Сола на саксафоне

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Штогодовыя справаздачныя канцэрты ўсіх мастацкіх кафедраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў ужо сталі звыклымі. Але сёлета кіраўніцтва навучальнай установы ўпершыню вырашыла сумясціць гэтую традыцыю з шанаваннем удзельнікаў Вялікай Айчыннай: менавіта яны сталі самымі ўважлівымі і прыдзірлівымі “крытыкамі”. Канцэрт, прысвечаны 65годдзю Вялікай Перамогі, невыпадкова быў зладжаны ў Доме культуры ветэранаў.

 /i/content/pi/cult/263/4018/8-4.jpg

У выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў і фестываляў, канцэртнага аркестра духавых і ўдарных інструментаўСветачпад кіраўніцтвам М.Жарко гучалі цікавыя, разнастайныя, складаныя творы, якія сведчылі: за апошнія гады гэты калектыў дасягнуў высокага прафесійнага майстэрства. Дырыжор імкнуўся як мага ярчэй раскрыць тэмбравыя фарбы, пашырыць дынамічныя, выразныя і тэхнічныя бакі інструментаў. Асабліва запомнілася музычная кампазіцыя “Песні нашай Перамогі” (у апрацоўцы і пад кіраўніцтвам С.Горына).

Брас-квінтэт пад кіраўніцтвам С.Сітнікавай прадэманстраваў шматтэмбравае спалучэнне інструментаў джазавай групы. Арыгінальна і нязвыкла гучалі трамбон І.Станкевіча (клас С.Працэнкі), саксафон лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі А.Гайкевіча (клас Я.Шыманца). Вылучыўся і ансамбль ударных інструментаў пад кіраўніцтвам А.Сапегі, які выканаў яго аўтарскі твор “Слава героям”. Такі творчы падыход выкладчыкаў (стварэнне імі пералажэнняў, апрацовак і нават арыгінальных твораў) дапамагае пашырыць рэпертуар.

Аркестравыя духавыя інструменты змяніліся народнымі: сваю праграму прадставіла лаўрэат міжнародных, рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў Капэла беларускіх народных духавых інструментаў Гуды”. Калектыў з гонарам носіць імя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Грома, які з’яўляўся ініцыятарам стварэння ва універсітэце не толькі Капэлы, але і ўсяго аддзялення народных духавых інструментаў. Капэлай кіруе кампазітар, дацэнт І.Мангушаў, які падрыхтаваў да канцэрта сваю чатырохчасткавую музычную замалёўку “А ў нашым сяле вяселле…”. Папраўдзе бісернай тэхнікай уразілі выканаўцы на дудках А.Барыгін, К.Дранаян-Барбоўскай (клас знакамітага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча, дацэнта А.Крамко). Уласны ж твор А.Крамко “Ох, без дудкі, без дуды — ходзяць ногі не туды” выканала лепшая студэнтка 4 курса, лаўрэат міжнародных конкурсаў Я.Гараніна (клас І.Мангушава), якая грала на дудцы, жалейцы, акарыне.

Генадзь МІШУРОЎ, доктар мастацтвазнаўства, прафесар БДУКіМ

На здымку: ветэраны ў атачэнні маладых талентаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА