рэжысёры, якія толькі-толькі нечага дамагліся, вымушаны пачынаць усё наноў. Але тое, што Чытанні праводзяцца чатырнаццаты раз, сведчыць, што гэтыя замкіспектаклі- патрэбныя.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ Віцебск