Балада пра рух Шматгалоссе і перазовы “Харошак”

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Рэчаіснасць пераконвае: аднаразовыя акцыі, якімі яркімі яны ні былі б, даволі часта губляюцца ў разнастайнай плыні музычных уражанняў. Год таму аркестр Беларускага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” прэзентаваў у Белдзяржфілармоніі сваю першую манаграфічную праграму. Яна мела назву “Прадчуванне кахання”. Праграма моцна здзівіла — і аматараў, і прафесіяналаў. Чаму?

/i/content/pi/cult/263/4016/8-2.jpg/i/content/pi/cult/263/4016/8-3.jpg

 

"Харошкі", стваральнікам і нязменным кіраўніком якіх з'яўляецца славутая Валянціна Гаявая, заўсёды пазіцыянаваўся як самабытны харэаграфічны калектыў. Невялікая інструментальная група, якую меў ансамбль, выконвала сольныя нумары, але яе прызначэнне было прыкладное.

Тры гады таму кампазітар Марына Марозава зрабілася музычным кіраўніком аркестра. Дзякуючы яе прапанове склад яго пашырыўся, фактычна да камернага. Шырокі розгалас, які меў дэбютны канцэрт аркестра, прымусіў і Марозаву, і музыкантаў задумацца наконт працягу. Менавіта так нарадзіўся праект "Дотык", які быў паказаны сёлета ў красавіку ў межах Міжнароднага фестывалю "Мінская вясна". Такім чынам аркестр прадоўжыў цыкл сваіх камерных вечарын.

Праграма "Дотык" рыхтавалася цягам апошняга паўгоддзя. Найперш кампазітар зрабіла для яе шмат новых аркест р о вак. Гэта датычыць і нумароў, якія гучаць у канцэртах "Харошак", і аўтарскай музыкі. А ўслед за стварэннем новых партытур прыйшоў час напружанай рэпетыцыйнай працы аркестра. І калектыў, і ягоныя асобныя салісты прадэманстравалі чуйнае ансамблевае гучанне.

Супадзенне творчых інтарэсаў "Харошак", аркестра і М.Марозавай - невыпадковае. Марына паспяхова працуе ў розных жанрах, пра што сведчыць яе супрацоўніцтва з многімі калектывамі. Але найбольш відавочныя яе поспехі - у галіне раманса, а таксама інструментальнай мініяцюры.

Ды і інструментальныя нумары, музыка для струннага квартэта, што прагучалі на канцэрце, пераканалі: і тут М.Марозава - бясспрэчны майстар, які ўмее "падаць" прыгажосць гучання асобнага інструмента, адметнасць тэмбральных фарбаў. Пяшчотна і загадкава прагучалі ў выкананні аркестра п'есы "Вечар у замку"; як пераасэнсаванне рытмаў і гармоній С.Пракоф'ева ўспрымалася віртуознае сачыненне "У руху". Таямнічая "Меланхолія" прымусіла шкадаваць, што твор невядомы беларускім кінематаграфістам, інакш мог бы ўспрымацца як выразная лейттэма кінафільма.

Музыка праграмы "Дотык", з аднаго боку, вельмі жаноцкая, прыгожая і вытанчаная, давала слухачу дзівосную магчымасць паглыбіцца ў надзвычай гарманічную гукавую прастору. І разам з тым, у аркестроўках, ва ўменні з'яднаць у партытуры галасы розных інструментаў, пачуць іх шматгалоссе і перазовы, адчуваецца ўпэўненая, цвёрдая і, так бы мовіць, мужчынская рука. Кампазітару цікава эксперыментаваць з тэмбрам розных інструментаў, супастаўляць іх, выплятаючы нечаканыя ўзоры.

Праект відавочна меў некалькі сэнсавых частак. Найперш - музыка, наноў аркестраваная кампазітарам для "Полацкага сшытка" і танцавальных праграм "Харошак". А таксама - аўтарскія інструментальныя кампазіцыі і мініяцюры (сярод іх своеасаблівай эмацыйнай кульмінацыяй успрымаўся "Жытнёвы раманс"). У вакальнай музыцы таксама прысутнічалі розныя накірункі: творы баладнага гучання ("Князёўна", "Балада пра стралу"), акадэмічны раманс, а яшчэ- фальклорная плынь, якую ўвасаблялі вакалісты саміх "Харошак" (тут асабліва цікавымі падаліся Н.Бранцлоўская ў пяшчотна-ласкавай калыханцы "Ходзіць сон..." і В.Бычкоўская ў прачулай акапэльнай песні "Гарэла сэрцайка"). І кожны раз музыка пакідала адчуванне свежасці і навізны, дзе адсутнічаюць меладыйныя і гарманічныя штампы.

Сінтэз розных жанраў і накірункаў - прыкмета сучаснай музыкі. Таму, бясспрэчна, упрыгожылі праграму артыстычнае майстэрства і моцны вакал салістаў нашай оперы Таццяны Траццяк і Уладзіміра Громава. Яны не ўпершыню супрацоўнічаюць з М.Марозавай і аркестрам "Харошак".

Спадзяюся, рэзананс, які ўжо займеў новы праект аркестра "Харошак", падштурхне і кампазітара, і калектыў развіваць традыцыю, што нараджаецца на нашых вачах. Як кажуць у такіх выпадках, слухач патрабуе працягу...

Таццяна МІХАЙЛАВА Фота Андрэя СПРЫНЧАНА і Ігара КУЗНЯЦОВА

* * *

9 мая ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі Дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі" прадставіў святочную вечарыну. Яна складалася з "ваенных" нумароў іх апошняй праграмы "Беларусы", а таксама лепшых кампазіцый мінулых гадоў. Дадзеным выступленнем знакаміты калектыў не толькі павіншаваў ветэранаў са святам, але і прадоўжыў Грамадска-культурную акцыю "Беларусь - гэта мы!"

- Я ўжо неаднойчы падкрэслівала, - распавядае Валянціна Іванаўна Гаявая, - што акцыя "Беларусь - гэта мы!" папраўдзе наша, родная. Бо практычна ўсё, што мы ставім і паказваем, - пра нас, беларусаў, і ўсіх, хто жыве ў нашай краіне, а таксама тых, для каго яна стала другой радзімай. Н.Б.